BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Рацыянальнасьць у беларускім мысьленьні”

24.10.2008
“Рацыянальнасьць у беларускім мысьленьні”

“Рацыянальнасьць у беларускім мысьленьні”, - пад гэтай назвай пабачыў сьвет унікальны часопіс, прысьвечаны праблематыцы беларускай школы філязофіі. На мэце праекту – пазнаёміць эўрапейскіх навукоўцаў з прадстаўнікамі гуманітарнай думкі на Беларусі, прэзэнтаваць беларускую навуку эўрапейскім суседзям.

Навуковы часопіс “Рацыянальнасьць у беларускім мысьленьні” выйшаў у Беластоку на базе міжнароднага навуковага выданьня. Выданьне цалкам прысьвечана пытаньням беларускай філязофскай думкі. Пра мэты, патэнцыял і пэрспэктывы навуковай пэрыёдыкі eurobelarus.info гутарыць з рэдактарам часопісу Андрэем Шуманам.

- У чым унікальнасьць гэтага навуковага часопісу?

- Гэта першае навуковае англамоўнае выданьне, асобнік часопіса міжнароднага роўню, прысьвечаны тэме беларускай філязофіі. Унікальнасьць гэтага выданьня ў тым,  што ў нашай краіне наагул не існуе навуковых часопісаў міжнароднага роўню. Наагул беларуская навука настолькі ж дэзарганізаваная, як і, прыкладам, публічная палітыка.  Навука беларуская існуе ў замкнёнай сваёй прасторы, гермэтычнай, яна разьбіваецца на пэўную колькасьць тэматычных суполак... Можна казаць пра праблему навуковых камунікацыяў, навуковага дыскурсу ў Беларусі. Камунікацыі дагэтуль будуюцца на пэўных сувязях, знаёмствах і гэтак далей, камунікацыям бракуе публічнасьці. Адпаведна, вобраз беларускай навукі за мяжой, - ён фактычна не сфармаваны.  То бок, нельга сказаць, што пра беларускую навуку шырока вядома эўрапейскім навукоўцам.  А гэта сьведчыць  пра значную і відавочную белую пляму ў іміджу нашай краіны.   Атрымліваецца, што  адмоўных рысаў у гэтым іміджу досыць, - аўтарытарны рэжым, недэмакратычны дзяржаўны лад. А вось навуковая сфэра магла б стаць станоўчай рысай іміджу Беларусі ў сьвеце.

Выданьне прысьвечана беларускай філязофіі і  ўласьцівасьцям філязофскай традыцый. Адначасова шмат артыкулаў прысьвечана пэрспэктывам разьвіцьця гэтых традыцый,  дасьледваньням, - наколькі мэтазгодна трансфармаваць гэтую філязофскую традыцыю, у чым яе мінусы і плюсы...

Гэта першы экспэрымэнт, які не меў пакуль аналягаў. Праект у  вокладцы міжнароднага часопіса, прысьвечаны выключна  адной тэме - беларускай філязофіі.

 - Можна акрэсьліць місію гэтага часопіса?

З аднаго боку, - гэта спроба крыху зарэтушаваць белую пляму ў ведах замежных калегаў пра беларускую філязофскую традыцыю. Па-другое, гэта спроба актывізаваць камунікацыі беларускіх навукоўцаў між сабой, бо адсутнасьць гэткіх высокіх стандартаў, - у прыватнасьці, філёзафаў, гуманітарыяў, - не мае пэрспэктыў стварэньне нейкіх сур’ёзных зьмястоўных праектаў, не мае пэрспэктыў кантэнту. І гэты праект, спадзяемся, пакладзе пачатак назапашваньня досьведу, які ў далейшым дазволіць і нам, у Беларусі, стварыць сур’езныя навуковыя праекты міжнароднага роўню двухмоўныя.

- Мова выданьня – толькі ангельская?

 - Справа ў тым, што часопіс міжнароднага роўню на Захадзе мусіць адпавядаць шэрагу ўмоваў. Як правіла, гэта абавязковая ангельская мова, часам робіцца выключэньне, - некаторыя артыкулы могуць быць на францускай, нямецкай, нейкіх іншых эўрапейскіх мовах, але як правіла, гэта суцэльна ангельская мова выданьня; у рэдкалегіі павінны быць навукоўцы, якія прызнаны аўтарытэтамі міжнароднага роўню; друкавацца павінны прадстаўнікі розных краін. Рэдкалегія – вядомыя польскія вучоныя, у прыватнасьці, Ян Валіньскі, прафэсар Ягелонскага унівэрсытэта.

Паводле пералічаных стандартаў, у нашай краіне няма часопісаў міжнароднага ўзроўню. На вялікі жаль. У нас не сфарміравана прэзэнтацыя, так бы мовіць, беларускіх навуковых школ, кірункаў. Такім чынам, брэндзінг беларускай навукі застаецца неўпарадкаваным, імпульсным і неарганізаваным.  

Пазнаёміцца з выданьнем можна тут, артыкулы выкладзеныя ў вольным доступе. Што да фізычных, друкаваных асобнікаў праекту, то ён распаўсюджваецца сярод мэтавай аудыторыі – сярод эўрапейскіх навукоўцаў і іншых зацікаўленых.

[email protected]

Видео