BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Тры крокі беларускіх уладаў у бок ЭЗ

24.11.2008
Тры крокі беларускіх уладаў у бок ЭЗ

У працяг беларуска-эўрапейскага дыялёгу, менскія ўлады скіравалі ў Брусэль дэклярацыю з прапановамі зрабіць тры крокі дзеля паглыбленьня кантактаў.

Учора беларуская амбасада ў Брусэлі перадала ў Эўрапейскую камісію ды Эўрапейскі парлямэнт дзьвюхстаронкавую дэклярацыю, дзе ўтрымліваюцца абяцаньне палітычнай адлігі ў Беларусі й жаданьне працягваць далейшы дыялёг э Зўразьвязам. У гэтым дакумэнце гаворыцца, што “Рэспубліка Беларусь шукае магчымасьці аднавіць супрацоўніцтва з ЭЗ (...), робіць канкрэтныя крокі й паказвае сваю жыцьцёва важную зацікаўленасьць дыялёгам з Захадам”. Далей заяўляецца, што, каб прадэманстраваць сур’ёзнасьць сваіх намераў, афіцыйны Менск гатовы зрабіць тры крокі. Па-першае, беларускія ўлады гатовыя абмеркаваць з БДІПЧ АБСЭ рэкамэндацыі па паляпшэньні беларускага выбарчага заканадаўства. Улады таксама гатовыя размаўляць пра зьмены ў законе аб СМІ. 24 лістапада ў Менску адбудзецца круглы стол з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ. Трэцім крокам зьяўляецца згода Менску на распаўсюд апазыцыйных газэтаў “Народная воля” й “Наша Ніва” празь дзяржаўную сыстэму “Белсаюздруку”.

Эўрапейскія газэты ўжо назвалі гэты дакумэнт праявай добрай волі беларускіх уладаў. Эўрапейскія палітыкі ўспрынялі гэтую дэклярацыяю як аднабаковае рашэньне Менску пра спыненьне сваеасаблівых “баявых дзеяньняў” – канфлікту з Эўропай. На думку Андрэя Казакевіча, палітоляга, галоўнага рэдактара часопіса “Палітычная сфэра”, гэтыя тры крокі нічога ў Беларусі не зьмяняюць, пры гэтым дазваляюць захоўваць той фармат адносінаў з ЭЗ, які быў напрацаваны Беларусьсю ў апошнія месяцы.

Андрэй Казакевіч: Усё гэта ўпісваецца ў падзеі апошніх месяцаў, калі назіраюцца зьмены ў адносінах ЭЗ і Беларусі. Эўрапейскія краіны зрабілі шмат крокаў, каб аслабіць ізаляцыю Беларусі. Цяпер такі крок прапануе зрабіць беларускі ўрад. Варта адзначыць, што самі па сабе яны нічога асабліва не зьмяняюць і іх рэалізацыя можа быць расцягнутая ў часе. Улада кантралюе ўсе рэсурсы, а апазыцыя стала дэсыдэнцкім рухам. Плюс цяпер у Беларусі перапынак у выбарчых кампаніях. Затое гэтыя крокі дазволяць замацаваць зьнешнепалітычныя посьпехі апошніх месяцаў.

Карыстаючыся тым, што Эўрапейскі Зьвяз адмовіўся ад стратэгіі 12 рэкамэндацыяў, якая была выпрацавана год таму, а новых дакумэнтаў, якія б вызначалі эўрапейскую стратэгію адносінаў зь Беларусьсю няма, афіцыйны Менск навязвае Брусэлю сваё бачаньне дыялёгу. Беларускія ўлады вельмі добра прадрыхтавалі свае прапановы. Заяўленыя тры крокі дазваляюць паглыбляць адносіны з ЭЗ без сур’ёзных палітычных зьменаў у Беларусі - адзначае палітоляг Андрэй Ляховіч.

Андрэй Ляховіч: Урад можа зрабіць гэтыя крокі, вяртаньне газэтаў у шапікі магчыма. За гэта Менск шмат чаго папросіць ад Захаду. Але гэта добра пралічаныя касмэтычныя крокі. Напрыклад, улады не ідуць на ўсталяваньне кантролю за інтэрнэт-прасторай, якая зьяўляецца каналам доступу да альтэрнатыўнай інфармацыі. Апазыцыю перасьледаваць ня будуць, бо яна не пагражае рэжыму. Пры гэтым лібэралізацыі й дэмакратызацыі ня будзе. Сутнасьць сыстэмы ня зьменіцца. Ня думаю, што перад сьнежнем 2010 году Лукашэнка будзе рабіць тое, што рабіў Кучма ва Ўкраіне перад сваім адыходам.

Такім чынам, рана казаць аб тым, што беларукія ўлады складаюць зброю. Наадварот, гэтым разам яны выглядаюць добра падрыхтаванымі й ведаюць, чаго яны хочуць дасягнуць. Канчатковая мэта: дапамога Захаду ў мадэрнізацыі беларускай эканомікі ды захаваньне пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі.

Юры Ліхтаровіч

Видео