BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Малыя гарады: улады і грамадзкасьць

28.11.2008
Малыя гарады: улады і грамадзкасьць

У Беларусі прынята і рэалізуецца Дзяржаўная комплексная праграма развіцьця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадзкіх паселішчаў на 2007-2010 гады. Гэта праграма прадугледжвае ўсебаковае развіцьцё 138 гарадзкіх паселішчаў з колькасьцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек. У іх жыве амаль чвэрць гарадзкога насельніцтва краіны.

Гарады розныя, праблемы аднолькавыя

У некаторых малых гарадах ёсьць так званыя горадаўтваральныя прадпрыемствы, якія даюць працу значнай колькасьці насельніцтва, укладаюць сродкі ў разьвіцьцё інфраструктуры (да прыкладу ў Касьцюковічах – буйны цэмэнтна-шыферны камбінат. У Ялізаве – сумеснае беларуска-аўстрыйскае прадпрыемства, шклозавод). Некаторым малым гарадам шанцуе – у іх праводзяць вялікія рэспубліканскія сьвяты, кшталту «Дажынак» ці Сьвята беларускага пісьменства. Тады на добраўпарадкаваньне і сацыяльны сэктар выдаткоўваюць немалыя сродкі з рэспубліканскага бюджэту. І ў горадзе рамантуюць дарогі, добраўпарадкуюць тэрыторыі, робяць рамонт будынкаў, адкрываюць новыя аб'екты сацкультбыту.  

Дзяржаўнай комплекснай праграмай у малых гарадах Беларусі вызначана 346 праблемных прадпрыемствы і арганізацыі, для якіх у мэтах прыцягненьня інвэстыцыйных рэсурсаў устаноўлены спэцыяльны рэжым падаткаабкладання: яны выплачваюць падатак на прыбытак у памеры 50% ад стаўкі, вызваляюцца ад выплаты шэрагу абаротных падаткаў. Але, нягледзячы на ўсе захады, малыя гарады сутыкаюцца з такімі праблемамі, як недастатковы ўзровень развіцьця эканамічнай і сацыяльнай інфраструктуры, стратнасьць і закрыцьцё прадпрыемстваў, складаная дэмаграфічная сытуацыя, дэфіцыт працоўных месц, нізкая тэхнічная аснашчанасьць.

 Мсьціслаў: мінулае і сучаснасьць

Яскравы прыклад – Мсьціслаў, што ў Магілёўскай вобласьці. Невялікі беларускі гарадок з колькасьцю насельніцтва 11,7 тысяч чалавек. З прамысловых прадпрыемстваў – масларобны - сыраробны завод, хлебазавод, камбікормавы завод, ільнозавод і конны завод №120. У гарадку зарэгістравана 259 індывідуальных прадпрымальнікаў і 19 прыватных унітарных прадпрыемстваў. Заплянаваныя інвэстыцыйныя праекты: мадэрнізацыя вытворчасьці хлебазавода; тэхнічнае перааснашчэньне ААТ «Мсьціслаўскі масларобны-сыраробны завод»; рэканструкцыя ААТ “Мсьціслаўлён”; мадэрнізацыя вытворчасьці ПУП “Мсьціслаўскі каапзагатпрам”. Вострая праблема – беспрацоўе. Многія мясцовыя жыхары вымушаны езьдзіць на заробкі ў Расею, якая побач.

Горад старажытны. У летапісах дата заснаваньня Мсьціслаўя падаецца пад 1135 годам. Быў другім горадам па значнасьці ў Смаленскай дзяржаве. Гэта радзіма славутага першадрукара - Пятра Мсціслаўца, які ў другой палове XVI стагодзьдзя разам з Іванам Фёдаравым заснаваў кнігадрукаваньне спачатку ў Маскоўскай дзяржаве, а потым з 1569 года жыў і працаваў у Вільні, дзе выдаў шмат карысных і прыгожых кніг, у тым ліку «Часоўнік», «Евангелле напрастольнае» і «Псалтыр».

