BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларусь у эўрапейскіх праграмах добрасуседзтва

24.10.2008
Беларусь у эўрапейскіх праграмах добрасуседзтва
21 кастрычніка ў Вільні прайшлі першыя грамадзкія кансультацыі “Беларусь у эўрапейскіх праграмах добрасуседзтва”. У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, эўрапейскіх структур, дэпутаты Сэйму Літвы, экспэрты, прадстаўнікі беларускіх грамадзкіх арганізацыяў, праваабаронцы, навукоўцы. Мяркуецца, што такія публічныя слуханьні па беларускім пытаньні пройдуць яшчэ ў некалькіх эўрапейскіх краінах: у найбліжэйшай пэрспэктыве — 4 лістапада -- у Польшчы, потым у Нямеччыне, Даніі і Нідэрляндах.

Вацлаў Станкевіч: “Мы не хацелі б, каб Беларусь аддалілася ад Эўразьвязу”

Па ініцыятыве парлямэнтара Вацлава Станкевіча (дарэчы, беларускага паходжаньня) у літоўскім Сэйме тры гады таму была створаная  парлямэнцкая група па сувязях зь Беларусьсю, якую ён узначаліў.

Дэпутат Сэйму Вацлаў Станкевіч выступіў з дакладам “Беларусь у замежнай палітыцы Літвы”. Ён адзначыў, што вельмі ганарыцца тым, што Літва таксама мае непасрэднае дачыненьне да пацяпленьня адносінаў Беларусі з Эўразьвязам. Менавіта Літва, як бліжэйшая суседка Беларусі, на працягу трох гадоў выказвае афіцыйную пазыцыю Эўразьвязу ў дачыненьні гэтай краіны: “Трэба падтрымліваць дыялёг як з апазыцыяй, так і з уладай, абавязкова з абодвума бакамі. І гэта ня толькі таму, што цяпер афіцыйныя ўлады зрабілі нейкія рэальныя пазытыўныя крокі ў бок Эўразьвязу – сапраўды, яны зрабілі гэта, мы заўважылі гэта, і я вельмі гэтым цешуся . Таксама мы павінны разумець, што Беларусь — гэта эўрапейская краіна, і калі мы ня будзем падтрымліваць дыялёг і з афіцыйнай уладай, я вельмі баюся — як жыхар Літвы, мы — як бліжэйшыя суседзі зь Беларусьсю вельмі не хацелі б, каб Беларусь аддалілася ад Эўразьвязу. І мы бачым вось такое сяброўства, прабачце, з Вэнэсуэлай, з Іранам, з Паўночнай Карэяй, і мы хацелі б ня страціць Беларусь. Таму падтрымліваючы дыялёг і апазыцыяй, і з афіцыйным Менскам, і з грамадзянскай супольнасьцю – мы будзем мець магчымасьць у найлепшым сэнсе гэтага слова ўцягнуць Беларусь у эўрапейскія працэсы, уцягнуць Беларусь у працэсы Эўразьвязу. Гэта вельмі важна для ўраду Літвы, для Сэйму Літвы. Мы і надалей будзем размаўляць з нашымі хаўрусьнікамі па Эўразьвязу, што трэба і надалей кантактаваць і з адным, і з другім крылом. Таму што інакш мы можам страціць Беларусь. А мы вельмі ня хочам страціць гэтую цудоўную краіну з багатай гісторыяй, культурай, мовай”. 

Уся Эўропа зацікаўленая ў добрай і заможнай суседцы

Прадстаўнік офісу Эўракамісіі ў Беларусі Яніс Айзсалніекс выступіў з дакладам “Палітыка Эўразьвязу ў адносінах да Беларусі: пераход да супрацоўніцтва і несупадзеньні”. Кіраўнік аддзелу палітычнай аналітыкі Цэнтру дасьледаваньняў Усходняй Эўропы Лаўрынас Янавічус распавёў пра рэальныя і пажаданыя адносіны паміж Беларусьсю і Эўропай. Экспэрт-кансультант праграмы добрасуседства Эўрапейскай камісіі ў дачыненьні Беларусі Тацяна Пашавалава расказвала пра ролю супрацоўніцтва з Эўразьвязам для няўрадавых арганізацый, для так званага “трэцяга сэктару”.
У дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, сярод якіх амбасадар Ірляндыі ў Літве, прадстаўнік амбасады Канады ў Літве, аташэ амбасады Вялікай Брытаніі ў Беларусі ды іншыя.

