BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Рэгіянальнае разьвіцьцё: дзяржпраграм шмат, беспрацоўе квітнее

16.11.2008
Рэгіянальнае разьвіцьцё: дзяржпраграм шмат, беспрацоўе квітнее
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 44,1 тысячы беспрацоўных. Але насамрэч гэта лічба значна вышэйшая – на сяле, у малых гарадах людзі не рэгіструюцца ў Службе занятасьці насельніцтва, – лічаць, што няма сэнсу.

Урад вызначыў сёлета 23 гарады з устойліва высокім роўнем беспрацоўя, дзе сёлета загадана зьнізіць напружанасьць на рынку працоўнай сілы. Гэта -  Ганцавічы, Мікашэвічы, Белазёрск у Берасьцейскай вобласьці; Паставы, Новалукомль, Варапаева – у Віцебскай; Акцябрскі, Рэчыца, Камарын – у Гомельскай; Глуск, Хоцімск, Краснапольле, Крычаў – у Магілёўскай. У малых і сярэдніх гарадах Беларусі вызначана 346 праблемных прадпрыемстваў і арганізацый. Вядучы спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка кажа, што ў Дзяржпраграме мінулага году было 29 малых гарадоў, дзе людзям вельмі цяжка знайсьці працу. У новай праграме іх стала 23: “У   шасьці гарадах ужо стабілізавалася абстаноўка. Нельга сказаць, што там ужо ўсе праблемы вырашаныя. Але калі 10 гадоў таму ў Ганцавічах Берасьцейскай вобласьці ўзровень беспрацоўя быў 10%, то сёньня мы кажам ужо пра 3 – 4%. Гэта ўсё адно высокі ўзровень. Але ў параўнаньні прагрэс ёсьць”. 

Праграмы разьвіцьця рэгіёнаў – на асобым кантролі ў Лукашэнкі

"Гэта глябальная праграма, і спусціць яе на тармазах нікому не ўдасца. Рэалізацыя дакумэнту на вельмі жорсткім кантролі, – заявіў Аляксандр Лукашэнка на адмысловым сэмінары для кіраўнікоў "Адраджэньне малых гарадоў і пасёлкаў – прыярытэтная задача сацыяльна-эканамічнага разьвіцця краіны". Трэба максымальна далучыць насельніцтва да вырашэньня пастаўленых задач. Кожны павінен працаваць на рэалізацыю гэтай праграмы. Людзі павінны разумець: мы гэта робім для дзяцей і ўнукаў". Паводле ацэнкі кіраўніка дзяржавы, цяпер у тэмпах развіцьця паміж індустрыяльнымі цэнтрамі і сярэднімі гарадамі ёсць пэўны дысбалянс.

Беспрацоўе на пэрыфэрыі мяркуецца вырашаць за кошт стварэньня новых працоўных месцаў. У асноўным маецца наўвазе сфэра абслугоўваньня, гандлю. У рэгіёны плянуецца прыцягнуць і замежныя інвэстыцыі. Таксама за кошт беззваротных субсыдыяў і беспрацэнтных пазыкаў з Фонду спрыяньня занятасьці на адкрыцьцё сваёй справы.

Натуральна, буйныя новыя прамысловыя прадпрыемствы будуюць у малых гарадах рэдка. Да прыкладу, у Шклове завод па вытворчасьці газэтнай паперы. Дый і тут ёсьць праблемы. Яшчэ 16 траўня 2008 года Аляксандар Лукашэнка ў Шклове прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця заводу. Але дагэтуль на поўную магутнасьць завод не запушчаны, хаця кіруючы аппарат укамплектаваны.

“Выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў»

У тых жа Ганцавічах так званых буйных горадаўтвараючых прадпрыемстваў наагул няма, толькі прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўваючай і мясцовай прамысловасьці. Было на плыву толькі адно прадпрыемства –Камбінат панэльнага домабудаваньня. Але ў кастрычніку праца на камбінаце часова спынілася. Гэта зьвязана з адсутнасьцю сыравіны і матэрыялаў. Фармовачны, арматурны, сталярны цэхі, сталоўка, склад гатовай прадукцыі не працуюць. ІТР працуюць па 3 дні на тыдзень. Сёлета плянавалася мадэрнізацыя камбінату, стварэньне новых 57 працоўных месцаў. Але пакуль людзі толькі сыходзяць з камбінату. У студзені там працавалі 262 чалавекі, у кастрычніку – 201. Ды і тым у верасьні вымушаныя былі даплочваць, каб заробак дацягнуў да пражытковага мінімуму – 220 тысяч 80 рублёў.

У кастрычніку на паседжаньні райвыканкаму чыноўнікі і дэпутаты прааналізавалі ход выкананьня мясцовай інвэстыцыйнай праграмы на 2006 – 2010 год, згодна зь якой раёне павінна быць створана 1 тысяча працоўных месцаў. У 2008 годзе плянавалася адкрыць два замежныя прадпрыемствы. Адкрылася адно сумеснае прадпрыемства зь літоўскім капіталам – “Ветрыя”. Займаецца яно нарыхтоўкай і перапрацоўкай журавін, ягад, грыбоў. Там створана толькі 20 працоўных месцаў. А вось другое прадпрыемства па вытворчасьці полістыролу –«Тройка-бай», якое плянаваў адкрыць польскі інвэстар, на жаль, ніяк не запрацуе на ўсю моц. Пакуль там працуе адзін толькі дырэктар.

За апошнія 7-8 гадоў у Ганцавічах закрыліся ўсе буйныя прадпрыемствы горада. Летам і ўвосень людзям даюць падзарабіць лясы і балоты: зьбіраюць грыбы  і ягады на продаж. Асабліва цэняцца журавіны. Мужчыны масава зьязджаюць на заробкі ў Расію і ва Ўкраіну.

Падобная сытуацыя ўва многіх малых гарадах. У правінцыі на дапамогу дзяржавы спадзявацца не выпадае, людзі самі павінны круціцца, шукаць, як зарабіць. “Выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў, а саломінкі для выратаваньня ёсьць»”, жартуе актывіст з Браславу Кастусь Шыдлоўскі. Людзі самі актыўна разьвіваюць экалягічны турызм, бо сама прырода спрыяе: Браслаўшчына – край блакітных азёр. Значная колькасьць людзей працуе будаўнікамі, вартаўнікамі, займаецца абслугоўванньнем турыстаў. Падпрацоўваюць людзі і на памежным гандлі – побач Літва і Латвія. Вось такім чынам мясцовым жыхарам памежжа дапамагае Эўразьвяз…

Людміла Корсак

info@eurobelarus.info

 

 

Видео