BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Белла=Беларусь+Латвія

04.12.2008
Белла=Беларусь+Латвія

Апошнім часам пра Заходнюю Дзьвіну гавораць як пра раку, якая аб’ядноўвае народы. Зараз рэалізуецца беларуска-швэдзкі праект “Панарама Дзьвіна – Даўгава”, згодна зь якім плянуецца адрадзіць вядомы шлях “з варагаў у грэкі”. Праект фінансаваўся швэдзкім бокам. Ён накіраваны на тое, каб дапамагчы жыхарам рэгіёну, мясцовым уладам у пошуках кантактаў і наладжваньні ўзаемаадносінаў зь іншымі краінамі і народамі, перш за ўсё ў Эўропе. Мэта праекту сфармуляваная надзвычай прыгожа: “у пошуку агульных традыцыяў у культуры, мастацтве, ладзе жыцьця і паводзінах паміж народамі, што насяляюць Прыдзьвінскі край, уздоўж знакамітага гандлёвага шляху з варагаў у грэкі, пачынаючы са швэдзкай выспы Готлянд і далей ўздоўж Рыгі, Даўгаўпілсу, Палацаку і Віцебску”.

Праект фінансаваўся швэдзкім бокам – Швэдзкім інстытутам культурнага турызму за кошт швэдзкай агенцыі па разьвіцьці SIDA. Турыстычныя кампаніі і грамадзкія аб’яднаньні Віцебшчыны ўжо наведалі сэмінары ў Даўгаўпілсе і выставу турызму ў швэдзкім Гётэборгу. У наступным годзе праект завяршаецца.

Вандруючы празь межы

Нядаўна ў Полацку прайшла міжнародная канфэрэнцыя па разьвіцьці транспамежнага турызму, дзе адбылася прэзэнтацыя  новага беларуска-латвійскага праекту “Белла – Дзьвіна" – вандруючы празь межы, адкрываючы культуру, атрымоўваючы асалоду ад прыроды рэгіёну”. Гэты праект фінансуе Эўразьвяз, распавёў галоўны спэцыяліст аддзелу фізкультуры, спорту і турызму  полацкага гарвыканкаму, якія зьяўляецца вядучым партнэрам “Беллы”. Дарэчы, Белла расшыфроўваецца як Беларусь – Латвія. Мэты абодвух праектаў падобныя: стварыць адзіную транспамежную турыстычную прастору паміж Віцебскам, Полацкам і Даўгаўпілсам. Акрамя гарадоў, у праект уключаны Верхнедзьвінскі, Расонскі, Бешанковіцкі, Мёрскі, Шаркаўшчынскі, Полацкі і Віцебскі раёны. Рэалізацыя праграмы разьлічаная на 2 гады.

Капіталістычны досьвед – на карысьць добрасуседзтва

За аснову “Белла – Дзьвіна” ўзяла багаты досьвед Рэйнскага парку ПАМІНА, які працуе ў нямецка-французскім памежжы. У 7 раёнах Віцебшчыны і Полацаку павінны зьявіцца турыстычныя стаянкі, інфармацыйны цэнтар, інфармацыйныя пункты. Амаль 200 аб’ектаў  прадставілі 7 раёнаў Беларусі. У пералік увайшлі ня толькі помнікі гісторыі і культуры, прыродныя адметнасьці, але і сельскія сядзібы, гатэлі, кафэ, нават паштовыя аддзяленьні з доступам у Інтэрнэт.

Стратэгіяй разьвіцьця праекту зоймецца і агенцтва разьвіцьця Латгальскага рэгіёна, якое мае багаты досьвед у рэалізацыі падобных праграм у Латвіі і па-за яе межамі. Фінансаваньне праекту ажыцьцяўляецца пры падтрымцы Эўрапейскай камісіі ў межах праграмы “Рэгіён Балтыйскага мора – ІНТЭРРЭГ – Праграма Дабрасуседзтва”. Сродкі выдаткоўваюцца на разьвіцьцё суседніх рэгіёнаў Беларусі і Латвіі, стварэньне сучаснай інфраструктуры.

