BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Be2gether”: музыка адчыняе межы

18.08.2008
“Be2gether”: музыка адчыняе межы

З 14 па 17 жніўня ў Літве – Вільні і мястэчку Нарвялішкіс адбыўся другі Міжнародны фэстываль музыкі і мастацтва “Be2gether”. Асноўная пляцоўка фэстывалю знаходзіцца у 50 мэтрах ад мяжы зь Беларусьсю.

Першы фэстываль прайшоў год таму і быў чыста музычным. Летась у Літве выступалі Morcheeba, Therapy (Вялікабрытанія),  Bloodhound Gang,  (ЗША), Leaves (Ісляндыя), Datarock (Нарвэгія), Андрус Мамантавас (Літва), “Ляпіс Трубецкой”, Drum Extasy, IQ-48 зь Беларусі – разам каля 40 выканаўцаў з усяго сьвету.

На другі Міжнародны фэстываль прыехала ўжо 70 гуртоў. Гэта перш за ўсё ўсясьветна вядомы нямецкі гурт Fools Garden. На трох вялізных сцэнах зьмянялі адзін аднаго гурты Tricky, Groove Armada, LTJ Bukem feat, MC Conrad, Fishbone, ізраільскі Infected Mushroom. Але больш за ўсё аплядысмэнтаў дасталася гаспадарам фэсту – надзвычай папулярнаму літоўскаму гурту  “Skyle”. Зь Беларусі сёлета на “Be2gether” былі запрошаныя гурты Н.Р.М., OSIMIRA, Mauzer.

Be2gether”, “Drum2gether, “Georgia2gether”

Калі мінулагодні фэст быў чыста музычным, то сёлета ён стаўся сапраўдным сьвятам мастацтва і спорту. Чаго тут толькі не было: фіеста з удзелам 300 барабаншчыкаў, акцыі салідарнасьці з Грузіяй, экстрэмальныя скачкі на роварах ў басэйн з паралёнам, творчыя майстэрні мастакоў, скульптараў, спартовыя спаборніцтвы...

Фэстываль адкрыўся 14 жніўня на Ратушнай плошчы ў Вільні акцыяй барабаншчыкаў у падтрымку Грузіі “Georgia2gether”. Арганізатар фэстывалю “Be2gether” літоўскі бізнэсоўца Гедрус Клімкявічус распавёў: “Мы так заплянавалі, што фэстываль мае пачацца найвялікшай з усіх, што была дагэтуль, фіесты з удзелам 300 барабаншчыкаў – “Drum2gether”. Потым фіеста барабаншчыкаў пераўтварылася ў “Georgia2gether” – мы такім чынам прадэманстравалі падтрымку грузінскага народу, праз музыку і мастацтва выказалі сваё стаўленьне да Грузіі, паказалі, што мы зь імі разам”.

15 жніўня раніцай адкрылася брама Нарвяліскага замку, пры самай літоўска-беларускай мяжы. Апрача канцэртаў было шмат імпрэзаў –і экстрэмальныя скачкі на роварах у басэйн з паралёнам, і Акадэмія танцаў з урокамі ліндзі-хопу, брэйку, сальсы ды традыцыйнага індыйскага танцу, футбол, перацягваньне канату. На фэстывалі заснаваны “Парк граючых скульптураў”, створаных майстрамі зь Беларусі і Літвы, а таксама Украіны, Польшчы, Чэхіі, Эстоніі, Малдовы. Былі скульптуры у выглядзе арфы, грамафону, якія ад ветру пачынаюць гучаць.

NRM выступаў пад праліўным дажджом

Музычная частка фэсту адкрывалася выступам беларускага гурту NRM. Праўда, надвор'е паднесла сюрпрыз: падчас выступу NRM была такая навальніца з маланкамі і громам, залева! Але публіку гэта не напалохала: танчылі пад праліўным дажджом у брудзе. Дзяўчына зь бел-чырвона-белым сьцягам кажа: «Гэта ж выступаў NRM, і ніякі дождж ня мог перашкодзіць пайсьці да сцэны і таньчыць пад NRM у брудзе. Але пасьля была вада, дождж, пад якім можна было памыцца. А потым было сонейка, пад якім прасохлі ўсе рэчы, таму гэта не перашкода”.

Лявон Вольскі са сцэны публіку пастаянна падбадзёрваў: нават загадаў так інтэнсіўна танчыць, каб высахнуць за пару кампазыцыяў. Да выступленьня пад праліўным дажджом рок-музыка паставіўся з гумарам: “Як ні дзіўна, зь беларускай тэрыторыі ўсё было чысьценька, сонца сьвяціла. А тут празь мяжу літаральна сто мэтраў – і дождж, навальніца. Самі бачыце, які дзяржаўны лад перамагае. Беларусь – гэта краіна стабільнасьці і сонца. А тут самі бачыце, што было, у гэтым капіталізьме жахлівым. А калі сур'ёзна, я б сам з задавальненьнем са сваёй камандай пакачаўся ў гразі-брудзе, супэр! Гэта ж маладога чалавека толькі натхняе!”

Нямецкі “Fools Garden” і літоўскі Skyle” спаборнічалі ў папулярнасьці

У другі фэстывальны дзень выступілі беларускія гурты “Маўзэр” і OSIMIRA. Публіка надзвычай цёпла прымала і гаспадароў фэстывалю – літоўскі гурт “Skyle”. Салістка “Skyle”, чароўная Айстэ Смілгеівічутэ прызнаецца: «Я сама не чакала такога цёплага прыёму, вельмі-вельмі задаволеная, як нас прымалі, і самім відовішчам вельмі ўражаная. Атмасфэра, публіка цудоўныя, сама ідэя такога фэстывалю – “быць разам” – вельмі добрая”.

Асноўнай падзеяй другога дня Міжнароднага фэстывалю музыкі і мастацтва Be2gether стала выступленьне папулярнага ў 1990-х гадох гурту Fools Garden.

Публіка сустрэла нямецкіх музыкаў надзвычай горача і доўга не адпускала са сцэны. “Lemon Tree”, кампазыцыя Fools Garden, займала першыя радкі ў гіт-парадах вядучых усясьветных радыёстанцыяў.

Чаму ў Беларусі няма міжнародных музычных фэстаў?

Беларускі музычны прадусар, адзін з арганізатараў фэстывалю “Be Free”, які ў мінулыя выходныя прайшоў ў Львове Аляксей Лукашэвіч са шкадаваньнем сказаў: «Такія фэсты ў Беларусі арганізаваць надзвычай цяжка. Дазвол на правядзеньне масавых мерапрыемстваў беларускія ўлады даюць за некалькі дзён да пачатку, а за кароткі тэрмін гэта зрабіць немагчыма». Таму і даводзіцца беларускім аматарам добрай музыкі пераадольваць візавыя праблемы, каб паслухаць ня толькі ўсясьветна вядомых выканаўцаў, але і свае родныя гурты.

Зь вялікай радасьцю беларуская дыяспара на фэстывалі вітала і вызваленьне палітвязьня Аляксандра Казуліна – гэта прыемная навіна данеслася да Літвы вельмі хутка.

Гедрус Клімкявічус: «Такія фэсты яднаюць ня толькі музыкаў»

Няма сумневу, што Be2gether” стане традыцыйным міжнародным фэстывалем. Арганізатары другога фэсту ўжо пачынаюць рыхтавацца да трэцяга міжнароднага фэсту музыкі і мастацтва. Ёсьць мара яшчэ адну сцэну зрабіць менавіта над дзяржаўнай мяжой – палова зь літоўскага боку, палова – зь беларускага. Гаспадар Нарвяліскага замку, арганізатар фэсту Гедрус Клімкявічус перакананы: “Музыка сапраўды межы прыадчыніла, зьявілася больш даверу і ўзаемаразуменьня. Тое, што адбылося летась на фэстывалі, перадалося на дачыненьні ўсіх роўняў – як паміж музыкаў, звычайных людзей, гэтак і на палітычным роўні, мяркую. Усе мы разумеем, што маем супольныя інтарэсы, а закрытыя межы і людзі, аддзеленыя адзін ад аднаго – гэта ня добра. Тое, што яднаемся мы, – аб'яднае, можа быць, і палітыкаў. І гэта тычыцца ня толькі праблемаў дачыненьняў зь Беларусьсю – усіх праблемаў глябальнай палітыкі, аб якіх мы хочам гаварыць адкрыта і гучна”.

Людміла Корсак

[email protected]

Фотарэпартаж з фэсту глядзіце тут 

Видео