BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Сутнасьць працы кароткатэрміновага назіральніка АБСЭ

08.09.2008
Сутнасьць працы кароткатэрміновага назіральніка АБСЭ
Польшча, як сябра Арганізацыі па бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе, высылае 30 чалавек у якасьці кароткатэрміновых назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусі. Кандыдатаў на назіральнікаў выбірала супольная камісія польскага Міністэрства замежных справаў і няўрадавай арганізацыі Фундацыя Баторыя. 10 мейсцаў у польскай назіральнай місіі належаць сурацоўнікам польскага Міністэрства замежных справаў. 20 чалавек выбраныя сярод ста кандыдатаў.

За парлямэнцкімі выбарамі, якія ў Беларусі пройдуць 28 верасьня, будзе назіраць, між іншых, Мікалай Халевіч. Прапануем вашай увазе размову з картокатэрміновым назіральнікам АБСЭ.

На назіральніцкую місію ад АБСЭ вы едзеце ўжо не ўпершыню. Скажыце, калі ласка, якія задачы кароткатэрміновых назіральнікаў?

М. Халевіч: Так, я паеду ў Беларусь ужо другі раз. Кароткатэрміновы назіральнік мусіць ацаніць ня столькі ўзровень падрыхтоўкі краіны да выбараў, колькі весьці маніторынг у дзень выбараў. Ён наведвае ўсе выбарчыя ўчасткі за дзень да выбараў, а ў дзень выбараў назіральнікі аб'яжджаюць вызначаную для іх тэрыторыю, праводзяць кароткую інспэкцыю, зразумела, без аніякага ўмяшальніцтва. Назіраюць за працэсам галасаваньня, за яго сакрэтнасьцю й магчымымі хваляваньнямі, неспакоямі. Пра ўсё гэта пішуць у адпаведных рубрыках у рапартах, якія назіральнік абавязаны даслаць у цэнтральны офіс дадзенай дзяржавы, у гэтым выпадку ў Менску.

Скажыце, ці міжнародны назіральнік можа дамгачыся, каб падлік галасоў быў сумленны?

М. Халевіч: Дамагчыся – гэта ня тое слова. Назіральнік можа толькі глядзець, ці галасы сапраўды аддадзеныя за гэтага кандыдата, ці камісія яўна й празрыста лічыць галасы, ці ва ўчастку пасьля закрыцьця не знаходзяцца асобы, якія ня маюць на гэта права, ці ўсё адбываецца паводле вызначаных раней працэдур. У нас няма ніякіх магчымасьцяў умяшальніцтва, нам нельга павучаць камісіі. Нам можна толькі глядзець і потым пра гэта далажыць у адпаведных рубрыках рапарту.

Скажыце, як гэта было ў Беларусі мінулым разам, як вы былі назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах?

М. Халевіч: Апошнім разам, як я быў на місіі ў у Клецку, непадалёк ад Баранавіч, нам не дазволілі паглядзець на бюлетні. Значыць, там магло быць напісана, што заўгодна. Нам трэба было паверыць на слова, што галасы аддадзеныя за таго ці іншага кандыдата. А сутнасьць менавіта ў тым, што камісія павінна нам паказаць бюлетні, каб дакзаць, што выбарчы працэс празрысты. У тым выпадку ў Клецку гэта было яскравае парушэньне. Я спадзяюся, што гэтым разам так ня будзе. Нас трымалі ў адлегласьці 3-4 мэтраў ад стала, дзе лічыліся галасы. У мяне ёсьць параўнаньне зь іншымі місіямі. Там мне дазвалялі быць побач з чальцамі камісіі, якія лічылі галасы, я глядзеў, як яны гэта робяць, і гэта выглядала крыху інакш.

Значыць гэта парушэньне, пра якое можна паведаміць у рапарце. А скажыце, што адбываецца з тымі заўвагамі й рапартамі?

М. Халевіч: Усе паведамленьні аб праблемах трапляюць у офіс АБСЭ ў Менску й яны на хаду паддаюцца аналізу. На гэтай  падставе пасьля заканчэньня выбараў ствараецца рапарт і пазыцыя цэлай арганізацыі. Гэта працягваецца 2-3 тыдні. Адзінкавае парушэньне ў нейкім участку можа ня мець ніякага ўплыву на агульны вынік выбараў у краіне, але калі гэтых сыгналаў з цэлай  краіны зафіксуецца больш, то АБСЭ кажа аб гэтым у сваім канчатковым рапарце на прэс-канфэрэнцыі.

Ну, вось, якое значэньне і ўплыў на ўлады дадзенай краіны можа мець гэты рапарт?

М. Халевіч: Праўду кажучы, ня надта вялікі. Усё залежыць ад добрай волі дзяржавы, якая запрашае назіральнікаў. Калі кіраўніцтва краіны сьцьвярджае, што ўсё адбылося правільна й не падзяляе меркаваньня АБСЭ, то, у прынцыпе, нічога не адбудзецца, але паколькі ў АБСЭ належыць 56 краін, а арганізацыя мае выпрацаваныя салідныя стандарты назіраньня за выбарамі, таму міжнародная супольнасьць з павагай падыходзіць да канчатковага рапарту АБСЭ. Тады цэлы сьвет даведаецца, што ў такой-та а такой дзяржаве выбары праводзіліся няправільна, насуперак міжнародных дэмакратычных стандартаў. Паводле мяне, гэта ўжо многа.

Кароткатэрміновыя назіральнікі з Польшчы будуць у Менску 24 верасьня. Там пройдуць двухдзённае шкаленьне й даведаюцца, у які рэгіён атрымалі разьмеркаваньне. Кароткатэрміновыя назіральнікі ствараюць двухасабовыя групы. Перад выбарамі сустракаюцца з доўгатэрміновымі назіральнікамі ў прыпарадкаваным рэгіёне, і тыя знаёмяць іх зь мясцовымі адметнасьцямі.

Міжнародных назіральнікаў на выбары запрашаюць беларускія ўлады. Аднак прадстаўнікоў АБСЭ нельга лічыць гасьцьмі ў паточным разуменьні. Усе кошты знаходжаньня на місіі бярэ на сябе дзяржава, якая высылае назіральнікаў.

Спасылка

Видео