Вось такія праграмы павінны вельмі станоўча ўплываць на разьвіцьцё менавіта малых гарадоў. Грамадзкая актывістка зь Верхнедзінску Валянціна Кудлацкая брала ўдзел ў некалькіх праектах транспамежнага супрацоўніцтва: “Той бок, які падае праект, ён сапраўды мае сродкі. Беларусы, бок, які выступае ў якасьці партнэра, мае магчымасьць вывучаць вопыт той самай Латвіі, бываць там. Прычым, вучыцца, вывучаць досьлед езьдзяць часьцей за ўсё прадстаўнікі ўлады. Але грошы сюды, у Беларусь, фактычна не прыходзяць. Мінімальныя сродкі, можа, і выдаткоўваюцца на разьвіцьцё агра- і экатурызму, але атрымліваецца замкнёная кола. Слабая інфраструктура. А замежны турыст патрабавальны: яму патрэбна добрае, утульнае жытло, выгоды, смачная ежа. І, натуральна, яму трэба нешта паказаць, стварыць умовы для адпачынку, баўленьня часу і відовішчаў. Пакуль гэта робіцца ў горшых савецкіх традыцыях. Можа, таму, што да гэтых спраў не далучаныя маладыя людзі, больш энэргічныя і крэатыўныя. А робяць гэта чыноўнікі перадпэнсійнага ўзросту з райвыканкамаўскіх кабінэтаў. У Верхнедзьвінску прапануюць звычайныя экскурсіі – да помніка невядомаму салдату, да герояў Прошкаўскага падпольля... Наша чынавенства ня ведае, як і што трэба рабіць і прапануе экскурсіі, як у савецкі час...”

Самы маланаселены горад Беларусі

У Мёрскім раёне Віцебскай вобласьці знаходзіцца самы маланаселены горад Беларусі – Дзісна. Летась насельніцтва Дзісны складана ўсяго 2747 чалавек. Хаця ў даваеннай Дзісьне жыло 11 тысяч жыхароў і працавала 5 мэблевых майстэрняў, 9 ганчарных, 4 цырульні, гадзіньнікавая і ювэлірная майстэрні, 3 фотамайстэрні. Дзісна — гарадок вельмі прыгожы, разьмясьціўся ён на вострым мысе, дзе зьліваюцца дзьве ракі, Дзьвіна зь Дзісною. Непадалёк ад Дзісны знаходзіцца самае вялікае ў сьвеце балота – Ельня. Найстарэйшы горад у Беларусі, адсюль пачыналася Княства Літоўскае. Ён меў у свой час магдэбурскае права. Цікавая Дзісна і  гістарычнымі помнікамі, што цудам ацалелі ў мінулым стагодзьдзі. Валы крэпасьці Сьцяпана Батуры, Касьцёл францішканцаў, дзе быў штаб паўстанцаў 1831 году, сядзіба Кастравіцкіх, тых самых, што далі Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца... Вось гэтае спалучэньне прыроднай прыгажосьці і багатай гісторыі – цудоўная падстава для разьвіцьця інфраструктуры маленькага гарадка, каб было чым прывабіць турыстаў.

Дзісна – адзін зь першых беларускіх гарадоў, дзе зьявілася ўласная праграма ўстойлівага разьвіцьця – “Стратэгія ўстойлівага разьвіцьця Дзісьненскага краю” (у межах “Мясцовай павесткі на 21 стагодзьдзе”), якую распрацавала мясцовая грамадзкасьць (краязнаўцы, інтэлігенцыя, грамадзкія актывісты, адным словам, грамадзянская супольнасьць. Прыярытэтныя накірункі -- разьвіцьцё агратурызму, экалягічнага турызму, а таксама настальгічнага турызму – да вайны тут Дзісьне пражывала больш за 5 тысяч габрэйскага насельніцтва.

Значна пазьней прымаецца Дзяржаўная праграма разьвіцьця Дзісны (бо зьверху паступіла дырэктыва: усе малыя гарады краіны павінны мець праграмы разьвіцьця). Актывістам, якія распрацавалі раней сваю праграму ўстойлівага разьвіцьця, прапануюць пераключыцца на дзяржаўную праграму. Што з гэтага атрымаецца – меркаваць пакуль заўчасна. Як прымусіць альбо заахвоціць мясцовыя ўлады, каб яны працавалі разам з грамадзянскай супольнасьцю хаця б у сацыяльных, экалягічных, турыстычных праграмах – пакуль вялікае пытаньне...

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео