BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Малыя гарады Беларусі церпяць ад беспрацоўя

25.08.2008
Малыя гарады Беларусі церпяць ад беспрацоўя

На 1 ліпеня 2008 года паводле афіцыйнай статыстыкі ў Беларусі ў органах па працы, занятасьці і сацыяльнай абароны зарэгістравана 42,7 тысяч беспрацоўных. Узровень беспрацоўя ўтрымліваўся ў сацыяльна дапушчальных межах – 0,9 працэнта да колькасьці эканамічна актыўнага насельніцтва. Сярэдні памер дапамогі па беспрацоўі ў ліпені 2008 года склаў 46 тысяч рублёў (22% ад бюджэта пражыткавага мінімуму).

Штогод Савет Міністраў зацьвярджае Дзяржаўную праграму садзейнічаньня занятасьці насельніцтва.

У 23 гарадах -  устойліва высокі узровень беспрацоўя

Асабліва вострая праблема занятасьці  ў малых гарадах. Таму ўрад вызначыў сёлета 23 гарады з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, у якіх сёлета загадана зьнізіць напружанасьць на рынку працоўнай сілы, у асноўным за кошт стварэньня новых працоўных месцаў і разьвіцьця малога бізнэсу.

Вядучы спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка кажа, што ў Дзяржпраграме мінулага году было 29 малых гарадоў, дзе людзям вельмі цяжка знайсьці працу. У новай праграме іх стала 23: “У шасьці гарадах ужо стабілізавалася абстаноўка. Нельга сказаць, што там ужо ўсе праблемы вырашаныя. Але калі 10 гадоў таму ў Ганцавічах Берасьцейскай вобласьці ўзровень беспрацоўя быў 10%, то сёньня мы кажам ужо пра 3 – 4%. Гэта ўсё адно высокі ўзровень. Але ў параўнаньні прагрэс ёсьць”.

У Берасьцейскай вобласьці гэта Ганцавічы, Мікашэвічы, Белазёрск, у Віцебскай – Паставы, Новалукомль, Варапаева, у Гомельскай – Акцябрскі, Рэчыца, Камарын, у Магілёўскай – Глуск, Хоцімск, Краснапольле,  у Менскай – пасёлак Бобр і гэтак далей.

Шклову пашанцавала, іншым гарадам  - не

Беспрацоўе на пэрыфэрыі мяркуецца вырашаць за кошт стварэньня новых працоўных месцаў у сфэрах абслугоўваньня, гандлю. Таксама за кошт субсыдыяў і пазыкаў з Фонду спрыяньня занятасьці на адкрыцьцё сваёй справы. Прычым, пазыка беспрацэнтная, субсыдыя беззваротная.

Натуральна, новыя прамысловыя прадпрыемствы будуюць толькі ў лічаных гарадах. Да прыкладу, у Шклове – завод па вытворчасьці газэтнай паперы. Урачыстае адкрыцьцё заводу газэтнай паперы ў Шклове ўжо адбылося, прысутнічаў на іх і прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. Але ніводнай тоны паперы завод дагэтуль не выпусьціў, хаця штат завода ўкамплектаваны...

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны   у першым паўгодзьдзі ў Беларусі створана 1537 новых працоўных месцаў з выдаткаваньнем бюджэтнай пазыкі наймальнікам (у 2007 годзе – 3258).

З пачатку году дзяржава дапамагла 1649 беспрацоўным

Што да дапамогі дзяржавы, за першае паўгодзьдзе аказана дапамога  ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасьці 1649 беспрацоўным (у 2007 годзе 2837 чалавекам). Доля малых прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія атрымалі дзяржаўную падтрымку ў 2006-2007 годзе, склала менш 0,05% ад іх агульнай колькасьці.

Ці лёгка чалавеку пачаць уласны бізнэс? Як каму пашанцуе. Але папер, дакумэнтаў аформіць трэба вельмі шмат. Чалавек павінен быць беспрацоўным, стаяць на ўліку ў Цэнтры занятасьці, скончыць курсы і атрымаць пасьведчаньне індывідуальнага прадпрымальніка. Толькі тады у яго будзе шанец атрымаць беспрацэнтную пазыку. Трэба прадставіць разгорнуты, абгрунтаваны бізнэс-плян. Пазыка гэта мае мэтавы характар. Да прыкладу, калі прадпрымальнік атрымае ліцэнзію на цырульныя паслугі, па безнаяўнаму разьліку за кошт пазыкі можна набыць абсталяваньне. Праўда, сумы невялікія, ад 1 да 3 мільёнаў беларускіх рублёў. А наяўных грошай не дадуць.

Прадпрымальнікі вымушаныя згортваць бізнэс

Прадпрымальнік з гарадзкога пасёлку Узда Віктар Крываль кажа, што адкрываецца малых прадпрыемстваў, афармляецца людзей ў індывідуальныя прадпрымальнікі  зараз вельмі мала, часьцей людзі згортваюць бізнэс. Пасьля знакамітага Указу прэзыдэнта №760, згодна зь якім індывідуальнаму прадпрымальніку нельга трымаць наёмных работнікаў, вельмі мала хто  перарэгістраваўся ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Віктар раней меў некалькі шапікаў, зараз у яго з жонкай застаўся толькі адзін. Крама працуе без выходных. У адпачынак пайсьці немагчыма, бо тавар бяруць з адтэрміноўкай плацяжу, за затрымку – штрафныя санкцыі. Віктар падлічыў, што калі перарэгістравацца ў прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, пры гандлі прадуктовымі таварамі гандлёвая надбаўка складае 12 – 15%, ды яшчэ трэба будзе аддаць 10% ад выручкі – будзеш у мінусе.

Выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў

Валянціна Кудлацкая з Верхнедзьвінску кажа: «Што тычыцца Верхнедзьвінску, дзе ўзровень беспрацоўя даволі высокі, няма ў гэтай Дзяржаўнай праграме такіх буйных прадпрыемстваў, якія дапамаглі вырашыць гэту праблему. Пабудаваная невялічкая ЦЭЦ, але ж яна дала працу дзесятку чалавек. Будуецца вялікі мост, але яго будуюць арганізацыі зь Віцебску. У савецкі час быў торфабрыкетны завод, камбінат будаўнічых матэрыялаў, сёньня няма гэтых прадпрыемстваў. Няма асобна сельгасхіміі, райаграснабу няма, райсельгастэхнікі – яны аб’яднаныя ў адзін калектыў. І калі раней толькі ў райсельгастэхніцы працавала больш за 300 чалавек, то зараз у такім супольным калектыве 200. А гэтыя ж людзі ня зьехалі, яны жывуць тут. Атрымаць дапамогу на адкрыцьцё ўласнай справы складана, грошай у гарадзкім бюджэце на гэта няма”.

“Выратаваньне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў”, жартуе грамадзкі актывіст з Браславу Кастусь Шыдлоўскі. Тут актыўна разьвіваецца экалягічны турызм: “Значная колькасьць мясцовых жыхароў папросту атрымлівае там працу. Яны працуюць і будаўнікамі, і вартаўнікамі, займаюцца абслугоўванньнем. Па-другое, Браслаў – гэта памежная тэрыторыя, людзі маюць сваякоў у Латвіі, Літве і нейкім чынам уладкоўваюцца там. Плюс магчымасьць яшчэ падзарабіць на трансгранічным гандлі. У Браславе сытуацыя ўсё ж такі больш спрыяльная, таму што тапельцы, так бы мовіць, маюць крыху больш саломінак для выратаваньня”.

Людміла Корсак

[email protected]

Видео