BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Літва гатовая стаць адвакатам Беларусі ў Эўропе

29.10.2008
Літва гатовая стаць адвакатам Беларусі ў Эўропе

26 кастрычніка ў Літве прайшоў другі тур парлямэнцкіх выбараў. Паводле інфармацыі старшыні ЦВК Зянонаса Вайгаўскаса, перамогу атрымаў кансэрватыўны “Саюз Айчыны” былога прэм’ер-міністра Андруса Кубілюса — 44 мандаты са 141. На другое месца выйшлі сацыял-дэмакраты, якія цягам сямі гадоў знаходзіліся ў кіроўнай эліце Літвы – 26 месцаў у новым парлямэнце. 16 мандатаў атрымала нядаўна ўтвораная Партыя народнага адраджэньня, у склад якой увайшлі вядомыя ў краіне прадстаўнікі шоў-бізнэсу. Партыя былога кіраўніка краіны Раландаса Паксаса здолела заваяваць 15 месцаў у Сэйме. Прарасейская Партыя працы мультыміліянэра расейскага паходжаньня Віктара Ўспаскіх здабыла 10 мандатаў, 11 – у руху лібэралаў, 8 – у лібэрал-цэнтрыстаў. Прадстаўніцтва іншых партыі ў Сойме будзе мінімальным.

Відавочна, што парлямэнцкую кааліцыю складуць прадстаўнікі чатырох правацэнтрысцкіх партый — «Саюз Айчыны», Партыя народнага адраджэньня, рух лібэралаў і лібэрал-цэнтрысты.

Ці зьменіцца палітыка Літвы ў адносінах да Беларусі?

У літоўскім Сэйме, які складае свае паўнамоцтвы, было дзьве групы па сувязях зь Беларусьсю. Адну ачольваў беларус Вацлаў Станкевіч, другую — Раса Юкнявічэне. Спадарыня Юкнавічэне, зноў абраная дэпутатам Сэйму, — сябра прэзыдыюму партыі “Саюз Айчыны”, які атрымаў 44 мандаты. Яна лічыць, што стасункі зь Беларусьсю, калі зьмяняцца, то ў лепшы бок: “Толькі да лепшага. Бо наша партыя вельмі зацікаўленая, каб зь Беларусьсю былі адносіны эўрапейскія, нармальныя. Канечне, гэта залежыць ня толькі ад нас, але і ад рэжыму беларускага. Калі будзе больш крокаў насустрач Эўропе, мы будзем гэта толькі вітаць, мы гатовы быць, так бы мовіць, адвакатамі беларускай справы ў Эўропе”.

Спадарыня Юкнявічэне падкрэсьліла, што ў праграме партыі закладзены праэўрапейскі шлях разьвіцьця Літвы, таму і палітычныя сувязі зь Беларусьсю Вільня будзе фармаваць ў залежнасьці ад зьнешнепалітычынга курсу афіцыйнага Менску. Паводле меркаваньня Расы Юкнявічэне, палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі сур'ёзна залежыць ад дэмакратычных тэндэнцыяў у палітыцы ўладаў краіны. Яна прывяла прыклад, як пасьля крокаў Менску па вызваленьні палітвязьняў Брусэль часткова прыпыніў санкцыі Эўразьвязу. Паводле яе словаў, Вільня «вельмі станоўча ставіцца да супрацоўніцтва зь Беларусьсю і вельмі жадае, каб яна разам зь Літвой заняла прыстойнае месца ў Эўропе».

А лідэр кансэрватараў, старшыня «Саюзу Айчыны» Андрус Кубілюс выказаў меркаваньне, што «ад Расеі залежаць адносіны Літвы як з самой Расеяй, так і зь Беларусьсю».

У новаабраным Сэйме таксама будзе група па сувязях зь Беларусьсю

У апошнія гады афіцыйная Вільня гуляла далёка не апошнюю ролю ў перамовах паміж Менскам і Брусэлем. Да таго ж, Пятрас Вайцякунас да свайго прызначэньня ў 2006 годзе міністрам замежных спраў Літвы быў амбасадарам Літвы ў Беларусі і добра ведае сытуацыю ў краіне. Ён заўсёды выступаў за дыялёг паміж Вільняй і Менскам, паміж Беларусьсю і Эўрапейскім Зьвязам.

Між тым, старшыня другой парлямэнцкай групы па сувязях зь Беларусьсю Вацлаў Станкевіч у новы парлямэнт не балятаваўся. Што да перамогі кансэрватараў і адносінаў да Беларусі, ён выказаў такое меркаваньне:

“Гэта адна з палітычных сіл, якая мае шмат досьведу ў палітычных справах. Кардынальных зьменаў ня будзе, я ў гэтым упэўнены, бо як для кансэрватараў, так і для сацыял-дэмакратаў, так і для прадстаўнікоў іншых партыяў стратэгічная мэта аднолькавая: нам вельмі важна абараніць Беларусь як незалежную дзяржаву, самастойную дзяржаву са сваёй мовай і са сваёй культурай”.

Ці будзе створана ў новым Сэйме Літвы адмысловая парлямэнцкая група па сувязях зь Беларусьсю? Віцэ-старшыня «Саюзу Айчыны» Раса Юкнявічэне адказала так: «Так, будзе. Я нават думаю, што больш актыўная і больш моцная. Таму што больш людзей ад нашай партыі абрана, а мы заўсёды мелі вялікі інтарэс асабліва да дэмакратычных сіл Беларусі і да паляпшэньня стасункаў з гэтай краінай». 

Анатоль Лябедзька: «Лукашэнку зараз будзе цяжэй размаўляць з афіцыйнай Вільняй»

Што думаюць беларускія палітыкі наконт адносінаў паміж Літвой і Беларусьсю? Старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзькі выказаў такое меркаваньне: “Лукашэнку зараз будзе цяжэй размаўляць з афіцыйнай Вільняй, таму што фармуецца і мае пэрспэктыву правацэнтрысцкая кааліцыя, а гэта азначае — Кубілюс, Ландсбэргіс ды іншыя постаці літоўскай палітыкі. Яны больш жорсткія, яны больш прагматычныя. Разам з тым, ня трэба думаць, што нешта будзе прынцыпова іншым, бо Літва зьяўляецца часткай Эўрапейскага Зьвязу, і зьнешняя палітыка ўсё больш і больш становіцца калектыўнай і калегіяльнай. Па-другое, у літоўскім Сойме існавалі дзьве групы па працы зь Беларусьсю. Адну зь іх узначальваў Вацлаў Станкевіч, і яна была больш памяркоўная. А вось другая, якую ўзначальвала Раса Юкнавічэне, яна складалася з правых, у асноўным з кансэрватараў, і яны былі больш прынцыповымі і жорсткімі”.

Першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін таксама лічыць, што кардынальных зьменаў ня будзе: “Калі нешта зьменіцца, то толькі часткова. Наагул, Літва будзе гуляць паводле тых правілаў, якія існуюць у Эўразьвязе. Таму чакаць, што адбудуцца нейкія рэвалюцыйныя зьмены, ня варта. Што тычыцца ў цэлым пазыцыі ўраду, пазыцыі краіны — на мой погляд, усё будзе ў тых рамках, якія існуюць у Эўразьвязе».

Людміла Корсак

[email protected]

Видео