BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Усходняя Эўропа заплаціць за падтрымку Грузіі

15.08.2008
Усходняя Эўропа заплаціць за падтрымку Грузіі
Сытуацыя на Каўказе суцішаецца. Расея й Грузія згадзіліся на францускі мірны плян. Аднак, расейскія палітыкі й экспэтры, пачалі казаць, пра тое, што тыя хто падтрымаў Грузію – яшчэ заплацяць за гэта.

Вайна ў Грузіі вельмі ўскладніла сёньняшнія міжнародныя адносіны. Злучаныя Штаты Амэрыкі й частка эўрапейскіх краін ўстрымана рэагавала на падзеі ў Грузіі. Яны занялі праграматычную пазыцыю: мы атрымоўваем расейскую нафту й газ, таму ня будзем дражніць Расею. Затое камэртонам падтрымкі Грузіі на Захадзе стала Польшча ды іншыя краіны Цэнтральнай й Усходняй Эўропы. Не чакаючы на рэакцыю ЗША й „старой” Эўропы яны адназначна заявілі: трэба спыніць гэтую вайну. Такім чынам, падштурхнулі іншыя краіны ЭЗ да больш рашучага ўзьдзеяньня на Маскву. Якім чынам Расея адрэагуе на гэтую пазыцыю Польшчы, Летувы, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіны. На гэтае пытаньне адказвае, Войцех Матэрскі, палітоляг з Польскай акадэміі навук.

Войцех Матэрскі: Мы маем схільнасьці весьці палітыку з маральнай, а часам зь вельмі рамантычнай пазыцыі. Наша салідарнасьць з Грузіяй вельмі прыхільна ўспрынята ў Тбілісі, але на гэта са здзіўленьнем глядзяць міжнародныя назіральнікі. Паўтараецца сытуацыя з часоў памаранчовай рэвалюцыі на Ўкраіне. Тады Польшча падтрымала Юшчанку, што ёй дапамагло ў паглыбленьні польска-украінскіх адносінаў, але сапсавала польска-расейскія. Тое самае мы атрымаем за нашую падтрымку Грузіі. Напрыклад, Качыньскі выступаў ў Тбілісі як сапраўжны трыбун – народны лідар, а не як палітык, таму што палітык не гаворыць такім тонам да лідэраў дзяржавы, зь якой мяжуе ягоная краіна й зь якой Польшчу зьвязвае шмат розных інтарэсаў, перад усім эканамічных. У стратэгічнай пэрспэктыве, у нас будуць цяжкасьці ў адносінах з Расеяй. Яшчэ вясной ў нашых адносінах назіралася пэўнае паляпшэньне. Мяркую, што цяпер мы ўсё згубілі й доўга яшчэ будзем ісьці да чарговай нармалізацыі.

У адказ на прагрузінскую пазыцыю краінаў Цэнтральнай Эўропы ўжо чуваць агрэсыўныя камэнтары ў Расеі. Пракрэмлёўскія камэнтатары, кажуць пра балтыйскія краіны як праамэрыканскую клааку. Расейскі амбасадар у Латвіі заявіў, што Польшча заплаціць за выказваньне падтрымкі Грузіі. Сёньня Масква ня пойдзе на абвастрэньне адносінаў з гэтымі краінамі, аднак Крэмль гэтага не забудзе, лічыць палітоляг Аляксандар Лагвінец.

Аляксандар Лагвінец: Расея будзе памятаць пра такую пазыцыю. Ня думаю, што Масква сёньня пойдзе на абвастрэньне адносінаў з гэтымі краінамі. Яна будзе ігнараваць заявы й палітыку лідэраў цэнтральна-эўрапейскіх краінаў. Аднак пры першай лепшай магчымасьці Масква паспрабуе адказаць ціскам і ізаляцыяй гэтых краінаў ад Захаду.

Калі ў такіх краінаў як Польшча ці Летува ёсьць пэўны абарончы шчыт у выглядзе сяброўства НАТО і ў Эўразьвязе, то ў найбольш небясьпечнай сытуацыі знаходзіцца Ўкраіна. Ёй пагражае падзел, -- перакананы палітоляг Андрэй Ляховіч з Цэнтру палітычнай адукацыі.

Андрэй Ляховіч: Ня думаю, што ў Расеі ёсьць нейкія інструмэнты ціску на Польшчу й краіны Балтыі. Яны інтэграваныя ў эўраатлантычную супольнасьць, таму Масква абмяжуецца толькі нэгатыўныя заявамі. Горшая сытуацыя ва Ўкраіны. Тут Масква можа пагражаць нават падзелам Украіны, выкарыстае моцныя прарасейскія настроі жыхароў Крыму й не дапусьціць уступленьня гэтай краіны ў НАТО. 

Калі Захад не паўстрымае цяпер Расеі ў Грузіі, то наступнай арэнай канфлікту будзе Ўкраіна. Ужо пачаліся правакацыі на Крыме, падкрэсьлівае палітоляг, кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Віталь Сіліцкі.

Віталь Сіліцкі: Трэба аддзяляць тыя краіны, што знаходзяцца ў ЭЗ і НАТО ды Ўкраіну. Краіны сябры ЭЗ у лепшай сытуацыі, яны маюць пэўныя рычагі ўзьдзеяньня на Расею, кшталту блякаваньня расейска-эўрапесйкіх дамоўленасьцяў. Украіна ў вельмі слабым становішчы. Гэта будзе наступная арэна спробаў Расеі не дапусьціць пашырэньня НАТО на Ўсход і заходніх ўплываў на пост-савецкай прасторы. Па маіх зьвестах, на Крыме ўжо пачаліся дробныя правакацыі. Калі Захад не пачне цяпер варушыцца, калі Масква будзе адчуваць сябе надалей безпакаранай за тое, што адбылося ў Грузіі, то нас чакае канфрантацыя на Ўкраіне.

Падзеі на Каўказе паказалі наколькі краінам, якія мяжуюць з Расеяй, патрэбная салідарнасьць і ўзаемападтрымка. Нават калі сёньня Масква ня пакарае тых, хто падтрымаў Грузію, яна будзе імкнуцца зрабіць гэта пазьней.

Спасылка 

Видео