BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь – Захад: глябальнае пацяпленьне?

16.01.2009
Беларусь – Захад: глябальнае пацяпленьне?

7 сакавіка ў Брусэлі было падпісана пагадненьне аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі. Хаця пытаньне аб яго адкрыцьці ў Беларусі  цягнулася зь лета 2005-га. Вырашэньне праблемы тармазілі беларускія ўлады. На пачатку красавіка ў беларускую сталіцу прыбыў часовы павераны ў справах Эўразьвязу ў Беларусі Жан-Эрык-Хольцапфэль. Але “Закон аб ратыфікацыі пагадненьня паміж Беларусьсю і Эўракамісіяй аб заснаваньні, прывілеях і імунітэтах прадстаўніцтва Камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў у Рэспубліцы Беларусь”  Аляксандар Лукашэнка падпісаў толькі 7 студзеня 2009 года.

Значны прагрэс ў адносінах з Эўразьвязам пачаўся пасьля таго, як былі вызваленыя палітычныя вязьні. 16 жніўня быў вызвалены экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін – ён быў памілаваны указам Лукашэнкі. Вызваленьню палітзьняволенага нумар 1 папярэднічаў візыт амбасадара Нямеччыны Гэрхарда Вайса ў Адміністрацыю прэзыдэнта.У жніўні на волю выйшлі таксама прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч і моладзевы актывіст Андрэй Кім. На Захадзе гэтыя крокі беларускіх ўладаў цёпла віталі.

Наступным тэстам для беларускага кіраўніцтва павінны былі стаць парлямэнцкія выбары. Аляксандар Лукашэнка абяцаў іх правесьці максымальна сумленна і празрыста, і паказаць і Захаду, і Расеі, як яны наагул павінны адбывацца. Але ў парлямэнце не аказалася ніводнага прадстаўніка апазыцыі. Прычым выбары прайшлі ў адзін тур ва ўсіх 110 выбарчых акругах краіны адначасова. У сваёй справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ прызнала выбары не адпаведным міжнародным стандартам.

Санкцыі прыпыненыя. Пакуль часова

7 кастрычніка Менск наведаў прадстаўнік АБСЭ міністар замежных справаў Фінляндыі Аляксандар Струб. А Вярхоўны прадстаўнік Рады Эўразьвязу Хаўер Саляна сам патэлефанаваў міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву і запрасіў яго прыняць удзел у паседжаньні міністраў замежных справаў краінаў Эўразьвязу. 13 кастрычніка у Люксэмбургу было прынятае рашэньне аб прыпыненьні дзеяньня візавых санкцыяў ў дачыненьні 35 беларускіх высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі. Тэрмінам на паўгода. Такім чынам, Эўразьвяз даў Беларусі выпрабавальны тэрмін да красавіка 2009 года.

Калі краіна яго пройдзе, то можа стаць паўнавартасным удзельнікам Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, а таксама праграмы Ўсходняга партнэрства. Удзел Беларусі ў гэтай праграме, заяўляюць у Эўракамісіі, будзе залежыць ад агульнага разьвіцьця яе стасункаў з ЭЗ. Бачныя перавагі Ўсходняга партнэрства – стварэньне агульнай з Эўразьвязам эканамічнай зоны і пэрспэктыва адмены візавага рэжыму.

“Дыялёг набывае ўсё больш прагматычны і ўзаемавыгадны характар”

Дэпутат Эўрапарлямэнту, сябра міжнароднага камітэту, чалец падкамітэту па супрацоўніцтву з Расеяй і Беларусьсю Юстас Палецкіс высока ацаніў пацяпленьне стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю: “Тое, што было да мінулага году – гэта тупік. Тупік некарысны, у першую чаргу, для Беларусі. Ну і для Эўразьвязу таксама. Ёсьць пэўнае пацяпленьне стасункаў  - і патрэбныя крокі з абодвух бакоў насустрач адзін другому. І галоўнае – ня толькі палітыка, але і кантакты паміж людзьмі”.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў даў такую ацэнку: “Дыялёг Беларусі і Эўразьвязу набывае ўсё больш прагматычны і ўзаемавыгадны характар”.

26 студзеня ў Брусэлі адбудзецца сустрэча кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Беларусі Сяргея Мартынава з прадстаўнікамі эўраструктур – так званай “тройкай”: міністрам замежных спраў краіны, што старшынствуе ў ЭЗ –  зараз гэта Чэхія; вярхоўным прадстаўніком Рады Эўразьвязу і камісарам Эўразьвязу па зьнешняй палітыцы.

Беларусь - ЗША: замаразкі зацягнуліся

А вось адносіны з ЗША ў 2008 годзе разьвіваліся ў іншых варунках. Пачалося з таго, што 7 сакавіка амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адазваны ў Менск “у сувязі з увядзеньнем дадатковых эканамічных санкцыяў ў адносінах жа канцэрну “Белнафтахім” (гэта адбылося яшчэ ў лістападзе 2007 года). Амбасадару ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт  беларускі МЗС “настойліва рэкамэндаваў пакінуць Менск. Праз два тыдні спадарыня Ст’юарт вярнулася ў ЗША, а за ёй Беларусь пакінулі яшчэ 17 амэрыканскіх дыпляматаў. Але гэтага беларускаму МЗС падалося мала і ён запатрабаваў абмежаваць колькасьць супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады 7 дыпляматамі. У адказ на гэта амэрыканская амбасада ў Менску прыпыніла выдачу віз. І беларусам дагэтуль даводзіцца езьдзіць у Маскву, Кіеў альбо Варшаву, каб атрымаць амэрыканскую візу. Стасункі ўскладніў і судовы працэс над грамадзянінам ЗША Эмануілам Зэльцэрам, і “шпіёнскія выкрываньні” Беларускага тэлебачаньня. Аднак у верасьні ЗША зьмякчылі эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да прадпрыемстваў Белнафтахіму. Праўда, толькі ў адносінах да двух зь іх – “Лакафарбы” і “Полацак-Шкловалакна”, і толькі на паўгода.

Беларусь – Расея: то цёпла, то пахаладаньне...

У 2008 годзе зьмяніліся і адносіны Беларусі з Расеяй. Паказальнай стала запозьненая рэакцыя беларускіх уладаў на падзеі на Каўказе, а таксама тое, што афіцыйны Менск не пажадаў падтрымаць Расею і прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Пра ўскладненьне стасункаў паміж Расеяй і Беларусьсю сьведчыць і тое, што паседжаньні Вышэйшага Савету Саюзнай дзяржавы двойчы пераносіліся, але ў 2008 годзе так і не адбыліся. Апошняя сустрэча Аляксандра Лукашэнкі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым 22 сьнежня ў Маскве пакінула шмат пытаньняў. Увесь гэты час паведамляецца, што бакам удалося ўзгадніць цану на газ на 2009 год, але дакладная сума не агучаная дагэтуль.

Людміла Корсак

 [email protected]

Видео