BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Спачатку справядлівыя выбары, а потым адмена санкцыяў

08.09.2008
Спачатку справядлівыя выбары, а потым адмена санкцыяў

Пра магчымасьць адмены абмежаваньняў супраць беларускіх чыноўнікаў казаў учора міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Паводле галавы зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы, Эўропа павінна даць сыгнал Беларусі.

Перад пачаткам сустрэчы прапанову Сікорскага падтрымалі эўракамісар па замежных справах  Бэніта Фэрэра-Вальднэр і галава дыпляматыі ЭЗ Хаўер Саляна.

Скептычна да такой магчымасьці паставіўся міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Дэвід Мілібэнд. У інтэрвію польскаму радыё ён заявіў.

Д. Мілібэнд: Гэта ўсё яшчэ адкрытае пытаньне. Найперш мы павінны прааналізаваць паведамленьні нашых прадстаўнікоў на месцы, у Беларусі. Цяпер прыйшоў час, каб добра прыглядзецца да сытуацыі, а не прыймаць канчатковае рашэньне.

Міністры замежных справаў краін Эўразьвязу не адважыліся адмяняць санкцыі супраць адміністрацыі Лукашэнкі. Як вынікае з заявы міністра Сікорскага, якую ён зрабіў пасьля саміту, гэта будзе залежаць ад дэмакратычнасьці парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Р. Сікорскі: Калі гаворка ідзе пра зьмену формы адносінаў зь Беларусьсю, спадзявайцеся досыць хуткага разьвіцьця падзеяў. Усё залежыць ад беларускіх уладаў. І калі захаваецца цяпершняя тэндэнцыя, то санкцыі могуць быць адмененыя вельмі хутка.

Міністры замежных справаў ЭЗ упершыню за апошнія некалькі гадоў размаўлялі пра магчымасьць адмены санкцыяў супраць Беларусі. Чарговай нагодай можа стацца сустрэча міністраў замежных справаў праз два тыдні. На гэтую сустрэчу Бэніта Фэрэра-Вальднэр хоча запрасіць міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава.

Чатыры гады таму Эўразьвяз увёў санкцыі супраць 41 беларускага чыноўнка. Паводле Брусэлю, гэтыя людзі маюць дачыненьне да парушэньня правоў чалавека й прынцыпаў дэмакратыі ў Беларусі. ЭЗ забараніў ім уязджаць на тэрыторыю супольнасьці й замарозіў іх банкаўскія рахункі ў Эўропе.  

 Спасылка

Видео