BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“У Польшчы за шкоду гістарычнаму помніку можна сесьці ў турму. У нас – нічога…”

04.12.2008
“У Польшчы за шкоду гістарычнаму помніку можна сесьці ў турму. У нас – нічога…”

Сытуацыя з аховай помнікаў архітэктуры ў Беларусі катастрафічная. Улады лёгка руйнуюць старадаўнія будынкі, хаця гэта й забаронена законам. Адгаворкі стандартныя – аварыйны стан. Абараніць помнікі ня можа ні закон, ні грамадзтва. На жаль, не прыслухоўваюцца й да меркаваньня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў. Пра гэтыя ды іншыя праблемы распавядае старшыня таварыства Антон Астаповіч.

 

Спадар Антон, вы вельмі часта фігуруеце ў навінах, даеце камэнтары. Распавядзіце, калі ласка, пра сябе асабіста.

А. Астаповіч: Біяграфія ў мяне стандартная. Нарадзіўся ў правінцыйным горадзе Асіповічах Магілёўскай вобласьці ў 1964 годзе. Пасьля школы пайшоў вучыцца ў мэдычную вучэльню, атрымаў адукацыю фэльчара. Але ж потым вырашыў перанакіраваць сябе на гістарычнае рэчышча, завочна скончыў гістфак. 17 гадоў адпрацаваў у музэйнай сыстэме ў музэі архітэктуры й побыту ў Строчыцах. У 2006 годзе вымушаны быў звольніцца па пэўных прычынах… І ў 2007 годзе на зьезьдзе Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў мяне абралі старшынём. Што яшчэ пра сябе казаць? Жанаты, маю двое дзяцей – аднаму 18, другому 16 гадоў.

Распавядзіце таксама, калі ласка, пра арганізацыю, якую вы ўзначальваеце.

А. Астаповіч: Гэта адна з самых старых грамадзкіх арганізацыў у Беларусі – яна заснаваная ў 1966 годзе. За савецкім часам яна займалася канкрэтна рэстаўрацыяй помнікаў архітэктуры – у міністэрстве нават такога аддзелу не было. І нават за савецкім часам зь бюджэту не фінансавалася ніводная рэстаўрацыя – усё за грошы таварыства. Затым у 1990-я гады яна зрабілася звычайнай грамадзкай арганізацыяй. У 2004 годзе ў арганізацыі забралі будынак, які быў адрэстаўраваны за яе грошы. І арганізацыя пазбавілася фінансавых сродкаў, бо жылі за кошт арэнды, і маглі яшчэ нават нейкія кнігі выдаваць, праводзіць канфэрэнцыі. Сёньня таварыства вымушана наймаць памяшканьне, плаціць вельмі вялікія грошы – я ўвесь час у пазыках…

Спадар Антон, зь якімі праблемамі вам даводзіцца сустракацца на сваёй пасадзе?

А. Астаповіч: Пра адну з праблем я ўжо сказаў – няма грошай. Вельмі вялікія пытаньні па ўмацаваньні структуры ў рэгіёнах, бо дзе-нідзе рэгіянальныя філіі разваліліся. Зараз я вандрую па рэгіёнах, аднаўляю нашыя філіі, намагаюся наладзіць супрацу зь мясцовымі ўладамі, зь недзяржаўнымі арганізацыямі. Вялікая праблема – гэта ўзаемадзеяньне зь дзяржаўнымі ворганамі, якія вельмі часта застаюцца глухія да праблем, якія мы ўздымаем.

Вы сказалі, што часта езьдзіце па рэгіёнах. І дзе ў нас найменш шануюць помнікі даўніны?

А. Астаповіч: Вельмі вялікая праблема ў Менску, у Берасьці, у Горадні… У гэтых гарадах актыўна зьнішчаюцца будынкі мінулых стагодзьдзяў. І нават тыя, якія ўнесены ў Дзяржаўны ахоўны сьпіс! Цяжка вызначыць, дзе найменей шануюць… Хачу назваць рэгіёны, дзе да спадчыны ставяцца з належнай пашанай: Мядзельшчына, Пастаўшчына, Смаргоншчына… Ёсьць шэраг раёнаў, дзе ўлады сапраўды з разуменьнем ставяцца да гэтага. Бо ўсё залежыць ад узроўню разьвіцьця чыноўнікаў на месцы. Калі кіруюць карэнныя беларусы, адукаваныя, там і справа ідзе нармалёва.

А як увогуле беларусы, паводле вашых назіраньняў, ставяцца да нашай архітэктурнай спадчыны?

А. Астаповіч: Не хацелася б рабіць такога аналізу… Але, калі ўзяць стандартную эўрапейскую сытуацыю – Нямеччыну, Італію – у нас сытуацыя падобная: большасьці гэта да лямпачкі. Закранае гэта адмыслоўцаў, грамадзкіх актывістаў і, вядома, чыноўнікаў.

Спадар Антон, вы сказалі, што нават уключэньне ў Дзяржаўны сьпіс ня можа ўратаваць будынка ад разбурэньня. Дзе тут хіба сыстэмы ці заканадаўства?

А. Астаповіч: Я б не сказаў, што тут ёсьць хіба заканадаўства, таму што й Закон аб ахове спадчыны прадугледжвае пакараньне за руйнаваньне помнікаў архітэктуры, і Крымінальны кодэкс прадугледжвае за гэта зьняволеньне цягам да двух гадоў… Рэч у тым, што ў нас няма практыкі ў гэтай справе. Альбо проста ня хочуць гэтым займацца. Бо асноўныя парушальнікі – самі чыноўнікі, якія друг друга прыкрываюць, і дабіцца толку амаль немагчыма.

Спадар Антон, а як сытуацыя з аховай помнікаў у нашых суседзяў?

А. Астаповіч: Ва Ўкраіне прыкладна такая ж дрэнная, як і ў нас, у Расеі таксам актыўна руйнуюць старыя будынкі… А вось у нашых суседак, якія знаходзяцца ў Эўразьвязе, справы лепшыя. Асабліва мне падабаецца сытуацыя ў Польшчы – увогуле, польскае заканадаўства ў гэтай галіне ды ягонае выкананьне найлепшае на абшарах Эўропы. У кожным ваяводзтве ёсьць пасада ваяводзкага кансэрватара, які адсочвае захаваньне ды рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры. Мой паплечнік па таварыстве Ўладзімер Папруга распавядаў, як ён афіцыйна сачыў за рэстаўрацыйнымі працамі ў Познані, і выпісаў аднойчы паперыну, што бізнэсовец  -- уладальнік помніка архітэктуры – самавольна зьнішчыў барочны франтон будынка. Як толькі папера дайшла да ваяводзкага кансэрватара, прыехала паліцыя, надзела на бізнэсоўца кайданкі, і тры дні ён прасядзеў за кратамі – да вынясеньня прысуду. А пасьля яшчэ атрымаў штраф 50 тысяч злотых. Вось там справа ідзе!

Гэта быў Антон Астаповіч, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры.

Арцём Багданаў, Менск

Видео