BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Права на права

10.12.2008
Права на права

Прыняцьце Ўсеагульнай дэклярацыі – першы досьвед калектыўнай распрацоўкі ўнівэрсальнага дакумэнту па правах чалавека. Наколькі сур’ёзна паставіліся дэлегаты сэсіі Генэральнай асамблеі ААН да тэксту Дэклярацыі, сьведчыць такі факт: калі тэкст дакумэнту паступіў ў Генэральную асамблею ААН, удзельнікі паседжаньня 1400 разоў галасавалі па тэксту, літаральна па кожнаму слову. Гэты дакумэнт меў толькі статус рэкамэндацыі, яго прынялі 48 краінаў. Ніводная краіна не галасавала супраць, але 8 устрымаліся. Сярод іх – Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Саудаўская Арабія (аспрэчвала роўнасьць паміж мужчынам і жанчынай), а таксама Польшча, Югаславія, Чэхаславаччына і СССР (Расея, Беларусь, Украіна), якія ўстрымаліся, бо не пагаджаліся з прынцыпам унівэрсальнасьці, аб якім пішуць у артыкуле 2 (першая частка). Зусім ня ўдзельнічалі ў галасаваньні Гандурас і Емэн. У працэсе дапрацоўкі Дэклярацыі ўдзельнічаў увесь сьвет.

 

У СССР тэкст Дэклярацыі па правах чалавека немагчыма было знайсьці ў ніводнай бібліятэцы. Толькі на пачатку 1980-х гадоў тэкст быў надрукаваны ў “Литературной газете”. Гэта было сапраўдным прарывам – савецкія людзі даведаліся, да прыкладу, што яны маюць права абіраць краіну пражываньня, свабодна перамяшчацца па сьвеце, пакiдаць любую краiну, уключаючы сваю ўласную, i вяртацца...

 На паперы адно, на справе -- іншае

 

Фармальна Беларусь далучылася да Дэклярацыі правоў чалавека. Але некаторыя законы Рэспублікі Беларусь відавочна супярэчаць Дэклярацыі. Да прыкладу, артыкул 2 дакумэнту сьведчыць: «кожны мае права на жыцьцё», а Крымінальны кодэкс за некаторыя ваенныя злачынствы, за забойства прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.

 

Артыкул 19 Дэклярацыі абвяшчае: «Кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў i на свабоднае выказваньне iх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлiвацца сваiх перакананьняў i свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў». Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь таксама гарантуе права на атрыманьне, захоўваньне і распаўсюд інфармацыі (артыкул 34), свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньня (артыкул 35). Але што тычыцца распаўсюду інфармацыі, многія незалежныя СМІ былі пазбаўленыя магчымасьці распаўсюджвацца праз «Белпошту» і «Белсаюздрук» (толькі два тыдні таму пад ціскам Эўразьвязу «Народная Воля» і «Наша Ніва» атрымалі дазвол распаўсюджвацца ў шапіках). Па новаму Закону аб СМІ журналісты ня маюць права працаваць без акрэдытацыі. Што да свабоды сходаў, пікетаваньня – трэба атрымаць пісьмовы дазвол мясцовых уладаў на правядзеньне акцыі, што даволі праблематычна.

 

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выказваюць занепакоенасьць

 

Уплывовыя міжнародныя арганізацыі, да прыкладу, «Amnesty International» («Міжнародная амністыя») “Freedom House”, Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, Дзярждэпартамэнту ЗША пэрыядычна выступаюць з ацэнкай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і заявамі. У справаздачы аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце за мінулы год (з траўня 2007 па травень 2008 г.) «Amnesty International» зноў прызнала Беларусь «краінай несвабоднай». У разьдзеле дакладу, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца ціск уладаў на грамадзянскую супольнасьць, юрыдычны перасьлед апазыцыйных актывістаў, а таксама працяг выкананьня сьмяротных пакараньняў.

 

Беларускі праваабарончы рух фармальна пачаўся пры канцы 1980-х, калі быў створаны “Мартыралёг Беларусі”. Але значная частка грамадзкіх праваабарончых арганізацыяў зьявілася ў сярэдзіне 1990-х. Найбольш сур’ёзныя і ўплывовыя, якія працуюць зараз – Беларускі Хэльсынскі камітэт, які днямі адзначыў сваё 13-годзьдзе, праваабарончы цэнтар “Вясна”, зарэгістраваныя ў Літве “Праваабарончы альянс”, “Над бар’ерам”.

 

Якія правы чалавека часьцей за ўсё парушаюцца ў Беларусі? Меркаваньне выканаўцы абавязкаў старшыні Беларускага Хэльсынскага Камітэту Алега Гулака: «Канечне, найбольшыя праблемы ў сфэры палітычных і грамадзянскіх правоў. Але апошнім часам мы бачым, што і з сацыяльнымі правамі становіцца намнога горш, і яны таксама парушаюцца досыць сур’ёзна”.

 

Вязьнямі сумленьня “Міжнародная амністыя” прызнала ў розныя гады каля 60 беларусаў

 

Вось ужо дзясятак гадоў праваабарончыя арганізацыі рыхтуюць аналітычныя агляды “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі”. І леташні агляд “Вясны”, да прыкладу, склаў больш за 500 старонак. Колькі чалавек у Беларусі было затрымана і рэпрэсавана па палітычных матывах – дакладнай лічбы ня ведае ніхто. Паводле ацэнак праваабаронцаў – некалькі тысяч (толькі ў 2006 годзе за падзеі на Кастрычніцкай плошчы адбывалі адміністрацыйныя пакараньні каля 600 чалавек). Сёлета пад ціскам міжнароднай грамадзкасьці, патрабаваньняў Эўразьвязу былі вызвалены палітычныя зьняволеныя экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін, які адседзеў у турме два з паловай гады; моладзевыя актывісты Андрэй Кім, Артур Фінькевіч.

 

Сёлета адбываўся перасьлед фігурантаў гучнай «справы 14-ці», калі пасьля акцыі прадпрымальнікаў адбыліся суды над яе ўдзельнікамі. 8 сьнежня пачаўся судовы працэс над апошнім з 14-ці Аляксандрам Баразенкам, які з 27 кастрычніка знаходзіцца ў СІЗА.

 

Многія актывісты атрымалі па 15 сутак арышту, пакараныя штрафамі. Студэнтаў выключалі з ВНУ (да прыкладу, Зьмітра Жалязьнічэнку адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і адправілі ў войска, Франака Вячорку – з журфаку БДУ, Івана Шылу перад самым выпускам выключылі з салігорскай  сярэдняй школы).

 

Беларусь – адна з нешматлікіх краінаў, дзе няма ўпаўнаважанага па правах чалавека, амбудсмэна. Але афіцыйны Менск лічыць, што з правамі чалавека ў краіне ўсё ў парадку.

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео