BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

БДІПЧ АБСЭ можа дапамагчы ўладам Беларусі

23.01.2009
БДІПЧ АБСЭ можа дапамагчы ўладам Беларусі

Беларусь з двухдзённым візытам наведаў дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Янэз Ленарчыч.

Пра гатoўнасьць пачаць “прадметны дыялёг” зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў беларускім Міністэрстве замежных спраў заявілі яшчэ летась у сьнежні й накіравалі афіцыйнае запрашэньне кіраўніцтву Бюро наведаць Менск.

 

 

Нагадаем, міжнародныя назіральнікі БДІПЧ прызналі, што парлямэнцкія выбары ў Беларусі, якія адбыліся ў верасьні мінулага году, “нягледзячы на нязначныя паляпшэньні, не адпавядалі стандартам АБСЭ”.

 

 

Паводле прэс-службы Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, Янэз Ленарчыч абмяркоўвае ў Менску рэформу беларускай выбарчай сыстэмы. Ад уладаў Беларусі чакаюць далейшых крокаў па рэкамэндацыях, якія выкладзеныя ў выніковай справаздачы БДІПЧ аб назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.

 

 

 22 студзеня  Янэз Ленарчыч правёў перамовы з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем. Распавядаючы пра гэту сустрэчу, Я.Ленарчыч адзначыў, што спадар Макей заявіў “пра палітычную волю і гатоўнасьць ураду Беларусі да правядзеньня выбарчай рэформы. Але гэты працэс будзе ня хуткім, а паступовым”, сказаў прадстаўнік АБСЭ .

 

 

У чацьвер дэлегацыя АБСЭ сустрэлася са старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай, сакратаром ЦВК Мікалаем Лазавіком. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якую вінавацяць у парушэньні дэмакратычных стандартаў правядзеньня выбараў, застаецца неўязной у краіны Эўразьвязу. У перамовах зь беларускага боку ўдзельнічалі таксама сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Аляксандар Сычоў і прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Алег Анісімаў.

 

 

З боку Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, акрамя Янэза Ленарчыча, у перамовах удзельнічалі кіраўнік менскага офісу АБСЭ Ганс-Ёган Шміт і кіраўнік місіяў назіральнікаў БДІПЧ на апошніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах Герт Арэнс.

 

 

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік выказаў меркаваньне, што гэтая сустрэча ёсьць пачаткам больш актыўнага дыялёгу паміж ЦВК і Бюро: “Абодва бакі выказалі гатоўнасьць да дыялёгу па ўдасканаленьні падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў. А таксама, пры неабходнасьці, і ўдасканаленьні выбарчага заканадаўства. Спадар Ленарчыч заявіў, што галоўная мэта БДІПЧ АБСЭ —аказваць дапамогу ва ўдасканаленьні выбарчай сыстэмы, выбарчага заканадаўства. Таму на падставе назіраньня за выбарамі місія БДІПЧ АБСЭ выказвае нейкія прапановы.. Але прапановы БДІПЧ маюць рэкамэндальны характар, што рабіць з гэтымі прапановамі, натуральна, вырашае краіна, якая праводзіць выбары. Дырэктар БДІПЧ сказаў, што цэніць гатоўнасьць да дыялёгу з боку Беларусі. Таксама ён выказаў разуменьне, што ня ўсе прапановы БДІПЧ АБСЭ будуць поўнасьцю прынятыя беларускім бокам”.

 

 

На сустрэчы ў Цэнтарвыбаркаме дырэктар БДІПЧ Янэз Ленарчыч зьвярнуўся з просьбай вызначыць кантактную асобу зь беларускага боку, зь якой можна было б абмяркоўваць бягучыя апэратыўныя пытаньні. Такой асобай стане намесьнік старшыні ЦВК, дырэктар Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў Валеры Міцкевіч. Каардынацыяй сувязі з боку БДІПЧ АБСЭ будзе займацца яе экспэрт Матс Ліндбэрг.

 

 

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў стане асноўным рабочым органам, які будзе канцэнтраваць усе прапановы.

 

 

23 студзеня дэлегацыя БДІПЧ АБСЭ сустрэлася зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыі.

 

 

Беларускае выбарчае заканадаўства экспэрты АБСЭ ў Беларусі маюць намер абмеркаваць у сярэдзіне лютага, паведаміў дырэктар БДІПЧ журналістам. Спадар Ленарчыч адзначыў, што важным момантам зьяўляецца ўдзел у працэсе абмеркаваньня прадстаўнікоў усіх палітычных партыяў і грамадзянскай супольнасьці: “Важна, каб гэтыя зьмены ў выбарчым заканадаўстве былі падтрыманыя ўсім грамадзтвам”. БДІПЧ АБСЭ можа дапамагчы ўладам Беларусі зьмяніць заканадаўства і рэалізаваць правапрымяняльную практыку: “Каб у гэтым Беларусь адпавядала абавязкам АБСЭ”.

 

 

Людміла Корсак, [email protected]

 

Фота - Юліі Дарашкевіч

 

Видео