BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Барысаўскі БАТЭ трапіў у ўсясьветную футбольную эліту (фотарэпартаж з матча)

28.08.2008
Барысаўскі БАТЭ трапіў у ўсясьветную футбольную эліту (фотарэпартаж з матча)

Упершыню ў гісторыі футбольная каманда зь Беларусі будзе рэальна змагацца за самы прэстыжны эўрапейскі трафэй – Кубак чэмпіёнаў кантынэнту. За сам факт трапленьня ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў БАТЭ атрымае ад УЭФА 7 мільёнаў эўра.

27 жніўня клюб БАТЭ з Барысава ў трэцім кваліфікацыйным матчы Лігі чэмпіёнаў згуляў на сваім полі ўнічыю з баўгарскім клюбам “Леўскі” і па суме дзьвюх гульняў трапіў у групавы турнір прэстыжнага спаборніцтва. Два тыдні таму ў Сафіі БАТЭ выйграў 1:0. “Леўскі” – адзін з наймацнейшых клюбаў Баўгарыі.

БАТЭ на 14-й хвіліне адкрыў лік. Вызначыўся Сяргей Сасноўскі. На 38-й хвіліне баўгарын Уладзімер Гаджаў забіў мяч у адказ. Барысаўскія футбалісты, пачынаючы з 43-й хвіліны, гулялі ўдзясяцерох пасьля таго, як нападаючы Генадзь Блізьнюк атрымаў дзьве жоўтыя карткі і быў выдалены з поля аўстрыйскім арбітрам Конрадам Плаўтцам. У другім тайме БАТЭ стрымліваў атакі баўгар, час ад часу робячы вылазкі на браму гасьцей.

Летась у барысаўчан ужо быў шанец трапіць у фінал Эўрапейскага Кубку чэмпіёнаў. Пасьпяхова прайшоўшы адборачныя матчы, у самы адказны момант беларусы ня здолелі супрацьстаяць румынскаму клюбу “Сьцяўа”. Прайгралі яны і суцяшальны паядынак з мадрыдзкім “Вільярэалам”.

А сёлета барысаўская дружына пасьпяхова стартавала на папярэдняй стадыі Лігі чэмпіёнаў, выйграўшы ў ісьляндцаў, а таксама ў бэльгійскага “Андэрлехту” – на выезьдзе беларусы перамаглі 2:1, у Барысаве сустрэча скончылася ўнічыю 2:2.

Міжнародны скандал?

Напярэдадні першай сустрэчы БАТЭ і “Леўскі” два тыдні таму ў Сафіі ўладальнік “Леўскага” Тодар Баткаў даў інтэрвію баўгарскім мэдыям, у якім ня толькі прынізіў БАТЭ, назваўшы клюб “заводзкай камандай”, але выказаў сумнеў, што можна ўвогуле прайграць камандзе “са штучна створанай дзяржавы”.

Старшыня Партыі БНФ, перакладчык, паліглёт Лявон Баршчэўскі накіраваў ліст амбасадару Баўгарыі ў Менску Петку Ганчаву: «У інтэрвію агенцтву «Стандарт-News» сп. Баткаў дазволіў сабе абразьлівае выказваньне ў адрас беларускага народу. Апошняе выказваньне стала шырока вядомым беларускай грамадзкасьці і выклікала як мінімум неўразуменьне. Абодва нашыя эўрапейскія народы маюць больш як тысячагадовую няпростую гісторыю станаўленьня і аднаўленьня дзяржаўнасьці, барацьбы за сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, за каштоўнасьці свабоды й дэмакратыі, узаемаўзбагачальных кантактаў у галіне хрысьціянскай традыцыі, культуры. Беларусы і баўгары ня маюць узаемных упярэджаньняў і сымпатызуюць адны адным. Гэта наш супольны гістарычны набытак, які трэба зьберагаць – у тым ліку і дзеля нашай эўрапейскай салідарнасьці”.

Адказу спадар Баршчэўскі так і не атрымаў на той момант амбасадар быў у адпачынку. У дыпляматычным прадстаўніцтве Беларусі ў Сафіі, у сваю чаргу, хоць і абурыліся некарэктнымі выказваньнямі уладальніка “Леўскага”, але патлумачылі: заявы прыватнай асобы ня ёсьць падставай, каб рыхтаваць ноту пратэсту.

Генэральны дырэктар футбольнага клюбу БАТЭ Анатоль Капскі выказаў абурэньне з нагоды такіх выказваньняў гаспадара «Леўскі”: “Спадзяюся, што гэта меркаваньне не прэзыдэнта “Леўскага”, а вольная інтэрпрэтацыя баўгарскай прэсы. Наша каманда не заводзкая, яна носіць імя завода. Тым ня меней, спонсарамі клюбу ёсьць многія досыць паважаныя арганізацыі з сур’ёзнымі гандлёвымі абаротамі. Увогуле мы вітаем любога спонсара, але назва ў каманды гістарычная – у Барысаве даўно ўжо была каманда БАТЭ, і наша каманда так называецца як даніна гэтай традыцыі. Мы сустракаліся зь вялікім клюбамі, і ніхто нам такога не заяўляў. Гэта і правілы фэйр-плэй, і традыцыі УЭФА”.

Анатоль Капскі: “Нашы футбалісты гуляюць ў эўрапейскіх чэмпіянатах”

Генэральны дырэктар футбольнага клюбу БАТЭ ганарыцца сваімі выхаванцамі: “Аляксандар Глеб гуляў у першынстве нямецкай Бундэслігі, у “Штутгарце”, адыгрываў не апошнюю ролю у ангельскім “Арсэнале”, браў удзел у фінале Лігі чэмпіёнаў, зараз гуляе за “Барсэлёну”. Віталь Кутузаў пераходзіў у “Мілян”, гуляў у лісабонскім “Спортынгу”, у “Парме”. Таму мне ня сорамна за наш клюб: палова зборнай Беларусі на гэты момант – гэта выхаванцы БАТЭ».

У Лізе Чэмпіёнаў будзе таксама гуляць выхаванец барысаўскага БАТЭ Аляксандр Глеб. Ягоны новы клуб «Барсэлёна» па суме дзвюх гульняў перайграў польскую "Віслу".

Уладальнік «Леўскі» аштрафуе сваіх гульцоў за паразу ад БАТЭ

Як паведамляе баўгарскі спартовы партал gong.bg, аб сваім рашэнні Тодар Баткаў абвесьціў заўзятарам «Леўскі» ў менскім аэрапорце.

Раз’юшаныя баўгарскія фанаты, якія заплацілі па 550 еўра за паездку ў Беларусь, патрабавалі растлумачыць «ганебную паразу» ад БАТЭ.

Тодар Баткаў заявіў, што за слабое выступленьне аштрафуе кожнага гульца ў памеры месячнай зарплаты і зазначыў, што футбалісты страцілі значна больш ад таго, што ня трапілі ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Галоўны трэнер «Леўскі» Эміл Велеў прычыны паразы баўгараў тлумачыў малой колькасьцю ўдараў па браме. «Мы гулялі лепш за БАТЭ, гэта 100%, але нападаючыя не змаглі рэалізаваць моманты», – заявіў Э.Велеў на прэсавай канфэрэнцыі пасьля матчу. Трэнер «Леўскі» павіншаваў супэрніка з выхадам у групавы этап Лігі чэмпіёнаў і зазначыў, што на гэтай стадыі БАТЭ «будзе цяжка».

28 жніўня ўвечары ў штаб-кватэры УЭФА адбудзецца лёсаваньне супернікаў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Стане вядома, хто прыедзе ў Менск: «Манчэстар», «Барса», «Інтэр», “Зэніт”?

Людміла Корсак

[email protected]

Фота Юліі Дарашкевіч



 

 

 

 

 

Видео