BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Абаронцаў дрэваў чакае суд

16.10.2008
Абаронцаў дрэваў чакае суд
Тры грамадзкія актывісты, якія спрабавалі сёньня ў Гародні бараніць ад зьнішчэньня дрэвы, затрыманыя міліцыяй.Ігара Лапеху і Надзею Крапівіну вінавацяць у дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, Эдварда Дмухоўскага - толькі ў дробным хуліганстве. Зараз усе затрыманыя чакаюць позвы ў суд.

      Канфліктная сытуацыя ў Тэлеграфным завулку надарылася ў пачатку 10-й гадзіны. Па словах Ігара, ён ехаў міма і пачуў гук пілы. Прыехаўшы на месца, ён, а таксама Надзея і Эдвард, якія таксама апынуліся ў гэтым месцы, сталі пад дрэвы, перашкодзіўшы такім чынам іх пілаваньню.

      У хуткім часе прыехалі супрацоўнікі міліцыі, якія пасля непрацяглага высьвятленьня абставінаў адвялі затрыманых у Ленінскі РАУС, дзе на іх былі складзеныя пратаколы пра правапарушэньні.

      У пратаколе сп. Лапеха пазначыў, што абураны дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі, якія фактычна спрыялі незаконнаму зьнішчэнню дрэваў (як толькі актывістаў забралі - дрэвы спілавалі). 

      Замову на пілаваньне зрабіла кіраўніцтва прафэсыйна-тэхнічнага каледжу камунальнай гаспадаркі. Яшчэ год таму гарадскія ўлады падпісалі акт, па якім дрэвы былі "дуплістымі, ссыхаючымі, з аварыйным ухілам".   На думку сп. Лапехі, спілаваныя дрэвы былі здаровымі і ўяўлялі сабой прыродную і эстэтычную каштоўнасць. 

      Тыдзень таму на гэтым жа месцы грамадзкія актывісты ўжо спынялі незаконную, з іх пункту гледжаньня, вырубку дрэваў. Міліцыя тым разам нікога не затрымлівала. Гэтым разам абаронцам гістарычнай і прыроднай спадчыны пагражае грашовы штраф альбо некалькі сутак зняволеньня. 

     Паводле www.t-styl.info 

Видео