BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Па-за Балёнскім працэсам

30.09.2008
Па-за Балёнскім працэсам

З канца 1990-х у Эўропе пачаўся працэс стварэньня адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. У 1999 годзе ў Балёньі міністры адукацыі і прадстаўнікі ўнівэрсытэтаў 29 эўрапэйскіх краінаў падпісалі Дэклярацыю, у якой прапісаная мэта — да 2010 году стварыць агульнаэўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі. Таму гэты працэс пачаў называцца балёнскім. Мэтай ісанваньня Балёнскай дамовы зьяўляецца максымальная ўніфікацыя адукацыйных сыстэм эўрапейскіх краінаў.

10 накірункаў Балёнскага працэсу

Балёнскай дэклярацыяй у 1999 годзе краіны-удзельніцы Балёнскага працэсу абвесьцілі стварэньне адзінай адукацыйнай і навуковай прасторы, у межах якой павінны дзейнічаць адзіныя ўмовы прызнаньня дыплёмаў аб адукацыі, працаўладкаваньня, мабільнасьці грамадзян, што павінна, паводле меркаваньня ідэолягаў Балёнскага працэсу, значна павысіць канкурэнтаздольнасьць эўрапейскага рынку працы і адукацыйных паслуг.

Балёнскі працэс складаецца зь 10 асобных накірункаў. Пералічым сутнасьць найбольш важных. У Балёнскай дэклярацыі вылучаецца патрабаваньне прыняцьця агульнай сыстэмы параўнальных вучоных ступеняў. Ва ўсіх краінах, што далучыліся да Балёнскага працэсу, уводзяцца двухузроўневая сыстэма навучаньня па формуле 3 + 2. Першы, бакаляўрскі цыкль, павінен працягвацца ня менш за тры гады, другі, магістарскі, -- ня менш за два гады. Акрамя таго, яны павінны прымацца на эўрапейскім рынку працы ў якасьці адукацыйных і кваліфікацыйных узроўняў. Магістарскі дыплём дазваляе вучыцца далей да доктарскай ступені.

Мабільнасьць. Менавіта яна забясьпечвае сьціраньне перашкодаў паміж ВНУ Эўропы. Зьмест мабільнасьці ў тым, што студэнты, выкладчыкі й маладыя спэцыялісты могуць бесперашкодна перамяшчацца з адной краіны ў іншую. Так можна вучыцца ў любой краіне й пасьля самому выбіраць месца працы ў любой краіне Эўропы.

Стварэньне сыстэмы ацэнкі ведаў студэнтаў, якая была б зручнай і аб'ектыўнай для ўсіх ВНУ з розных краінаў. Гэта так званыя “крэдыты”. Студэнт цягам навучаньня атрымлівае балы-крэдыты, якія прызнаюцца ў любой краіне, якая далучылася да Балёнскай дэклярацыі. Гэтыя балы выносяцца ў дадатак да дыплёму, а пасьля ўлічваюцца іншымі ВНУ і працадаўцамі як фактар, па якому можна ацаніць узровень падрыхтаванасьці маладога спэцыяліста зь любой краіны-ўдзельніцы балёнскага працэсу.

Кантроль якасьці адукацыі. Галоўнай мэтай гэтага кірунку ёсьць стварэньне аднолькава высокае якасьці адукацыі. Распрацоўваюцца пэўныя стандарты і структуры, якія рэглямэнтавалі б і кантралявалі высокую якасьць эўрапейскай адукацыі.

А пачатак быў шматабяцальным...

Зараз колькасьць краін-удзельніц роўная 46. Фактычна Беларусь засталася адзінай эўрапейскай краінай, якая не далучылася да Балёнскага працэсу.

Экс-рэктар Белдзяржунівэрсытэту, прафэсар Аляксандар Казулін узгадвае «У 1999 годзе БДУ выйшаў з нацыянальнай ініцыятывай распрацоўкі праграмы далучэньня да Балёнскай дэклярацыі. Дзеля дасягненьня адзіных эўрапейскіх стандартаў вышэйшай адукацыі было неабходна патрыхтаваць новыя праграмы і мэтодыкі навучаньня. Нам удалося дамагчыся , каб Савет Міністраў прыняў пастанову аб правядзеньні з 2000 году ў БДУ прагрэсыўнага экспэрымэнту. Перакананы, што ўжо да 2007 году мы далучыліся б да Балёнскай дэклярацыі».

Пэрыядычна чыноўнікі ад адукацыі заяўляюць, што Беларусь мае намер далучыцца да агульнаэўрапейскай сыстэмы адукацыі. Летась начальнік Упраўленьня вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Юры Міксюк заявіў, што далучэньне да саюзу 46 эўрапейскіх краінаў зьяўляецца фармальнасьцю, бо фактычна Беларусь належыць да Балёнскага пагадненьня.

