BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Чаго Эўрапарлямэнт патрабуе ад Беларусі?

16.01.2009
 Чаго Эўрапарлямэнт патрабуе ад Беларусі?
Сёньня Эўрапейскі парлямэнт ўхваліў рэзалюцыяю па сытуацыі ў Беларусі і яе сувязях з Эўразьвязам. Падаем асноўныя тэзісы дакумэнту.

У Рэзалюцыі адзначаюцца некаторыя пазытыўныя захады Беларусі ў галіне дэмакратызацыі, але разам з тым нагадваецца, што выбары 28 верасьня 2008 года адбываліся пад жорсткім кантролем з ледзь прыкметнай агітацыйнай кампаніяй, не было празрыстасьці пры падліку галасоў і падвядзеньня агульных вынікаў на выбарчых участках.

У дакумэнце пералічваюцца крокі насустрач, якія ў апошні час Эўразьвяз рабіў у дачыненьні да афіцыйнага Менску. У прыватнасьці, рашэньне прыпыніць візавыя санкцыі ў адносінах да некаторых дзяржаўных асоб Беларусі, за выключэньнем тых, хто датычны да палітычных зьнікненьняў у 1999-2000 гадах, а таксама да старшыні ЦВК.

У сваёй Рэзалюцыі Эўрапарлямэнт

1. вітае рашэньне беларускіх уладаў зарэгістраваць “Рух за свабоду”, які ўзначальвае былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч; спадзяецца, што ўрад Беларусі палепшыць умовы рэгістрацыі іншых няўрадавых арганізацый, у тым ліку палітычных партыяў і праваабарончаму цэнтру “Вясна”;

2. вітае рашэньне беларускіх уладаў дазволіць друк і распаўсюд двух незалежных газэт “Народная воля” і “Наша Ніва”, і ў той жа час нагадвае, што існуе яшчэ 13 незалежных газэт, якія чакаюць рэгістрацыі; вітае рашэньне ўраду Беларусі абмеркаваць міжнародныя нормы дзейнасьці інтэрнэт-СМІ і правесьці ў гэтай галіне кансультацыі з Беларускай асацыяцыяй журналістаў; чакае, што будуць створаныя належныя ўмовы для іншых незалежных СМІ, у тым ліку і для рэклямы;

3. прымае пад увагу гатоўнасьць Беларусі абмеркаваць рэкамэндацыі БДІПЧ АБСЭ ў справе паляпшэньня выбарчага заканадаўства,

4. вітае вызваленьне палітычных зьняволеных, але выказвае шкадаваньне, што Аляксандар Казулін, Сяргей Парсюкевіч, Андрэй Кім не карыстаюцца ўсімі правамі, гарантаванымі грамадзянам Беларусі, гэтак жа як і Аляксандар Баразенка, які некалькі тыдняў знаходзіўся пад вартай.

Эўрапарлямэнт адзначае, што “для істотнага паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам”, Беларусь павінна

1) ня мець палітычных вязьняў,
2) гарантаваць свабоду выяўленьня меркаваньняў у СМІ,
3) працягваць супрацоўніцтва з АБСЭ ў справе рэформы выбарчага заканадаўства,
4) палепшыць умовы дзейнасьці незалежных грамадзкіх арганізацый,
5) гарантаваць свабоду сходаў і палітычных аб’яднаньняў.

Эўрапарлямэнт настойліва заклікаў афіцыйны Менск паважаць правы чалавека, у прыватнасьці “ўнесьці неабходныя зьмены ў Крымінальны Кодэкс, скасаваўшы артыкулы 367, 368 і 369-1, а таксама артыкул 193, якія часта выкарыстоўваліся ў якасьці сродку ціску”, “адмовіцца ад пагрозы крымінальнага перасьледу і выкарыстаньня вайсковай службы ў якасьці пакараньня студэнтаў за іх грамадзянскую пазыцыю”.

У рэзалюцыі Эўрапарлямэнту таксама ўтрымліваецца заклік выяўляць павагу да нацыянальных меншасьцяў, у тым ліку прызнаць законна абраны орган Саюзу палякаў Беларусі на чале з Анжалікай Борыс, “пакласьці канец самааізаляцыі краіны ад астатняй Эўропы”.

У рэзалюцыі падкрэсьліваецца, што “дэмакратычная апазыцыя павінна быць часткай працэсу паступовага ўзаемадзеяньня з Беларусьсю”.

Эўрапарлямэнт выказаўся таксама за “зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў” для грамадзянаў Беларусі” і “спрашчэньне працэдуры іх атрыманьня”, заклікаў Эўракамісію прадставіць фінансавую падтрымку незалежнаму беларускаму тэлеканалу “Белсат” і паўплываць на беларускі ўрад у справе рэгістрацыі тэлеканалу ў Беларусі, а таксама вяртаньня ў краіну Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які дзейнічае на выгнаньні ў Вільні.

Рэзалюцыя заклікае Эўракамісію “разгледзець магчымасьць паляпшэньня дзелавога клімату, гандлю, інвэстыцыяў, энэргетыкі, і транспартнай структуры, памежнага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю”, у мэтах “дабрабыту грамадзян Беларусі, а таксама іх магчымасьцяў свабодна кантактаваць і свабодна наведваць краіны Эўразьвязу ў гэтым кантэксьце”.

Эўрапарлямэнт выказаўся за ўдзел Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку ў фінансаваньні беларускай энэргетычнай транзытнай структуры, падкрэсьліў важнасьць ўдзелу эўрапейскіх кампаніяў у працэсе прыватызацыі ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт заклікалі таксама беларускія ўлады “выконваць міжнародныя стандарты бясьпекі і патрабаваньняў ў працэсе будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі, а таксама ратыфікаваць Дадатковы пратакол МАГАТЭ да Пагадненьня аб усеаб’ёмных гарантыях.

Эўрапарлямэнт вітаў той факт, што, нягледзячы на вялізны ціск, Беларусь не прызнала абвешчаную ў аднабаковым парадку незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі і выказаў шкадаваньне, што ў Беларусі да гэтага часу прымяняецца сьмяротнае пакараньне.

Спасылка 

Видео