BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Эўракамісія зацікаўленая ў разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі

03.12.2008
Эўракамісія зацікаўленая ў разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі


2 сьнежня ў Менскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Раў прайшла канфэрэнцыя «Узмацненьне ўдзелу аб'яднаньняў грамадзян і органаў мясцовага самакіраваньня ў праграмах Эўразьвязу: праблемы і пэрспэктывы». Прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных грамадзкіх аб'яднаньняў, экспэрты зь Беларусі і Эўразьвязу абмяркоўвалі «шляхі павышэньня мэтазгоднасьці праграм для беларускага грамадзтва, іх фінансавай і арганізацыйнай устойлівасьці ў беларускім кантэксьце». Гэта другая прадобная канфэрэнцыя – першая адбылася сёлета ў лютым.
 


Рэзалюцыя канфэрэнцыі


Жан-Эрык Хольцапфэль
: “Фінансавы крызіс не адаб’ецца на падтрымцы беларускіх праектаў”

Адкрыў канфэрэнцыю Жан-Эрык Хольцапфэль, часовы павераны ў справах Прадстаўніцтва Эўрапейскай Камісіі ў Рэспубліцы Беларусь. Эўракамісія зацікаўленая ня толькі ўзмацніць тэхнічнае супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў сфэрах, што прадстаўляюць узаемны інтарэс, але і ўцягнуць у гэты працэс усіх ключавых удзельнікаў беларускага грамадзтва. На думку спадара Хольцапфэля, «разьвіцьцё стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю можа быць жадае быць больш актыўным». 
Ж.-Э.Хольцапфэль падкрэсьліў: «Мы хочам, каб гэта канфэрэнцыя была як мага больш канкрэтнай, і прадставім на ёй блёк прапановаў па праграмах узаемадзеяньня няўрадавых арганізацый і мясцовых органаў улады дзеля разьвіцьця».
Адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў канфэрэнцыі, прадстаўнік Эўракамісіі сказаў, што ўсясьветны фінансавы крызыс не адаб'ецца на фінансаваньні беларускіх праектаў, паколькі бюджэт праграм Эўразьвязу фармаваўся загадзя. Зь іншага боку, Брусэль зьверне ўвагу на наступствы гэтага крызысу ў Беларусі, каб аказаць дапамогу ў іх зьмякчэньні.

Беларусы недастаткова інфармаваныя аб праграмах Эўракамісіі   

Пры існуючай высокай зацікаўленасьці беларускай грамадзкасьці ў праграмах Эўракамісіі, беларусы недастаткова інфармаваныя аб іх, аб магчымасьцях фінансаваньня і не падрыхтаваныя да ўдзелу ў конкурсе заявак на рэалізацыю праектаў. Патэнцыйныя партнэры для беларускіх арганізацый у Эўропе таксама недастаткова інфармаваныя аб Беларусі, аб магчымасьцях супрацоўніцтва зь беларускімі няўрадавымі арганізацыямі і афіцыйнымі ўладамі. Да такіх сумных высноваў прыйшла Лінэ Пэтэрсэн, кіраўніца праекту па ўзмацненьні патэнцыялу і ўзаемадзеяньня беларускіх партнэраў у праектаў Эўракамісіі.
У межах праекту ва ўсіх рэгіёнах прайшлі мерапрыемствы па распрацоўцы канкрэтных праектных прапановаў на падставе мясцовых патрэбнасьцяў і патрабаваньняў Эўракамісіі. У 2007 годзе паступіла 31 прапанова, зь іх 9 прапановаў ад беларускіх няўрадавых арганізацый. Было 2 бюджэтныя лініі: 750 тысяч эўра – для грамадзкіх арганізацый, і 250 тысяч эўра – для органаў мясцовага самакіраваньня. Ад апошніх на конкурс не паступіла ніводнай прапановы. Такім чынам, Беларусь недаатрымала 250 тысяч эўра.

