BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Літва – адвакат Беларусі ў дачыненьні з Эўразьвязам

22.01.2009
Літва – адвакат Беларусі ў дачыненьні з Эўразьвязам

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Эдмінас Багдонас яшчэ на самай першай прэсавай канфэрэнцыі 14 лютага 2007 года, толькі прыбыўшы ў Менск, заявіў, што яго краіна хоча першай пачуць ад Беларусі пра намер рухацца ў бок Эўропы: “Як сябар Эўразьвязу, мы падтрымліваем яго палітыку і цяпер чакаем канкрэтных прапановаў ад Беларусі. І калі такія прапановы зьявяцца, мы хочам пачуць іх першымі і быць у Эўропе вашымі першымі адвакатамі”. Фота адсюль

Э.Багдонас: “Мая мара – каб Беларусь была пазнавальная і паважаная ў Эўропе”

 

З таго часу прайшло амаль два гады. Як Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас ацэньвае вынікі мінулага году, якія бачыць пэрспэктывы?

 

Без аптымізму нельга жыць, гэта адназначна. Самае галоўнае – гэта не сам дыялёг, не наладжваньне стасункаў. Мне асабіста хочацца, каб Беларусь была ў Эўропе, каб Эўропы было больш у Беларусі. Гэта адзіная і самая галоўная мэта. Сёньня дыялёг распачаўся, і, магчыма, ён дапаможа дасягнуць менавіта гэтай мэты. На савецкім мінулым ня могуць быць пабудаваныя адносіны.

Часьцяком самі беларусы кажуць: ня трэба нікому даказваць, што Беларусь – гэта Эўропа. Маё жаданьне, мая мара – каб гэтай Эўропы ў шырокім сэнсе слова было як мага больш у Беларусі. І тая самая Беларусь была пазнавальная і паважаная ў Эўропе. У вас ўсё для гэтага ёсьць. І зараз мы робім крокі для гэтага.

 

Зараз у Літве абраны новы парлямэнт, новы ўрад. У іх, натуральна, шмат сваіх праблем. Да таго ж, крызыс. Ці можа нешта зьмяніцца ў адносінах да Беларусі? Такое шэфства, прасоўваньне Беларусі ў Эўропу?

 

– Мы ўвесь час падкрэсьліваем, што ў нас чыстае, адкрытае, шчырае жаданьне ня быць у баку, дапамагчы нашай суседцы, брацкаму народу быць бліжэй да Эўропы. І наша новая ўлада працягвае рабіць гэтыя крокі. 29 сьнежня ў Беларусь прыяжджаў новы міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас, мы сустракаліся з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, кіраўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімерам Макеем. Абмяркоўвалася шмат пытаньняў і двухбаковых адносінаў, і эканамічных праблем, энэргетычнай бясьпекі, і тая ж самая эўрапейская праграма, ініцыятыва Эўразьвязу “Усходняе партнэрства”. Мы за незалежную, сувэрэнную, квітнеючую, дэмакратычную Беларусь. Вось гэта чатыры вельмі важныя складнікі, і мы дапамагаем. І беларускія ўлады нам удзячныя за тое, што мы робім. І наперадзе, у новым годзе, у нас вельмі шмат супольнай працы.

 

Візыт новага міністра замежных спраў Літвы ў Беларусь – добры знак

 

Пры канцы 2008 года Беларусь наведаў новапрызначаны міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас, які зьмяніў на гэтай пасадзе вялікага сябра Беларусі (былога амбасадара Літвы ў Беларусі) Пятраса Вайцякунаса. На сустрэчы са сваім літоўскім калегам кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў сказаў: “Беларусь і Літву зьвязваюць добрасуседзкія адносіны, нават нягледзячы на тое, што краіны, магчыма, арыентуюцца на розныя маякі. Але парадак дня такі, што ў нас ёсьць пытаньні, якія мы можам вырашыць толькі сумеснымі намаганьнямі".

