BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

100 год беларуска-літоўскім літаратурным сувязям

24.11.2008
100 год беларуска-літоўскім літаратурным сувязям

У лістападзе 2008 года адзначаецца 100-годзьдзе беларуска-літоўскіх літаратурных сувязяў. Менавіта ў лістападзе 1908 годзе беларускі верш упершыню загучаў па-літоўску. Гэта верш Алаізы Пашкевіч (Цёткі) “Хрысьціны Свабоды”, які літоўскі паэт і перакладчык Костас Сьціблюс пераклаў і надрукаваў у Санкт-Пецярбургу. У тым жа годзе “Наша Ніва” надрукавала апавяданьне літоўскага празаіка Ёнаса Білюнаса “Кветка шчасьця”.

А пачыналася ўсё са Скарыны

Хаця літаратуразнаўцы цалкам справядліва лічаць першапачаткоўцам беларуска-літоўскіх літаратурных сувязяў выбітнага беларускага асьветніка і першадрукара Францішка Скарыну, які у 1523 года выдаваў свае кнігі ў Вільні. Пра гэта ў літоўскай сталіцы на доме 19 па вуліцы Вялікай (гэта былы палац бурмістра Якуба Бабіча) сьведчыць мэмарыяльная дошка.

У Беларусі літоўскую літаратуру грунтоўна вывучае прафэсар Адам Мальдзіс, у Літве беларускую – прафэсарка Альма Лапінскене. Дарэчы, Адам Мальдзіс ў суаўтарстве с Альмай Лапінскене, старшынёй Літоўскай асацыяцыі беларусістаў, выдалі сумесную дасьледчыцкую працу “Перазовы сяброўскіх галасоў”.

У савецкі час у 1977 годзе ў Беларусі выйшла “Анталёгія літоўскай паэзіі”, прадстаўленая 42 літоўскімі аўтарамі. І больш за 30 паэтаў, у тым ліку і выбітную Саламею Нерыс, на беларускую мову з мовы арыгіналу пераклаў Алесь Разанаў. Пасьля развалу СССР у Літве былі пераклады беларускай паэзіі, але выпадковыя. Яны друкаваліся ў літоўскіх культурніцкіх выданьнях. Так, каб выйшла ў гэтыя часы сучасная беларуская паэзія, анталогія – гэтага не было. І вось сёлета выйшла адразу дзьве кнігі беларускіх аўтараў ў перакладзе на літоўскую мову. Гэта Алесь Разанаў  -- «Паляваньне ў райскай даліне» і і паэтычная анталёгія “Сьвятло ў вокнах”.

Кнігі прэзэнтавалі і ў Вільні, і ў Менску

Спачатку ў кастрычніку прэзэнтацыя кніг адбылася ў Вільні  -- у Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце і ў Саюзе пісьменьнікаў Літвы. Алесь  Разанаў пачаў свой выступ на літоўскай мове, чым зьдзівіў многіх прысутных студэнтаў, якія толькі пачынаюць вывучаць тутэйшую мову. Альма Лапінскене ў сваю чаргу вітала студэнтаў на беларускай мове. Вершы Разанава ў ЭГУ сёньня гучалі і па-беларуску ў выкананьні аўтара, і па-літоўску ў чытаньні перакладніцы.
 

Амбасадар Э.Багдонас: «Беларуская мова была "канцылярскай мовай Вялікага Княства Літоўскага”

12 лістапада ў Менску ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя дзьвюх кніг беларускіх аўтараў ў перакладзе на літоўскую мову.

Імпрэзу на дзьвюх мовах адкрыў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, які ўжо добра размаўляе па-беларуску. Ён нагадаў, што беларуская мова была "канцылярскай мовай Вялікага Княства Літоўскага і шырока выкарыстоўвалася ў нашых краях". "Для нас, літоўцаў, беларуская мова была і зьяўляецца вельмі блізкай мовай. На мой погляд, важна, што беларуская мова, як адна са славянскіх моваў, больш за ўсё набыла літоўскі характар. Гэта толькі падкрэслівае блізкасьць і падабенства нашых народаў, а таксама наш абавязак захоўваць блізкасьць нашых культур".

“Сьвятло ў вокнах” – гэта 140 вершаў 24 паэтаў, якія загучалі на літоўскай мове, дзякуючы вядомым перакладчыкам Владасу Шымкусу, Владасу Бразюнасу, Йонасу Стралкунасу. Як адзначыў літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас, грошы знайшло Міністэрства замежных справаў Літвы. Анталёгія – праект не камэрцыйны, падкрэсьлівае выдаўца Вілюс Гужаўскас: "Кнігі прадаюцца, але не настолькі, каб можна было жыць з гэтага выдаўцу".

Наклад абедзьвюх кніг невялікі – па 500 асобнікаў. Спадар Гужаўскас адзначае, што і літоўская паэзія выдаецца цяпер не нашмат большымі накладамі, бо склаўся такі стэрэатып, што людзі сёньня вершаў не чытаюць.

Беларуская літаратура – эўрапейская літаратура

Укладальнік анталёгіі "Святло ў вокнах" доктар гуманітарных навук Гендрык Пяткевіч у эўрапейскай якасьці твораў беларускіх літаратараў ніколькі не сумняецца: "Беларуская літаратура, я не скажу нават, што прабівае сабе дарогу – яе ведаюць. Толькі яе трэба (былі калісьці такія людзі - "кніганошы"), несьці у масы. Тады яе будуць ведаць усе".

Алесь Разанаў прачытаў урывак з “Паляваньня ў райскай даліне”. А Лайма Лапінскене прадэкляравала, як гэты фрагмэнт гучыць па-літоўску. Дарэчы, вэрсэты Алеся Разанава сёньня чытаў і амбасадар Эдмінас Багдонас.


“Святло ў вокнах” па канцэпцыі ўкладальніка аб’яднала вершы “паэтаў сярэдняга пакаленьня” (Раісы Баравіковай, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш, Уладзіміра Някляева, Алеся Разанава, Сяргея Законнікава), “паэтаў малодшага пакаленьня” (Валянціны Аксак, Эдуарда Акуліна, Уладзіміра Арлова, Ірыны Багдановіч, Галіны Булыкі, Леаніда Галубовіча, Адама Глобуса, Леаніда Дранько-Майсюка, Андрэя Хадановіча, Алеся Каско, Алеся Пашкевіча, Алеся Пісьмянкова, Сяргея Прылуцкага, Міхася Скоблы, Анатоля Сыса, Віктара Шніпа) і “беларускіх паэтаў з Літвы” (Алега Мінкіна і Тацяны Сапач). Прагучалі на вечарыне і вершы Владаса Бражюнаса, які перастварыў па-літоўску большасьць тэкстаў названай анталёгіі. Завяршылі трохгадзінную сустрэчу сваімі прамовамі старшыня Саюза беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч і амбасадар Эдмінас Багдонас.

Людміла Корсак

[email protected] 

 

Видео