BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Супольны нямецка-беларускі праект дае плён

29.10.2008
 Супольны нямецка-беларускі праект дае плён
Тобіас Кнубэн: Самы лепшы вынік праграмы "Дапамога Беларусі" – гэта Інстытут германазнаўства.

Напрыканцы Тыдня нямецкай мовы і культуры ў Берасьці самы актыўны ўдзел у ім узяў запрошаны эксперт Тобіас Кнубэн. Спадар Кнубэн, былы выкладчык выгнанага з краіны Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, на сёньня ёсьць дырэктарам Інстытуту германазнаўства ў Менску. Тобіас Кнубэн згадзіўся даць інтэрвію.

– Спадар Кнубэн, ці мае Інстытут германазнаўства партнэраў у Беларусі? Ці ёсць беларускія супрацоўнікі? Якія выконваеце праекты?

– Ёсць. А галоўны наш партнэр – Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Беларускіх супрацоўнікаў болей, чым нямецкіх. Немцаў толькі двое: я і яшчэ адзін калега. Але мы выраўноўваемся за кошт запрошаных выкладчыкаў зь Нямеччыны. Асноўныя праекты адукацыйныя.

– А як Лінгвістычны ўнівэрсытэт?

– Зь ім найбольш супрацоўнічае Інстытут імя Гётэ. Бо нашыя дасьледаваньні й праграмы палягаюць найперш у вобласьці соцыюму. Але і зь Лінгвістычным унівэрсытэтам, і зь Інстытутам імя Гётэ мы вельмі цесна супрацоўнічаем.

– Сёньня Вы распавядалі пра праграму "Дапамога Беларусі" ("Beistand Belarus"). Як можна ахвотным падрыхтавацца да ўдзелу ў ёй, як знайсьці спонсара, атрымаць падтрымку. А дзейнасьць кіраванага Вамі Інстытуту палягае ў рэчышчы гэтай праграмы?

– Так, гэта ёсьць фэдэральнай праграмай ураду Нямеччыны, а наш Інстытут тут у Беларусі працуе ў цесным кантакце з урадам ФРГ – празь нямецкую амбасаду ў Менску.

– Ці можаце Вы назваць самы пасьпяховы і самы няўдалы праект праграмы "Дапамога Беларусі"?

– Дык Інстытут германазнаўства гэта і ёсьць самы ўдалы праект праграмы. Бо мы чэрпаем рэсурсы зь яе. А самы няўдалы… "кіем па бульбяніску... " Бадай што, гэта было б некарэктна ў адносінах да тых, хто вядзе другія праекты.

– У Берасьцейскай вобласьці падтрыманы праект па экатурызму. Вядома, што праграма "Дапамога Беларусі" мае мэтай узмацніць дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне. Як таму садзейнічае экатурызм?

– Бадай што Вы маеце рацыю.

– Ці існуюць нейкія разыходжанні паміж немцамі і беларусамі на ўзроўні мэнталітэту?

– Як правіла, усё залежыць ад асабістых якасьцяў людзей, якія выконваюць праект. Быў у мяне станоўчы досвед, быў і адмоўны, але ўсё палягае, па-мойму, у суб’ектыўнай плоскасьці.

– Як Вы ацэньваеце бягучы Тыдзень нямецкай мовы і культуры?

– На мой погляд, гэта ўдалы супольны праект некалькіх нямецкіх установаў. Як вядома, Тыдзень найперш  праходзіць у Менску 3 кастрычніка, у Дзень нямецкага яднаньня, і потым толькі ў адным яшчэ беларускім горадзе – у Берасьці. Другі год запар гэта так. Лічу сёлетні тыдзень у вашым горадзе вельмі ўдалым. Шмат разнастайных імпрэзаў, і аматараў нямецкай культуры тут багата.

Спасылка

 

Видео