BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Беларусь у эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва”.

05.12.2008
“Беларусь у эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва”.

27 лістапада 2008 года ў Варшаве, у Інстытуце грамадзянскай прасторы і грамадзкай палітыкі пры Вышэйшай школе гандлю і права імя Р. Лазарскага прайшлі экспэртныя кансультацыі па тэме: “Беларусь у эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва”. У сустрэчы ўдзельнічалі польскія і беларускія экспэрты з Цэнтру ўсходніх даследаваньняў пры Міністэрстве замежных спраў Польшчы, Інстытуту грамадзянскай прасторы і грамадзкай палітыкі, беларускіх Агенцыі гуманітарных тэхналёгій, Цэнтру сацыяльных інавацыяў.

Кансультацыі складаліся з дзьвюх частак. Першая – экспэртная. Экспэртам з польскага боку выступіў Каміль Клысінскі з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, зь беларускага -- кіраўнік Агенцыі гуманітарных тэхналёгій, філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. Яны выклалі сваё бачаньне праблемы.

Пасля пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу ў 2004 годзе Беларусь стала яго бліжэйшым суседам. У той жа час, у Беларусі захоўваецца апошні аўтарытарны рэжым у Эўропе. Беларусь засталася ледзьве не адзінай краінай, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы. Афіцыйны Менск, ня гледзячы на пацяпленьне адносінаў з Захадам, усё яшчэ адчувае на сабе ізаляцыю. А Польшча вельмі зацікаўленая ў палітыцы добрасуседзтва, якраз ініцыюе новае бачаньне разгортваньня эўрапейскіх праграм.

Добрасуседзтва – з’ява двухбаковая

Палітыка добрасуседзтва, якую праводзіць Эўразьвяз, даволі часта сутыкаецца з рознымі цяжкасьцямі ў адносінах з Беларусьсю, што выклікае праблемы для абодвух бакоў. Тэндэнцыя да нармалізацыі адносінаў Беларусі і Эўразвязу ставіць новыя пытаньні перад урадамі і грамадзянскай супольнасцюяк у краінах-членах Эўразьвязу, так і ў Беларусі. Уладзімер Мацкевіч прааналізаваў ход выкананьня папярэдніх эўрапейскіх праграм. Ён выказаў меркаваньне, што некаторыя зь іх былі неэфэктыўнымі. Неэфэктыўнымі з той прычыны, што беларусы не ўдзельнічалі на стадыі фармаваньня праграмаў, яны выступалі толькі як выканаўцы. Спадар Мацкевіч выказаў прапанову, што беларускі бок павінен уплываць на сэнсавае накіраваньне будучых праграм яшчэ на пачатковай стадыі.

У другой частцы беларуска-польскіх кансультацыяў экспэрт Цэнтру сацыяльных інавацыяў Тацяна Пашэвалава прааналізавала выкананьне папярэдніх праграмаў няўрадавых арганізацыяў. Павестка дня павінна фармавацца з улікам беларускай сытуацыі. А з-за таго, што беларускі кантэкст не заўсёды ўлічваецца ад пачатку, часьцяком праграмы не прыносяць чаканага плёну. Беларускія спэцыялісты павінны быць ня толькі выканаўцамі праграм, а і складальнікамі. Павінны фармавацца стасункі партнэрскія: беларусы ведаюць, што прапанаваць, а эўрапейцы павінны прызнаць фармат, які прапануецца

Пра краіну трэба думаць супольна

У кансультацыях удзельнічала першы амбасадар Рэспублікі Польшча ў Беларусі прафэсарка Эльжбэта Смулкова. Яна заўсёды вельмі прыязна, цёпла ставіцца да беларусаў, добра разумее беларускую сытуацыю. Таму пані прафэсарка перакананая: «Трэба больш выразна працаваць ў галіне грамадзянскай супольнасьці. Многае могуць зрабіць самі людзі. Трэба разам, супольна думаць над спосабамі выхаваньня грамадзкай адказнасьці за сваю краіну. За яе дзяржаўнасьць, за яе самастойнасьць без комплексу, што гэта не ўдасца, што гэта патрабуе большых рэсурсаў, больш эўрапейскага кантакту.    

Самае важнае, каб Беларусь пастаралася выйсьці зь ізаляцыі. І тут павінна адыграць сваю ролю суседка Польшча, як сябра Уніі Эўрапейскай. І ролю гэтую я бачу ў тым, каб паказваць, тлумачыць заходнім эўрапейцам, чым мы  з вамі ёсьць - і чым  ёсьць вы, у чым ваша вартасьць. Для ўсіх, незалежна ад тых ці іншых поглядаў, самастойнасьць краіны і магчымасьць разьвіцьця і культуры, і нацыянальных адметнасьцяў, пры ўсёй глябалізацыі, пры бачаньні вартасьцяў Эўразьвязу і добрых кантактах з суседзямі і ня толькі з суседзямі – гэта супольнае для ўсіх нас”.

Удзельнікі экспэртных кансультацый абмеркавалі розныя аспэкты палітыкі добрасуседзтва ў адносінах да Беларусі; разгледзелі розныя падыходы, закранулі тэму ўсходне-эўрапейскага партнэрства (польска-швэдзкай ініцыятывы) і эўрапейскіх праграмаў, што рэалізуюцца ў Беларусі.

Для беларускага боку гэта былі ўжо другія кансультацыі (першыя праходзілі ў кастрычніку 2008 года ў Літве). Наступныя кансультацыі “Беларусь у эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва” заплянаваныя ў Даніі, Нямеччыне, Галяндыі.

Людміла Корсак

[email protected]

Видео