BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Пляны беларуска-польскага супрацоўніцтва маюць паспрыяць разьвіцьцю польскіх правінцыйных гарадоў

01.12.2008
Пляны беларуска-польскага супрацоўніцтва маюць паспрыяць разьвіцьцю польскіх правінцыйных гарадоў
Паводле агульнага лягістычнага пляну, які зараз распрацоўваецца, у Эльблёнгу можа быць пабудаваны беларускі порт, а замену колаў цягнікоў з шырокіх чыгуначных шляхоў на эўраейскія будуць рабіць у Беластоку.  

У тым, каб рушыў праект пабудовы беларускага партовага комплексу ў Эльблёнгу, зацікаўленае Падляшскае ваяводзтва. Гэтая тэма абмяркоўвалася на паседжаньні міжнароднай польска-беларускай міжнароднай камісіі ў Любліне 28 лістапада.  

Сёлета ў чэрвені Ўправа марскога порту Эльблёнгу праз консула ў Беластоку прапанавала Беларусі выкарыстаць партовую тэрыторыю для патрэбаў замежнага гандлю.  

Прапанова была выклікана неабходнасьцю забясьпечыць дастатковую колькасьць грузаў для будучага марскога порту, які паўстане ў Эльблёнгу пасьля пабудовы каналу праз Межэю Вісьляну ў 2013 годзе. Новы порт мае быць пабудаваны на базе ўкраінскага й беларускага капіталу, фактычна гэта будуць новыя аўтаномныя тэрміналы для выкарыстаньня партнэрамі зь Беларусі й Украіны.  

Беларускі консул Міхаіл Аляксейчык пераслаў прапанову ў Менск. Праектам зацікавіўся Мікалай Верхавец – першы віцэміністар транспарту Беларусі, які адказвае за марскія справы. Нявыключана, што Эльблёнг будзе выконваць ролю другога пасьля Кляйпэды “вакна ў сьвет”.  

Распрацоўшчыкі праекту сьцьвярджаюць, што Беларусі выгодна будаваць у Эльблёнгу, бо пабудова порту пачнецца практычна з нуля, і таму ён будзе дапасаваны да патрэбаў інвэстара. А вольных партовых тэрыторыяў у Эльблёнгу не бракуе. Мяркуецца, што можна будзе загружаць каля 2 мільёнаў тон беларускіх тавараў. Гэта ў асноўным будуць калійныя ўгнаеньні, трактары, лясная прадукцыя, аўтобусы, а таксама прадукты сельскай гаспадаркі.  

Размова не ідзе пра пабудову другога порту ў маштабе Гданьска ці Гдыні. Малых караблёў беларусам будзе дастаткова. 

Паводле “Газэты Эльблёнскай”, дапамагчы ў рэалізацыі праекту можа сусьветны фінансавы крызыс, які пакуль абмінае Беларусь. Крызыс можа схіліць заходніх інвэстараў, каб перанесьці сваю дзейнасьць над Нёман і Буг з мэтаю зьмяншэньня коштаў.  

Пабудова каналу праз Мяжэю і беларускага тэрміналу над Вісьлянскім залівам будзе імпульсам для мадэрнізацыі чыгункі на Мазурах і Падляшшы, а таксама стварэньня новага транспартнага калідору. Менавіта гэтая пэрспэктыва матывуе ўлады Падляшша да падтрымкі пабудовы каналу. Траса новага калідору вяла б з Эльблёнгу да Беластоку, дзе разьдзялялася б у трох кірунках: на Горадню, Ваўкавыск, Берасьце.  

У кіраўніцтве польскай чыгункі мяркуюць, што ў выпадку рэалізацыі эльблёнска-беларускіх плянаў варта задумацца над пабудоваю шырокіх чыгуначных шляхоў ад мяжы ў Баброўніках да аддаленага на 40 км. Беластоку.  

Гэта не цяжка. Новыя - шырокія - чыгуначныя шляхі будаваліся б на месцы існуючых, хоць ужо й закінутых, шляхоў нармальнай для Польшчы шырыні. Тады ў Беластоку перастаўляліся б колы на цягніках.  

Паводле прадстаўнікоў чыгункі й падляшскіх мясцовых уладаў, гэта аграмадны шанец на разьвіцьцё для Беластоку, які атрымаў бы прамую сувязь з Менскам, Масквою і чыгуначнаю сеткаю цэлай постсавецкай прасторы. У плянах таксама стварэньне пасажырскай сувязі Гдыня – Менск, праз Эльблёнг, Ольштын, Беласток і Баранавічы.  

Пабудова лягістычных цэнтраў на стыку шырокіх і эўрапейскіх чыгуначных шляхоў зьяўляецца прывабным момантам, на якім можна зарабіць вялікія грошы.  

Рэалізацыя гэтых праектаў азначала б, што Падляшша перастала б быць чыгуначнай правінцыяй. 

Галіна Халадок

[email protected] 

Видео