BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Ірландскія інвестары могуць сысці з Беларусі

24.10.2008
Ірландскія інвестары могуць сысці з Беларусі
Стаўленне кіраўніцтва беларускага канцэрна Белбіяфарм да сумеснага з ірландскай кампаніяй Грынфілд праекту па вытворчасці біяэтанолу ў Беларусі можа вымусіць Грынфілд перавесці праект у Расею.

Так лічыць эксперт у галіне біяэнергетыкі адной з сумежных краінаў, які пажадаў застацца неназваным.

"Такі буйны энергетычны праект - падарунак любой краіне. Думаю, што Грынфілд будзе працягваць працаваць над праектам у Беларусі з улікам ужо зробленых высілкаў, аднак яны не могуць не разумець, што не запатрабуецца шмат грошаў, каб перанесці праект, напрыклад у Расею", -- заявіў эксперт у інтэрв'ю "Интерфаксу". Такую думку ён выказаў, каментуючы рознагалоссі, якія ўзніклі паміж кампаніяй Грынфілд і кіраўніцтвам Белбіяфарма.

21 кастрычніка на паседжанні прэзідыўма Савета міністраў Беларусі старшыня канцэрна "Белбіяфарм" Міхаіл Чарапок заявіў, што графікі рэалізацыі праектаў па стварэнні вытворчасцяў паліўнага біяэтанолу ў Бабруйску і Мазыры зрываюцца па віне замежнага інвестара - кампаніі "Грынфілд". Ён патлумачыў, што інвестар прапанаваў акрамя біяэтанолу выпускаць біядызель і біягаз, што патрабуе вялікіх часавых выдаткаў на ацэнванне праекту. М.Чарапок таксама звярнуў увагу на тое, што зрыў праектаў па стварэнні вытворчасці паліўнага этанолу прывёў да таго, што канцэрн у цяперашні час не выконвае даведзеныя паказчыкі па аб'ёме інвестыцыяў у асноўны капітал.

Са свайго боку кампанія Грынфілд, каментуючы па просьбе агенцтва гэтыя абвінавачванні, абвергла іх, падкрэсліўшы, што Грынфілд выконвае ўсе свае абавязальніцтвы перад беларускім бокам. "Гэта проста няпраўда", падкрэслілі ў кампаніі.

Кампанія таксама нагадвае, што, нягледзячы на складанасці на фінансавых рынках, а таксама няздольнасць банка ABN Amro (меркаванага фінансіста праекту - ИФ) да выканання дамоўных абавязальніцтваў, Грынфілд мае намер скончыць стварэнне стратэгічнага альянсу па рэалізацыі праекту.

Стварэнне мультылініяў па вытворчасці біяэнергіі, на думку Грынфілд, будзе садзейнічаць больш устойлівай прыбытковасці прадпрыемства. "Гэты праект таксама адкрывае магчымасці ўдзелу ў Еўрапейскай праграме гандлю вуглевадародамі", адзначаецца ў каментары. "Гэтае рашэнне прынятае пасля падрабязнага аналізу і кансультацыяў з такімі канцэрнамі як MAN Forrestaal, Siemens and Chematur", паведамілі ў Грынфілд. У кампаніі пацвердзілі, што "рухаюцца наперад у межах раскладу, які ўзгаднілі ў сакавіку 2008 года". Датычна фізічнай рэалізацыі праекту, кампанія пацвердзіла, што ўсё дзеянні пачнуцца ў 2009 годзе.

На думку эксперта рынка біяэнергетыкі, прычынай рознагалоссяў з'яўляецца імкненне кампаніі Грынфілд не проста ўкласці грошы ў будаўніцтва заводаў, а прапрацаваць на 15-20 гадоў наперад схему збыту прадукцыі, што не ўваходзіць у задачы Белбіяфарма. "Ім незразумелая пазіцыя кіраўніцтва канцэрна, агучаная на адной з нядаўніх нарадаў у Белбіяфарме: "Навошта мы зараз абмяркоўваем пытанні сыравіны, давайце пачынаць будаваць заводы, а потым разбярэмся!".

Эксперт удакладніў, што ў пачатку кастрычніка ў Менску быў генеральны дырэктар кампаніі Майкл Рытфілд. Падчас гэтага візіту кампанія пазнаёміла са сваімі падыходамі, у прыватнасці, улічваючы тое, што фабрыкі будуць будавацца паўтара года, прапанавала вызначыць адносіны з пастаўшчыкамі прадукцыі і лагістычныя схемы збыту этанолу (плануецца вытворчасць 500 тысяч тонаў этанолу - ИФ). "Цалкам натуральна, што кампанія хоча загадзя стварыць сістэму кантрактных адносінаў з калгасамі па вырошчванні дадатковых, вельмі істотных аб'ёмаў цукровага бурака і збожжа", патлумачыў суразмоўца агенцтва.

Прычынай рэзкіх заяваў з боку беларускага канцэрна, на яго думку, з'яўляецца не заўсёды апраўданая практыка справаздачнасці за паказчыкі. "Белбіяфарму ўпісалі гэтыя праекты ў план прыцягнення інвестыцыяў. І зараз беларусаў не хвалюе ні сусветны фінансавы крызіс, ні неабходнасць адаптацыі праекту да новых умоваў. Мясцовыя працэдуры проста супярэчаць рэаліям міжнароднага рынка. Атрымліваецца як у вядомым фільме - спачатку самі сабе ствараем цяжкасці, а потым не ведаем, як з гэтага выбраца", адзначыў суразмоўца агенцтва.

Па інфармацыі эксперта біяэнергетычнага рынка, хуткім часам Грынфілд сканчае фарміраванне фінансавага кансорцыўму. Мяркуецца, што нямецкі Commerzbank будзе забяспечваць сіндыцыраваны крэдыт. Розныя стадыі праекту будуць фінансавацца з розных крыніцаў. Будаўніцтва саміх прадпрыемстваў будзе фінансавацца па лініі адпаведных экспартных праграмаў, а вытворчасць пасля ўводу фабрыкаў будзе фінансавацца пад гарантыю паставак. Мабыць, дадаткова будзе створаны кансорцыўм стратэгічных інвестараў. "Гэта называецца праектнае фінансаванне", удакладніў суразмоўца агенцтва.

Спасылка

Видео