 

У сваю чаргу, В.Ушацкас зазначыў, што Літва зацікаўленая ў разьвіцьці палітычных, эканамічных і культурных адносінаў з Беларусьсю. "Я сюды прыехаў для таго, каб мы гаварылі і стваралі агульную будучыню аб'яднанай Эўропы", – сказаў літоўскі міністар. Ён таксама падкрэсьліў, што яму будзе цікава абмеркаваць з Сяргеем Мартынавым ініцыятыву Эўразьвязу "Усходняе партнэрства". Спадар Ушацкас адзначыў, што Літва “вітае крокі, якія робіць беларускі ўрад для таго, каб Беларусь была сябрам гэтай ініцыятывы ў будучым”. Спадар Ушацкас запрасіў міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава наведаць Літву ў 2009 годзе.

 

Парлямэнтары літоўскага Сэйму думаюць пра Беларусь

 

У літоўскім Сэйме, які летась склаў свае паўнамоцтвы, было дзьве групы па сувязях зь Беларусьсю. Адну ачольваў этнічны беларус Вацлаў Станкевіч, другую – сустаршыня партыі “Саюз Айчыны” Раса Юкнявічэне. Спадарыня Юкнявічэне зноў абраная дэпутатам Сэйму. Яна лічыць, што стасункі зь Беларусьсю павінны зьмяняцца ў лепшы бок: “Наша партыя “Саюз Айчыны” вельмі зацікаўленая, каб зь Беларусьсю былі адносіны эўрапейскія, нармальныя. Канечне, гэта залежыць ня толькі ад нас, але і ад беларускага рэжыму. Калі будзе больш крокаў насустрач Эўропе, мы будзем гэта толькі вітаць, мы гатовы быць, так бы мовіць, адвакатамі беларускай справы ў Эўропе”.

 

Літва адкрытая для беларускай грамадзянскай супольнасьці

 

Менавіта ў Літве, найбліжэйшай да Беларусі, так бы мовіць, нэўтральнай тэрыторыі, праходзіць шмат міжнародных канфэрэнцыяў, адукацыйных сэмінараў, культурніцкіх мерапрыемстваў, сустрэч для прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасьці, апазыцыі, творчай інтэлігенцыі,  моладзі. Да прыкладу, 22 – 24 ліпеня ў  Вільні адбылася прадстаўнічая міжнародная канфэрэнцыя “Грамадзянская супольнасьць і СМІ ў Беларусі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў”. Канфэрэнцыю арганізавала група Сэйму Літвы “За дэмакратычную Беларусь” пры падтрымцы Рады Эўропы.

 

Для многіх карысных і цікавых мерапрыемстваў гасьцінна адчыняе дзьверы Беларусі Дом правоў чалавека ў Вільні. У Літве знайшоў прыстанішча Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які вымушаны працаваць у выгнаньні. У Літве зарэгістраваныя некаторыя беларускія грамадзкія арганізацыі і інстытуцыі, да прыкладу, “Праваабарончы альянс” (старшыня Людміла Гразнова), Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (кіраўнік прафэсар сацыялёгіі Алег Манаеў). 

 

Народная дыпляматыя

 

Нягледзячы на адносна высокі кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў (60 эўра), вельмі інтэнсіўна разьвіваецца турызм. Беларусы даўно аблюбавалі Балтыйскае ўзьбярэжжа і любяць адпачываць ў Паланзе. Туры выходнага дня ў Вільню таксама вельмі папулярныя. Колькасьць турыстаў зь Беларусі ў Літву, да прыкладу, за 2007 год павялічылася на 51,3% ў параўнаньні з папярэднім годам. Поўнай статыстыкі за 2008 год пакуль няма, але, паводле Дзяржаўнай памежнай службы Літвы, з 1 студзеня па 31 кастрычніка 2008 года ў Літву прыяжджалі амаль 500 тысяч беларусаў.

 

Беларусь і Літва бліжэйшым часам плянуюць падпісаць пагадненьне аб узаемным малым памежным руху, паведаміў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Ігар Рачкоўскі. Дакумэнт будзе садзейнічаць пашырэньню перш за ўсё турыстычных паслуг, прыдарожнага сэрвісу і паспрыяе разьвіцьцю так званай народнай дыпляматыі. Мяркуецца, што ў зону малога памежнага руху на “глыбіню” ня больш за 50 кілямэтраў, у Беларусь могуць уяжджаць каля 800 тысяч грамадзянаў Літвы без віз на падставе дазволу. А прыкладна 600 тысяч беларусаў змогуць наведваць родных на літоўскай тэрыторыі.

 

Людміла Корсак

[email protected]

 

 

Видео