BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Кампанія на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня

30.10.2008
Кампанія на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International хоча правесьці ў Беларусі грамадзка-адукацыйны праект на карысьць адмены кары сьмерці.

Сутнасьць праекту заключаецца ў супрацоўніцтве Amnesty International зь беларускімі праваабарончымі арганізацыямі, якія будуць ажыцьцяўляць кампанію, скіраваную на адмену сьмяротнага пакараньня.

Цягам некалькіх дзён прадстаўніца міжнароднага сакратыарыяту Amnesty International зь Лёндану знаходзілася ў Беларусі па запрашэньні Беларускага хэльсінскага камітэту, паведаміў сябра арганізацыі Алег Гулак.

Алег Гулак: Наш накірунак дзейнасьці супадае з іхным, таму мы абмяркоўвалі пытаньні ў галіне партнэрства ў правядзеньні кампаніі па адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Мы сустрэліся з адвакатамі, роднымі людзей, якія былі расстраляныя. На заканьчэньне замежная калега пазнаёмілася зь цікавай справай, калі двух хлопцаў абвінавацілі ў забойстве й пракуратура патрабавала для іх сьмяротнага пакараньня. Справа два гады цягнулася, аж, урэшце, суд прыйшоў да высновы, што яны ўвогуле да гэтага злачынства ня маюць ніякіх адносінаў і хлопцы былі апраўданыя. Нашая госьця сустрэлася зь імі.

Як паведаміла прэс-сакратар польскай філіі Amnesty International Моніка Дэптула, Беларусь і справы зь ёй зьвязаныя носяць для арганізацыі прыярытэтны характар.

М. Дэптула: Апошнім часам мы праводзілі шэраг справаў, зьвязаных зь Беларусьсю. У прыватнасьці, патрабавалі адмены артыкулу Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Калі гаварыць пра сьмяротнае пакараньне, то ў выпадку кожнай асобы, якая атрымала сьмяротны прысуд, мы кіравалі звароты да беларускіх уладаў з патрабаваньнем адмяніць прысуд. Летась у Беларусі сьмяротныя прысуды пачулі тры асобы. Акрамя зваротаў, мы высылалі паштоўкі з белымі жоравамі, якія сымбалізуюць нашыя патрабаваньні. Таксама мы несупынна заклікаем беларускія ўлады далучыцца да мараторыя на выкананьне сьмяротнага пакараньня. Гэты мараторый будзе абмяркоўвацца на форуме ААН у сьнежні.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Эўропе, якая выконвае гэтую меру пакараньня. Паводле плянаў Amnesty Interntional, рэалізацыя кампаніі па адмене сьмяротнага пакараньня павінна пачацца на пачатку 2009 году. У рамках кампаніі заплянаванае правядзеньне навуковых канфэрэнцыяў, грамадзкія дыскусіі й медыйныя кампаніі. Міжнародная арганізацыя хоча, каб да кампаніі далучыўся афіцыйны бок. Але, на жаль, прадстаўніцы Amnesty Interntional не ўдалося сустрэцца з прадстаўнікамі адпаведных беларускіх ведамстваў, каб абмеркаваць такую магчымасьць. Сустрэча прайшла толькі ў Міністэрстве юстыцыі, паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

В. Стэфановіч: На жаль, не ўдалося сустрэцца з кіраўніцтвам Вярхоўнага суду, у прыватнасьці, са старшынём Валянцінам Сукалам, які, дарэчы, выказваўся пра тое, што Беларусь гатовая да ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Таксама не ўдалося сустрэцца зь Генэральным пракурорам Рэспублікі Беларусь Рыгорам Васілевічам, які, будучы старшынём Канстытуцыйнага суду, прымаў рашэньне аб тым, што сьмяротнае пакараньне ў Беларусі можа быць адменена без унясеньня зьменаў у Канстытуцыю, гэтак сама можа быць абвешчаны мараторый. Прыгадаю, што ў Канстытуцыі РБ напісана, што сьмяротнае пакараньне носіць часовы характар. Мы, беларускія праваабаронцы, настойвалі й будзем настойваць на адмене гэтай меры пакараньня й спадзяемся, што ў хуткім часе мы станем сьведкамі ўвядзеньня мараторыя.

Варта ўзгадаць, што адмена сьмяротнага пакараньня зьяўляецца адной з 12 умоваў далейшага супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і беларускімі ўладамі.

Караліна Русіновіч

Видео