Беларускія фізыкі, хімікі, кампутаршчыкі запатрабаваныя ў сьвеце

Многія беларускія ВНУ прынамсі перайшлі на прынятую ў Эўропе двухроўневую сыстэму падрыхтоўкі спэцыялістаў. Намесьнік дэкана фізычнага факультэта па навуковай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Аляксей Тоўсьцік выказвае такое меркаваньне: "Фармальна мы патрапляем пад Балёнскі працэс. На фізычным факультэце, прынамсі, рыхтуюць спэцыялістаў і магістраў. Два гады студэнты навучаюцца па агульных курсах, з трэцяга курсу пачынаецца спэцыялізацыя. У выніку нашы студэнты 3 гады спэцыялізуюцца на дадзеным накірунку. Таму маё асабістае меркаваньне -- нашы выпускнікі і цэняцца на Захадзе, таму што ў іх такая паглыбленая падрыхтоўка".

Але ў Беларусі для атрыманьня ступені бакалаўра неабходна навучацца 4 гады, а для магістра – 6 гадоў. Нагадаем, што адным з пунктаў дамовы зьяўляецца патрабаваньне зьмяншэньня тэрміну атрыманьня ступені бакалаўра й магістра. Эўропа імкнецца скараціць час атрыманьня гэтых тытулаў да 3 і 4 гадоў адпаведна.

Што тычыцца  ацэнкі ўзроўню адукацыі, прызнаньня беларускіх дыплёмаў у сьвеце, намесьнік дэкана па навуковай рабоце фізычнага факультэта БДУ Аляксей Толсьцік перакананы: “Нашым выпускнікам, якія паступаюць у асьпірантуру альбо едуць працаваць у тую ж Нямеччыну альбо ў ЗША, ніякіх пацьверджаньняў дыплёмаў не патрабуецца. Нашы дыплёмы па дакладных, прыродазнаўчых навуках вельмі добра каціруюцца ў сьвеце, і ў Эўропе, і ў Амэрыцы. І ў акадэміі навук, і ва ўнівэрсытэце ёсьць вельмі добрыя навуковыя групы па матэматыцы, фізыцы, біялёгіі, хіміі, электроніцы, кампутарных тэхналёгіях, якія на вельмі высокім міжнародным узроўні працуюць. І гранты міжнародныя маюць ”.

Былы прэзыдэнт Акадэміі навук, прафэсар, доктар фізыка-матэматычных навук Аляксандар Вайтовіч лічыць, што на Захадзе часьцей за ўсё глядзяць не на дыплём, а ацэньваюць чалавека як спэцыяліста ў сваёй сфэры: "Яны гатовыя запрасіць чалавека папрацаваць, калі бачаць, што ён уяўляе сабой як спэцыяліст. Сапраўды, у прыродазнаўчых навуках нашы маладыя кадры, спэцыялісты добра падрыхтаваныя, і знаходзяць сабе прымяненьне там. Што тычыцца гуманітарных навук, ніякага попыту на нашых спэцыялістаў няма. Што тычыцца мэдычных кадраў, тут нейкая сытуацыя іншая: там такое магутнае мэдыцынскае лобі, што яно не дапускае да сябе канкурэнтаў, а ставіць розныя перашкоды: дадатковыя экзамэны трэба здаваць".

Такім чынам, беларускім мэдыкам, нягледзячы на даволі высокі ўзровень ведаў, добрую адукацыю, практыку даводзіцца ва ўсіх краінах сьвету пацьвярджаць свой дыплём.

«Беларуская адукацыя ідэалягізаваная»

Беларускія гуманітарныя дыплёмы наагул не каціруюцца ў сьвеце. Кандыдат філязофскіх навук, кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка перакананы:  «Да стандартаў эўрапейскіх нашай адукацыі проста далёка, прынамсі, што тычыцца гуманітарнай адукацыі. Калі ў аснове заходняй адукацыі ляжыць канцэпцыя чалавека, які дзякуючы адукацыі мусіць набываць свабоду як сацыяльная асоба, і вялікія мажлівасьці прадукаваньня самых розных альтэрнатыўных сытуацыяў як у прафэсіянала, то наша адукацыя такой задачы і такой канцэпцыі чалавека ўнутры сябе пакуль што не ўтрымлівае”.

Адзінай навучальнай установай, якая больш-менш наблізілася да эўрапейскіх стандартаў, зьяўляецца Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які знаходзіцца ў выгнаньні, працуе ў Вільні. Што тычыцца астатніх ВНУ, асабліва гуманітарных, філёзаф, кіраўнік «Беларускага калегіюму» Алесь Анціпенка лічыць: “Балёнскі працэс вымагае дэідэалягізацыі адукацыі. Наша адукацыя ідэалягізаваная. Менавіта ў такім фармаце, у якім яна ёсьць, яна патрэбная дзяржаве. Яна патрэбная дзеля таго, каб людзі, якіх дзяржава навучае, былі прыхільнікамі ейнай – дзяржавы – ідэалёгіі. Насамрэч, ня столькі дзяржавы, колькі таго рэжыму, які зьяўляецца сёньня манапалістам дзяржавы”.

Людміла Корсак
[email protected] 

Видео