У.Мацкевіч:Беларусь: пятае кола альбо праблема ў сучаснай эўрапейскай палітыцы?”

Кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій і Цэнтру сацыяльных інавацый, палітоляг Уладзімер Мацкевіч выступіў у Вільні з дакладам “Беларусь: пятае кола альбо праблема ў сучаснай эўрапейскай палітыцы”. Ён, прынамсі, адзначыў: “Вельмі прыемна, што амбасадары замежных краінаў, пачынаючы з даволі далёкай ад Беларусі Ірляндыі, уключна з Канадай, зацікавіліся гэтай сустрэчай. І  што адбылася вельмі грунтоўная размова без усялякіх, так бы мовіць, “палітэсаў”, а па вельмі важных, зьмястоўных пытаньнях. На думку Уладзімера Мацкевіча, зараз вельмі важна і істотна стымуляваць і падтрымліваць дыялёг ня толькі на вышэйшым узроўні палітыкаў, але ж і паміж рознымі фабрыкамі думак, няўрадавымі арганізацыямі, бо сёньняшняя сытуацыя зь Беларусьсю вельмі складаная, і яна — пэўны выклік для Эўропы, да тых каштоўнасьцяў, якія Эўропа імкнецца распаўсюдзіць і ўсталяваць у сабе. І Беларусь у пэўным сэнсе стала такім выклікам для Эўропы: тут ідуць зусім адваротныя працэсы. З аднаго боку – у грамадзтве, а з другога боку, калі паглядзець на месца Беларусі ў эўрапейскай супольнасьці, агульнай інтэграванай Эўропе,   яна застаецца адзінай краінай, якая не ўваходзіць ў Раду Эўропы, ня мае стасункаў і пэўнага ўзгадненьня палітыкі з Эўразьвязам і астатнімі эўрапейскім інстытутамі”.

Новы склад  парлямэнту Літвы і ўрад: ці зьменіцца стаўленьне да  Беларусі?

Амаль месяц таму ў Беларусі абраны новы склад Палаты прадстаўнікоў. У нядзелю ў Літве пройдзе другі тур парлямэнцкіх выбараў. Ці ня зьменіцца ўвага літоўскіх дэпутатаў, афіцыйнай Вільні да Беларусі? Вацлаў Станкевіч так адказаў на гэтае пытаньне: “Мы яшчэ ня ведаем, хто будзе фармаваць кіруючую кааліцыю ў Сэйме Літвы, і хто будзе фармаваць урад Літвы. Можа, гэта будуць кансэрватары, можа – сацыял-дэмакраты, але кардынальных зьменаў ня будзе. Бо і для кансэрватараў, і для сацыял-дэмакратаў, і для прадстаўнікоў іншых палітычных партый стратэгічная мэта аднолькавая: нам вельмі важна захаваць Беларусь як сувэрэнную незалежную дзяржаву са сваёй мовай і са сваёй культурай. Літва вельмі зацікаўленая, каб яе суседкай была стабільная, заможная, сувэрэнная краіна”.

Толькі дыялёг, а не мова рэзалюцыяў і заяваў

Паводле меркаваньня дэпутата Літоўскага Сэйму Вацлава Станкевіча, Эўразьвяз, Літва чакае ад афіцыйнага Менску іншых пазытыўных крокаў: свабоды СМІ, спыненьня ціску на апазыцыйныя партыі, недзяржаўныя арганізацыі. Але і Эўропа, Эўразьвяз павінны таксама зрабіць наступныя крокі ў дачыненьні афіцыйнага Менскую Але не забываючыся і пра апазыцыю, падкрэсьліў старшыня парлямэнцкай групы па сувязях зь Беларусьсю Літоўскага Сэйму Вацлаў Станкевіч: “Апазыцыя для нас па-ранейшаму вельмі важная. Але патрэбны дыялёг і афіцыйным Менскам, і з апазыцыяй. Толькі шляхам дыялёгу мы можам дасягнуць пазытыўных зрухаў. Калі мы зноў будзем размаўляць мовай рэзалюцыяў і заяваў, мы ня будзем мець плённых вынікаў”.

Людміла Корсак

[email protected]

Видео