BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Вечарына З. Гербэрта ў Менску

25.11.2008
Вечарына З. Гербэрта ў Менску
У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшла вечарына, прысьвечаная выхаду ў сьвет дзьвюх кніг Зьбігнева Гербэрта “Спроба апісаньня...” і “Рэканструкцыя паэта”, а таксама дзьвюхмоўнай анталёгіі беларускай паэзіі “Nie chyliłem czoła przed mocą”.

Сёлета, празь дзесяць гадоў пасьля сьмерці  Зьбігнева Гербэрта, у Польшчы абвешчаны год згаданага клясыка. У гэтым годзе на беларускай мове выйшлі дзьве кнігі аднаго з найвыбітнейшых польскіх паэтаў ХХ стагодзьдзя. У адну зь іх увайшлі вершы, большасьць якіх публікуецца па-беларуску ўпершыню, а таксама драма “Рэканструкцыя паэта”. У кнізе “Спроба апісаньня...” сабраныя дзесяць эсэ з трох ягоных кніг. Гэта першае асобнае выданьне эсэістыкі Гербэрта па-беларуску.

Творчасьці З. Гербэрта быў прысьвечаны кастрычніцкі спэцыяльны “літаратурны” нумар часопіса “АРХЭ”, у якім была прадстаўлена эсэістыка, драматургія й лірыка паэта, а таксама розныя матэрыялы пра яго.

Удзел у вечарыне бралі перакладчыкі З. Гербэрта: Марына Казлоўская, Марыя Мартысевіч, Серж Мінскевіч, студэнты другога курсу Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Другую частку вечарыны склала прэзэнтацыя анталёгіі беларускай паэзіі. Андрэй Хадановіч, вядучы імпрэзы, а таксама Алесь Разанаў і Вера Бурлак у суправаджэньні музычнага гурта “Рацыянальная дыета” чыталі свае творы ў арыгінале. Адам Паморскі, які спэцыяльна зрабіў большасьць перакладаў, адпаведна чытаў па-польску.

Са сцэны гучалі верлібры Ўладзімера Арлова ў выкананьні студэнтаў Акадэміі, бо аўтар знаходзіцца цяпер у лякарні.

Нечаканым быў момант, калі Лявон Баршчэўскі на сцэне ўручыў Адаму Паморскаму пасьведчаньне ганаровага сябра ПЭН-цэнтру.

Спасылка 

Видео