BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Песняры адмовіліся ад Еўрабачання самі, а Сапацькову не дазволіў Сярога

08.12.2008
Песняры адмовіліся ад Еўрабачання самі, а Сапацькову не дазволіў Сярога
Еўрарадыё даведалася пра падрабязнасці адбору ў паўфінал Еўрафэсту. Са 116 пададзеных заяў на адборачны тур было дапушчана 98 ўдзельнікаў. Аднак не змаглі з’явіцца Песняры і Максім Сапацькоў – таму з конкурсу іх знялі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў кіраўнік праекту Аляксандр Ціхановіч.

Аляксандр Ціхановіч: “Песняры”самі адмовіліся, бо не паспелі дарабіць песню да канца. А Сапацькову выступаць не дазволіла кіраўніцтва. Ён з’яўляецца артыстам прадзюсерскага цэнтра “Сярогі”, і таму ў іх свае разборкі”.

Сябры журы адмаўляюцца казаць, хто з канкурсантаў спадабаўся найбольш і хто стане фаварытам у паўфінале. Ядвіга Паплаўская нават прызналася, што не памятае назваў усіх гуртоў і імёнаў выканаўцаў, якія працягнуць барацьбу за паездку ў Маскву. Яна адзначыла, што асноўную ўвагу пры адборы 15 лепшых журы надавала менавіта песні і яе выкананню. Сам нумар застаўся на другім плане.

Ядвіга Паплаўская: “Так як справа звязана з вакалам, то павінна быць бездакорная інтанацыя, вакальнае майстэрства, выразнасць, артыстычнасць. Артыст мусіць быць у гармоніі, гэта мусіць быць адзінае цэлае артыста і песні, павінна быць энергетыка станоўчая, павінен быць унутраны зарад такі магутны, каб можна было за тры хвіліны выказаць ўсё, што можна выказаць. Усё ж такі лічыцца гэты конкурс песенным. І цяпер на нумар мала хто звяртаў увагу”.

Нагадаем, паўфінал Еўрафэсту адбудзецца 15 снежня. На ім будуць адабраныя 5 ўдзельнікаў.

Фота: belarus.esckaz.com

Спасылка 

Видео