BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Эўракамісія прапануе партнэрства

03.12.2008
 Эўракамісія прапануе партнэрства

Чакаецца, што сёньня Эўрапейская камісія агучыць праект Усходняга партнэрства, які тычыцца шасьці краінаў СНД, сярод якіх і Беларусь. А ўчора ў Менску абмяркоўвалі праграмы тэхнічнай дапамогі краіне з боку Эўразьвязу.

Эўракамісія мае намер прапанаваць Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне падпісаць пагадненьне пра асацыяцыю і стварэньне новай эўрапейскай эканамічнай зоны. Пагадненьне прадугледжвае фармаваньне адзінай зоны свабоднага гандлю для разьвіцьця агульнага ўнутранага рынку. Аднак пакуль Беларусь у гэтым сьпісе ставяць у дужкі, бо яна павінна здаць экзамэн на дэмакратызацыю.

Напярэдадні прадстаўніцтвы Эўракамісіі ў Беларусі і Ўкраіне арганізавалі канфэрэнцыю ў Менску, дзе абмяркоўваліся праграмы тэхнічнай дапамогі з боку Эўразьвязу. Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль адзначыў, што супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ўжо зьяўляецца актыўным:

“Але мы хочам рабіць яшчэ больш. І пра гэта напісана ў дакумэнце ад лістапада 2006 года аб тым, што Эўразьвяз можа даць Беларусі. Мы хочам, каб Беларусь стала ўдзельніцай эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва, як толькі краіна выканае пэўныя ўмовы. Апошняе пасяджэньне рады Эўразьвязу ад 13 кастрычніка вырашыла, што ён хацеў бы паступова разьвіваць свае стасункі зь Беларусьсю. Прынамсі павялічваць тэхнічнае супрацоўніцтва Эўракамісіі зь Беларусьсю. Мы ня толькі хочам разьвіваць тэхнічнае супрацоўніцтва, але і ўключаць у яго ўсіх ключавых суб’ектаў беларускага грамадзтва”.

Выканаўчы дырэктар каардынацыйнага бюро праграмы ТACIS Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі Леанід Арлоў адзначыў, што пакуль праграмы тэхнічнай дапамогі Беларусі значна меншыя, чым, да прыкладу, для Ўкраіны і Малдовы. Іх павелічэньне залежыць ад палітычных стасункаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам:

“Калі сытуацыя будзе разьвівацца ў станоўчым кірунку, то аб’ёмы фінансаваньня будуць пэўна павялічаныя. Цяпер па сукупнасьці штогод каля 15 мільёнаў эўра мы атрымліваем праз розныя праграмы. Гэта мы атрымліваем не “жывымі” грашыма, канечне. Пакуль толькі намёкі, што гэта можа быць павялічана”.

Экспэрт Уладзімер Мацкевіч, які таксама ўзяў удзел у канфэрэнцыі, адзначыў Свабодзе:

“Грамадзянская супольнасьць у Беларусі настолькі заціснутая і безыніцыятыўная, што пра яе шырокае прадстаўніцтва на такой канфэрэнцыі не даводзіцца гаварыць. Больш таго, часткова праграмы, якія ідуць і фінансуюцца з Эўропы, але кантралююцца беларускай дзяржавай, не спрыяюць разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці. А хутчэй дазваляюць дзяржаве мімікрыраваць пад квазі-эўрапейскія стандарты. Ствараюцца штучныя, кішэнныя грамадзянскія арганізацыі. Проста мы маем такую імітацыю, сымуляцыю нават удзелу грамадзянскай супольнасьці ў разьвіцьці эўрапейскага супрацоўніцтва, чым рэальны ўдзел”.

Спасылка 

Видео