BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

"NAVINKI- 2008": пэрформанс як стыль жыцьця (фота)

02.09.2008
"NAVINKI- 2008": пэрформанс як стыль жыцьця (фота)

У Менску дзесяты раз запар прайшоў штогадовы міжнародны фэстываль пэрформансу "NAVINKI- 2008". Апроч дэманстрацыі падрыхтаваных мастакамі нумароў, “Навінкі-2008” прэзэнтавалі адкрытыя майстар-клясы. Завяршыўся 4-хдзённы фэстываль выездам на возера Вячу, дзе пэрформансы прайшлі на адкрытым паветры.

Фэстываль пэрформансу – не для кансэрватараў. Назва яго ўзьнікла калісьці па аналёгіі з псыхіятрычным дыспансэрам у аднайменным раёне сталіцы. Ня тое, каб займаліся пэрформансам толькі вар’яты. Проста пэрформэры дэманструюць нестандартны погляд на звычайныя рэчы. Чым розьніцца мастацтва пэрформансу ад іншых, тлумачыць заснавальнік фэстывалю Віктар Пятроў:
Пэрформанс – гэта ў першую чаргу адкрытасьць. Таму што ніводны від мастацтва не мае гэткі “адкрыты эквівалент”, калі сувязь паміж мастаком і гледачом адбываецца вельмі непасрэдна. Існуе інтэрактыўная сувязь паміж імі. І дзякуючы гэтай адкрытасьці пэрформанс набывае ўсё большую папулярнасьць ва ўсім сьвеце. На жаль, вельмі рэдка глядач можа сустрэцца з мастаком”...
Цікавасьць пэрформансу яшчэ і ў тым, што не дае мастаку магчымасьці выпраўляць памылкі. 
“Калі мастак-жывапісец можа сабе дазволіць зрабіць перапынак, пакінуць працу на нейкі час, потым паглядзець на яе сьвежым вокам, нешта перарабіць, то пэрформанс не дазваляе гэтага.
Тут творца працуе ў пэўны час і ў часе – і як ён зробіць, гэтак і будзе – нічога перарабіць нельга. Гэта мастацтва нялёгкае.

Сапраўды нялёгкае. Бо адкуль можа быць упэўненасьць, што аудыторыя “пойдзе на кантакт”? Але менская аўдыторыя была вельмі “падрыхтаваная” псыхалягічна. Гледачы з відавочным задавальненьнем станавіліся ўдзельнікамі мастацкага працэсу, як можна заўважыць па здымках.

“Мне падабаецца пэрформанс тым, што дапамагае крыху абстрагавацца ад пабытовых праблем і пытаньняў, задумацца над вечнымі каштоўнасьцямі, якія мастакі дэманструюць вельмі арыгінальнымі сродкамі. Скажам, калі быў пэрформанс, дзе людзі разуваліся і мяняліся абуткам, - нехта, можа, нічога не зразумеў, а для мяне гэта бала дэманстрацыя таго, наколькі лёгка пры жаданьні “улезьці ў скуру” іншага чалавека”, - дзеліцца ўражаньнямі 17-гадовы Міхась.

Пэрформанс дазваляе паразумецца людзям зь іншых краін, не карыстаючыся моўнымі сродкамі. Сёлета ў “Навінках-2008” ўзялі ўдзел 18 замежных мастакоў і 14-беларускіх. Швэйцарыя, Японія, Аўстралія, ЗША, Польшча... геаграфія краін, дзе разьвіваецца пэрформанс ды расьце цікавасьць да яго, - шырокая.

На думку сталага ўдзельніку “Навінак” Юрася Барысевіча, мастака і тэарэтыка мастацтва, беларускі пэрформанс – на высокім узроўні: “На дадзены момант яно ў нас разьвіта значна лепей, чым ва Ўкраіне і нават чым у Расеі. У Расеі ўздым моцны пэрформансу быў у першай палове 90-х. Але потым на гэтых людзей былі заведзены крымінальныя справы, бо расейскі пэрформанс быў надта палітызаваны, надта радыкальны”... 

За 10 год жыцьця фэстывалю больш за 200 пэрформэраў узялі ў ім удзел, прадэманстраваўшы  болей за 300 пэрформансаў.

Людміла Корсак

[email protected] 

фота - Юліі Дарашкевич 

 

 

 

 

 

 

Видео