BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Літоўцы сікаюць на ўсход

14.01.2009
Літоўцы сікаюць на ўсход
У Бруселі адкрылася мастацкая выстава, што выклікала вялізныя спрэчкі. Яна мусіла высмеяць стэрэатыпы пра розныя еўрапейскія краіны, але справакавала найперш абурэнне.

Выставу Радзе Еўропы падарыла Чэхія — новы старшыня Еўрасаюзу. Для яе 27 мастакоў з 27 краінаў Еўрасаюзу стварылі інсталяцыі, карыкатуры, скульптуры пра свае краіны як іх часта — і памылкова — уяўляюць за мяжой.

Што выйшла?

У Польшчы — якую часта малююць як самую кансерватыўную краіну ЕС — каталічныя ксяндзы і манашкі ўсталёўваюць вясёлкавы сцяг гей-руху. Касцёл запратэставаў.

Балгарыя выяўленая ў выглядзе вялікага сарціру для суседняй Турцыі. Балгарскія нацыяналісты ўзвылі.

Францыя ўся ўкрытая забастовачнымі лозунгамі.

А Брытанія зусім адсутнічае — бо брытанцы еўраінтэграцыі не радыя.

Шура-бура ўзнялася і ад літоўскае скульптуры. На ёй пяць бравых літоўцаў сікаюць праз дзяржаўную мяжу.

Мастачка меркавала такім чынам высмеяць стэрэатыпныя ўяўленні пра русафобію літоўцаў. Аднак абураюцца беларусы, бо на ўсход ад Літвы такі знаходзіцца не Расія, а Беларусь. Непаліткарэктна.

«Мой праект можна разглядаць у якасці альтэрнатыўнага помніка незалежнасці Літвы і своеасаблівага адлюстравання несправядлівасцяў мінулага», — апраўдвалася скульптарка Вілма Стасюлітэ ў інтэрв'ю газеце «Летувас рытас».

Дадатковы шок стаўся, калі аказалася, што скульптарка — выдуманая. Выдуманая, бо насамрэч усе 27 мастацкіх твораў выканаў сам куратар выставы — чэскі творца Давыд Чэрны.

Ён проста прыдумаў 27 імёнаў няісных мастакоў і паклаў сабе ў кішэню 600 000 даляраў ганарараў, нібыта выплачаных ім...

Чэрны стаў вядомы ў 1991 годзе, калі памаляваў у ружовы колер савецкі танк на пастаменце ў Празе. Другім скандалам стала ягоная скульптура Садама Хусэйна ў фармальдэгідзе — прынамсі дзве краіны забаранілі выстаўляць яе. Вялікі розыгрыш еўрабюракратаў стаў трэцім вялікім перформансам авангардыста.

Спасылка 

Видео