«Сапраўднага мясцовага самакіраваньня ў Беларусі няма» 

Сябра Праўленьня грамадзкага аб'яднаньня «Фонд імя Льва Сапегі» Аляксандар Жучкоў пашкадаваў, што на канфэрэнцыі было мала прадстаўнікоў афіцыйных уладаў, якія таксама павінны быць зацікаўленыя, каб эўрапейскія сродкі былі выкарыстаныя на карысьць Беларусі. Што да таго, ці разумеюць эўрапейцы нашу сытуацыю, Аляксандар Жучкоў сказаў: «З-за фармулёвак і рознага разуменьня такіх фармулёвак, як, да прыкладу, «мясцовае самакіраваньне», і ўзьнікаюць недакладнасьці, розныя тлумачэньні. Бо калі мы гаворым пра мясцовае самакіраваньне, беларускія чыноўнікі разумеюць гэта як мясцовыя органы ўлады. А для эўрапейцаў мясцовае самакіраваньне – гэта ўлада, якая абіраецца на месцы людзьмі і цалкам залежыць ад грамадзянаў, якія пражываюць на пэўнай тэрыторыі. І з-за такіх непаразуменьняў сёньня ідуць даволі гарачыя дыскусіі. Мясцовае самакіраваньне ў Эўропе мае сваё фінансаваньне, зьнізу, а ў нас яно фарміруецца зьверху, зь бюджэту. І мясцовыя органы ўлады, нават пры ўдзеле ў праграмах, павінны ўзгадняць гэта зь вышэйшым кіраўніцтвам. І часьцяком мясцовым уладам прасьцей нічога не рабіць, чым шукаць прыгоды на сваю галаву». 
Многія актывісты беларускіх няўрадавых арганізацый адзначалі, што рэалізацыі многіх праектаў і ініцыятываў грамадзкасьці часта перашкаджае бюракратызм чыноўнікаў. Старшыня грамадзкага аб'яднаньня «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» Ірына Жыхар, у прыватнасьці, заўважыла: «Мясцовыя ўлады фактычна не ідуць на супрацоўніцтва, калі выступаеш з ініцыятывай і канкрэтнымі прапановамі».

Трэцяму сэктару ў Беларусі значна складаней, чым ва Ўкраіне  

Хэльга Пэндэр, кіраўнік сэктару Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ва Ўкраіне, параўнала сытуацыю з трэцім сэктарам Беларусі і Украіны: «Што тычыцца агульных пытаньняў, у Беларусі больш складаныя ўмовы для працы грамадзянскай супольнасьці, чым ва Ўкраіне. Нельга сказаць, што там усё больш разьвіта, але ўсё значна прасьцей, і размовы вядуцца ўжо на іншым узроўні. Зараз вядзецца шмат дэбатаў, як няўрадавыя арганізацыі могуць ўдзельнічаць у дыялёгу па палітычных пытаньнях з урадам. Тут, наколькі я разумею, гэта пытаньне пакуль яшчэ не стаіць. У Беларусі няўрадавыя арганізацыі больш думаюць пра сваё існаваньне, выжываньне, як вырашыць пытаньне арэнды памяшканьня, і наагул, знайсьці крыніцы фінансаваньня. У Беларусі і ва Ўкраіне Эўракамісія мае намер узмацніць працу з грамадзянскай супольнасьцю, пашырыць колькасьць праграмаў. Ніякага скарачэньня і згортваньня ня будзе», - запэўніла Хэльга Пэндэр.

Уладзімер Мацкевіч: «Трэба імкнуцца давесьці да эўрапейцаў нашы рэаліі»

Кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгіяў, мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч перакананы:

«Пры цяперашнім пацяпленьні адносінаў афіцыйных беларускіх уладаў з Эўразьвязам, калі будуць зробленыя не зусім правільныя крокі, без разуменьня няпростай беларускай сытуацыі, гэта можа паставіць у вельмі складаныя ўмовы ўвесь трэці сэктар. Таму што звычайная палітыка ЭЗ, якая прыстасаваная для пабудовы іх дзяржаўнага ладу, у нас атрымоўвае зусім іншыя вынікі. У гэтым сэньсе для беларускага недзяржаўнага сэктару зараз існуе вялікая небясьпека апынуцца зусім бяз сродкаў, без уплыву і без магчымасьці весьці дыялёг. Прадстаўнікі трэцяга сэктару разумеюць гэтую праблему і імкнцуцца давесьці да эўрапейцаў нашыя рэаліі. Але ж спадзявацца на тое, што адной канфэрэнцыяй удасца прабіць бюракратычныя перашкоды, якія існуюць ў Эўразьвязе, не прыходзіцца. Гэта маленькі крок у гэтым накірунку, і без сыстэмнай працы мы далёка, канечне, не прасунемся. Проста ёсьць надзея, што праз гэту канфэрэнцыю мы зможам данесьці эўрапейскім інстытуцыям нашы меркаваньні, наш пункт гледжаньня».

Рэзалюцыя канфэрэнцыі

Людміла Корсак
[email protected]

 

 

 

Видео