Таму вырашана тут разьвіваць турыстычную інфраструктуру. Мяркуецца, што Мсьціслаў стане значным турыстычным цэнтрам усходняй часткі краіны, які адлюструе ўплыў на Беларусь рускага народа і праваслаўнай культуры. Але дзяржава не надта сьпяшаецца. Таму знайшліся энтузіясты, якія вырашылі дзейнічаць.

Грамадзкасьць праявіла ініцыятыву...

Летась група актывістаў культурніцкіх арганізацыяў Беларусі ініцыявала правядзеньне Мсьціслаўскага фэстывалю сярэднявечнай культуры. Ідэю падтрымаў Мсьціслаўскі Фарны касьцёл, а таксама райвыканкам. Доўга і грунтоўна рыхтаваліся. Першы “Мсьціслаўскі фэст” адбыўся 17-19 жніўня 2007 году. У праграме былі: рыцарскі турнір, майстар-клясы старадаўняга танцу, выстава-кірмаш, агнявое шоў, ірляндзкая вечарына, тэатралізаваны штурм замку, выступы гуртоў “Джамбібум”, “Келіх кола”, а таксама экскурсіі па горадзе, у Іезуіцкі і Кармэліцкі касьцёлы, Пустынскі манастыр. Сьвята ўдалося на славу.

...і не паразумелася з уладамі 

Прадстаўнікі Фарнага касьцёлу, у прыватнасьці, ксёндз Караль Тамэцкі, не былі дапушчаныя да арганізацыі другога фэстывалю сярэднявечнай культуры.  Леташнія ініцыятары адмовіліся ўдзельнічаць у яго падрыхтоўцы. Сваю пазыцыю яны аргумэнтавалі  тым, што мясцовая ўлада імкнецца ператварыць фэстываль у фармальнае гарадзкое мерапрыемства.

Адна з ініцыятарак правядзеньня першага фэсту Юлія Галіноўская   распавяла, што на разгляд ідэалягічнаму аддзелу Мсьціслаўскага райвыканкаму былі прапанаваныя праграма, канцэпцыя й мінімальны бюджэт фэстывалю: “Тое, што было прапанавана намі, было адхілена. На маю прапанову, каб адміністрацыя сказала, чаго яны хацелі б насамрэч, ад іх ніякіх прапановаў не паступіла. Мы хацелі рабіць жывое сьвята, фэстываль, у які б быў заангажаваны ўвесь горад — такое сьвята адміністрацыі, відаць, было непатрэбнае. З размоваў было зразумела, што ім трэба сьвята фармальнае. Яны ўпісалі фэст рыцарскі ў праграму разьвіцьця турызму. Тое, што гэта жывы фэстываль, — гэта іх насамрэч не цікавіла”.

Афіцыйна, паводле Юліі Галіноўскай, улада заявіла, што бюджэт фэстывалю завялікі для яго маштабу. Гэтыя прэтэнзіі спадарыня Галіноўская адкідае, зазначаючы, што ў бюджэце закладзеныя мінімальныя выдаткі на праезд, харчаваньне й пражываньне ўдзельнікаў:

“Думаю, што галоўная прычына была менавіта ў тым, што мы замахваліся на грамадзкасьць — каб яна атрымала кіроўную ролю ў дачыненьні да фэстывалю, што, вядома, непрымальна для адміністрацыі раёну. Безумоўна, фэст сёлета не атрымаўся такім маштабным, якім ён быў летась. Мы, ініцыятары і арганізатары першага фэсту, заявілі, што да яго мы сёлета ня маем ніякага дачыненьня, мы ня ўдзельнічаем і таму ня можам гарантаваць ані якасьці, ані ўзроўню”.

Такім чынам, Мсьціслаўскі Фэст 2008 года праводзілі, па сутнасьці, толькі гарадзкія ўлады. Асноўнае мерапрыемства – рыцарскі турнір, у якім удзельнічалі больш за 10 клюбаў, звыш 200 чалавек. Сёлетні фэст атрымаўся даволі сьціплым у параўнаньні зь леташнім.

А вось ці стане Мсьціслаўскі Фэст традыцыйным, ці адбудзецца трэцяе сьвята – пакуль пытаньне...

Людміла Корсак

[email protected]

Видео