BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускі юрыст Сяргей Шаўцоў атрымаў прэстыжную хрысьцінскую ўзнагароду

24.10.2008
Беларускі юрыст Сяргей Шаўцоў атрымаў прэстыжную хрысьцінскую ўзнагароду

З 6 па 12 кастрычніка ў сталіцы ЗША Вашынгтоне прайшоў пяты Ўсясьветны форум хрысьціянскіх юрыстаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі «Advocates International», Christian Legal Society, Advocates North America. Тэма форуму -- «Хрысьціянскі заклік і юрыдычная прафэсія». У імпрэзе бралі ўдзел каля 1500 дэлегатаў са 106 краінаў сьвету. На прадстаўнічае мерапрыемства былі запрошаныя і беларускія юрысты-хрысьціяне і праваабаронцы -- Сяргей Луканін, Сяргей і Дзіна Шаўцовы. 

 

Цэлы тыдзень хрысьціянскія юрысты напружана працавалі, бралі ўдзел ў розных сэмінарахРэлігійныя нормы і нормы аб карупцыі», «Прасоўваньне і адстойваньне грамадзянскіх інтарэсаў бедных: хто праявіць правасудзьдзе?», «Рэлігійныя канфлікты» і інш.), абменьваліся досьведам, распавядалі пра сытуацыю са свабодай веравызнаньня ў сваіх краінах, праводзілі прэзэнтацыі рэгіянальных праектаў па кантынэнтах.

У межах канфэрэнцыі беларусам было даручана правесьці сэмінар “Вяршыньства закону і свабода сумленьня ў Беларусі”. На сэмінары былі разгледжаныя міжнародныя стандарты ў галіне рэлігійных свабодаў, дадзены аналіз адпаведнасьці нацыянальнага заканадаўства Беларусі гэтым стандартам, беларускія юрысты распавялі пра канкрэтныя прыклады перасьледу сьвятароў, парушэньня правоў вернікаў.

У сэмінары бралі ўдзел юрысты з Баўгарыі, ЗША, Італіі, Вялікай Брытаніі, Славакіі, краінаў СНД.

На сэмінары з інфармацыяй аб кампаніі па збору подпісаў за зьмены рэлігійнага заканадаўства Беларусі выступіў юрыст рэлігійнай абшчыны “Царква Новае Жыцьцё” Сяргей Луканін.

Юрыст і праваабаронца Сяргей Шаўцоў быў уганараваны асаблівай узнагародай «Добры Самаранін» за актыўную абарону правоў вернікаў у Беларусі. У сакавіку 2006 года Сяргей Шаўцоў быў асуджаны на 10 сутак арышту за арганізацыю рэлігійнага сэмінару, дазволу на правядзеньне якога беларускія ўлады не далі. Ён адбываў арышт у сумна вядомым спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Сяргей Шаўцоў лічыць: “Узнагарода належыць ўсім хрысьціянам Беларусі, якія актыўна адстойваюць справядлівасьць і абараняюць правы вернікаў, прасоўваюць хрысьціянскія каштоўнасьці ва ўсіх сацыяльных сфэрах”.

Прэзыдэнт Хрысьціянскіх юрыстаў «Advocates International» Сэмуэль Эрыксан адзначыў:  «Мы не павінны быць проста назіральнікамі і канстатаваць парушэньне законаў альбо неадпаведнасьць мясцовых законаў міжнародным стандартам і нормам. Гасподзь заклікаў нас адстойваць ягоныя  інтарэсы, прыкласьці намаганьні дзеля таго, каб ўсе чалавечыя адпавядалі законам Царства Божага».

Зараз у Беларусі няма самастойнай структуры Advocates International. Аднак беларускія юрысты доўгі час супрацоўнічаюць з рэгіянальнай арганізацыяй  Advocates International - Advocates Europe. У 2007 годзе Сяргей Шаўцоў быў абраны сябрам Рады Advocates Europe.

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео