BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Інтэрвію з Амбасадарам Польшчы Генрыкам Літвіном

15.08.2008
Інтэрвію з Амбасадарам Польшчы Генрыкам Літвіном
Размова з Надзвычайным і Паўнамоцным Амбасадарам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Генрыкам Літвіном. Інтэрвію прагучала ў польска-беларускім радыйным праекце “Варшаўскі мост” на менскім Аўтарадыё 105,1 і 67,7 ФМ.

З Паслом Генрыкам Літвіном размаўляюць вядучыя "Польскага радыё для замежжа" Фаль Пуцёвы й Валера Саўко.

 - Спадар Амбасадар! Ці можна назваць эканамічную супрацу паміж Беларусьсю й Польшчай прыкладнай? Нагадаем, у мінулым годзе ўзаемны тавараабарот перакрочыў суму 2 млрд. даляраў ЗША з улікам сфэры паслуг.

 - Цяжка простымі словамі адказаць на гэтае пытаньне. З аднаго боку, мы ўсе задаволеныя, што занатаваны высокі рост тавараабарота. З другога боку, узровень далёка ня той, які павінен быць паміж краінамі суседзямі, эканамічна моцнымі дзяржавамі як Польшча й Беларусь. Калі параўнаць тавараабарот Польшчы з Расеяй ці Ўкраінай, то бачна, што тавараабарот зь Беларусьсю павінен быць большым. Але нельга забываць пра тое, што яшчэ некалькі гадоў таму прадстаўнікі абодвух бакоў спадзяваліся ўзроўню тавараабароту ў памеры 1 млрд. даляраў. А цяпер 2 млрд... Значыць рост вялікі, хоць перад намі многа-многа працы.

 - Цяпер у Беларусі пачынаецца працэс шырокай прыватызацыі. Ці польскія фірмы зацікаўлены ўдзельнічаць у згаданым працэсе?

 - Канешне, зацікаўлены, хоць пакуль што цяжка казаць пра падрабязнасьці. Зацікаўленыя з польскага боку суб’екты – гэта перш за ўсё недзяржаўныя кампаніі. Мы ведаем, што фірмы цікавяцца, але больш падрабязнай інфармацыі ня маем.

На дадзены момант цяжка казаць пра нейкія канкрэтныя рэчы, паколькі інвэстары рыхтуюцца, шукаюць партнэраў, шукаюць магчымасьцяў. Калі знойдуць, падпішуць пагадненьні, мы зможам сказаць нешта канкрэтнае. Аднак зацікаўленьне назіраецца вялікае.

 - Існуе стэрэатып, што некалі польскія фірмы з насьцярожаньнем уваходзілі на гэтак званыя ўсходнія рынкі. Ці цяпер сытуацыя памянялася?

 - Шчыра кажучы, я крыху не зразумеў, пра што вы сказалі. Канешне ж, ёсьць праблемы, ёсьць спэцыфіка працы на Ўсходзе. Але, з другога боку, у Польшчы ёсьць многа спэцыялістаў, якія займаюцца згаданымі рынкамі, добра ведаюць рынкі Ўсходняй Эўропы. У іх вялікі досьвед, многа кантактаў, яны навучыліся працаваць на гэтай тэрыторыі з добрымі вынікамі. Мы можам казаць ня толькі аб высокім росьце тавараабарота зь Беларусьсю, але й з Украінай. Цяпер ня так вялікі, як некалі, але заўважаецца рост тавараабарота з Расеяй.

Мне здаецца, што ў Польшчы існуе вялікая зацікаўленасьць рынкам краін СНД. Зразумела, для буйных кампаніяў ёсьць пэўныя складанасьці, але для сярэдніх і малых фірмаў іх няма.

 - Прапаную цяпер паразмаўляць пра культуру, якая спалучае беларускі й польскі народы. Гэта, зразумела, вынік шматвекавой супольнай гісторыі. Некалькі гадоў таму ў Наваградку прайшло адкрыцьцё дома-музэя Міцкевіча, быў шэраг іншых буйных мерапрыемстваў. Ці бліжэйшым часам плянуецца правядзеньне буйных мерапрыемстваў у галіне культуры, у якіх удзел прымаў таксама польскі бок, у тым ліку Амбасада Польшчы ў Менску?

 - Мы пастаянна арганізоўваем шмат мерапрыемстваў. Калі казаць пра буйныя мерапрыемства, дзе б удзел прымалі прадстаўнікі краін, тэлебачаньне, то такія мерапрыемствы пакуль не прадугледжваюцца. Самае галоўнае, што мы праводзім пастаянную працу. Пра гэта найлепш расказаў бы дырэктар Польскага інстытуту ў Менску.

Зазначу, што практычна кожны месяц праходзіць нейкае важнае мерапрыемства, зьвязанае з польскай культурай. Напрыклад, на восень рыхтуем вялікі канцэрт з удзелам беларускіх і польскіх артыстаў, рыхтуем Дзевятую сымфонію Бэтховэна. Акрамя таго, плянуецца канцэрт на наша нацыянальнае сьвята, у верасьні пройдзе вялікае мерапрыемства, зьвязанае з гадавінай Гэрбэрта. Так што калі некаму цікава, то практычна кожны тыдзень у Менску праходзіць мерапрыемства, зьвязанае з польскай культурай.

 - Прадстаўнікі Польскага інстытуту рэгулярна бываюць гасьцямі ў эфіры “Варшаўскага маста”, таму нашыя слухачы арыентуюцца ў праграме ўстановы. У бліжэйшы час будзем казаць пра буйное мерапрыемства “Польская восень”, якое набліжаецца.

 - Мы рыхтуем Год Шапэна, будзе многа буйных мерапрыемстваў. Канешне, вельмі важнае ўсё, што зьвязана з агульнай гісторыяй. І гэта насамрэч можа дапамагчы нам разам працаваць. Мне здаецца, што гэтае поле мы пакінулі неяк на боку, хоць цяпер заўважаецца пазытыўны падыход з абедзьвюх старон. І цяпер гэта можа нам дапамагчы ў многіх галінах.

- У Беларусі й Польшчы многа месцаў, зьвязаных з сумеснай гісторыяй. Наколькі гэтыя месцы, сумесная гісторыя дапамагаюць ва ўмацаваньні добрасуседзкіх сувязей сёньня й могуць дапамагчы ў будучыні?

 - Гэта залежыць толькі ад нас. Факт, што ў нас ёсьць такія месцы, можа быць складанасьцю, а можа быць дапамогай. Цяпер, мне здаецца, хутчэй за ўсё гэта дапамога, таму што мы навучыліся не дзяліць агульную спадчыну – гэта нашая сумесная традыцыя, сумесная ўласнасьць. Гэта, канешне, дапамагае. Калі казаць пра ахову архітэктурных помнікаў, то ёсьць супраца ў Нясьвіжы. У гэтым жа горадзе кожны год праходзіць сэсія Міжнароднай Нясьвіжскай летняй школы – надзвычай цікавае мерапрыемства для моладзі Польшчы й Беларусі. Зь Нясьвіжам зьвязаны такія праекты, як Нясьвіжская бібліятэка віртуальнага архіва. Гэта аб’ядновае, дапамагае ў кантактах. Ёсьць іншыя супольныя месцы, але можа быць болей, трэба проста шукаць. Усё, што зьвязана з Міцкевічам, дае поле для такога супрацоўніцтва. Мне здаецца, што сумеснымі намаганьнямі можна лепш падрыхтаваць турыстычную трасу па месцах, зьвязаных з Міцкевічам. Трэба было б паправіць інфраструктуру, нешта разам зрабіць, таму што Міцкевіч важны для нас усіх.

 - Спадар Амбасадар! Думаю, што гэтай тэмай зацікаўлены нашыя слухачы, грамадзяне Беларусі, якія ўсё часьцей накіроўваюцца ў паездкі па Эўропе, наведваюць Польшчу. Як на дадзены момант выглядае сытуацыя з выдачай Шэнгенскіх і нацыянальных візаў конкульствамі Польшчы ў Беларусі? Не сакрэт, што часам у беларускіх СМІ зьяўляецца інфармацыя пра быццам бы неадпаведную працу консульскіх установаў.

 - Ведаю, што ёсьць скаргі, але трэба казаць пра канкрэтныя скаргі. Я абсалютна ня згодзе з тым, што консульствы дрэнна працуюць. Канешне, у іх складаная сытуацыя, асабліва ў Горадні, дзе будынак консульства не адпавядае патрабаваньням, ім сапраўды цяжка працаваць. Складаная сытуацыя таксама ў Берасьці, дзе, так склалася, працаваў ня поўны склад установы ў сувязі з рознымі абставінамі, якія незалежныя ад консулаў і консульства. Таму ў Горадні й Берасьці неабходна крыху чакаць на прыём дакумэнтаў. У Менску, калі прыходзіць грамадзянін, у гэты ж дзень можа аддаць дакумэнты. Канешне, пазьней трэба чакаць візу. Але гэта іншая справа, якая не залежыць ад консула. Трэба разумець, што цяпер, пры шэнгенскіх працэдурах, консул запускае, так сказаць, электронную працэдуру і ўсё - ён больш нічога ня можа зрабіць. Гэта, канешне, цяжка людзям зразумець.

Так што ў Менску мы пераадолелі бар’еры, у Берасьці й Горадні сытуацыя паляпшаецца, хоць чакаць трэба. Думаю, што ў Горадні й Берасьці ўсе пытаньні будуць вырашаны да кастрычніка.

Зразумела, ёсьць незадаволеныя людзі, напрыклад, некаму адмовілі ў візе, нехта заплаціў за візу, хоць думаў, што плаціць ня будзе. Я сам два разы ўзначальваў консульства й ведаю, што гэта вельмі складаная праца. І як бы ты не вярцеўся, усё роўна большасьць незадаволеная. І хоць супрацоўнікі консульства падаюць ад стомленасьці, людзі выходзяць незадаволенымі. Хто не атрымаў, лічыць, што вінаваты консул. Вось такая праца... Я спадзяюся, што асобы, якія зьвяртаюцца па візу, са зразуменьнем падыйдуць да нашай працы й абставінаў. Мы пастаянна шукаем розных спосабаў паляпшэньня сытуацыі, разумеем, што існуюць пэўныя праблемы, зьвязаныя з тэхнічнымі магчымасьцямі. Але мы стараемся ўсім, хто выконвае крытэрыі, даваць візу й як мага хутчэй. А калі ёсьць нейкія перашкоды, трэба разумець, што яны могуць узьнікнуць незалежна ад консулаў.

 - Нейкі час таму зьявілася непадцьверджаная інфармацыя, быццам бы беларускі бок разглядае магчымасьць адкрыцьця консульства на захадзе Польшчы, паколькі там няма консульскіх установаў Беларусі. Ці польскі бок раглядае магчымасьць адкрыцьця консульства ва ўсходняй Беларусі, паколькі ўсходнія вобласьці краіны абслугоўвае консульскае аддзяленьне ў Менску. Ці існуюць нейкія праекты?

 - Не, хоць пытаньне абмяркоўваецца ў Польшчы некалькі гадоў. Было б мэтазгодным адчыніць у Віцебску консульства, аднак у сёньняшніх абставінах няма сэнсу ўскладняць сытуацыю. Мы павінны палепшыць абслугоўваньне ў Менску, Берасьці, Горадні. На дадзены момант галоўная задача – знайсьці новы будынак для консульства ў Горадні. Мне здаецца, што нават цяжка было б знайсьці фінансавыя сродкі для будаўніцтва двух консульстваў, а мы яшчэ плянуем будаўніцтва будынку амбасады ў Менску. На дадзены момант самае галоўнае – гэта консульства ў Горадні, а пазьней будзем думаць пра іншае.

 - Палякі прыязджаюць на машынах у Беларусь, беларусы езьдзяць у Польшчу, Вы таксама многа перамяшчаецеся на аўтамабілі. Ці ёсьць, паводле Вашага меркаваньня, нейкія агульныя рэчы альбо адрозьненьні паміж беларускімі і польскімі вадзіцелямі?

 - Цікавае пытаньне... У мяне такое ўражаньне, што ў горадзе, у Менску машыны езьдзяць больш павольна, чым у Варшаве ці іншых буйных гарадах Польшчы. Гэта, канешне, невялікая розьніца. Калі ж казаць пра трасу, то ў Польшчы, калі хочаш абагнаць, аўтамабіль перад табой бярэцца ў права, каб уступіць дарогу. У Беларусі з гэтым бывае цяжкавата... Бывае, што ня хочуць уступаць. Я ніколі не абганяю з правага боку, стараюся неяк даць зразумець, пасігналіць... Гэта вось такая розьніца, якая кідаецца ў вочы. Думаю, што прычына гэтага ў тым, што ўчастак дарогі, па якой мы езьдзім у Варшаву, паміж Менскам і Берасьцем вельмі добры, шырокі, а ў Польшчы гэты участак не такі добры. І ў Польшчы, калі нехта не ўступіць, агульна кажучы цяжка езьдзіць. Аднак насамрэч вялікіх розьніцаў я не бачу.

Спасылка

Видео