BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Малы бізнэс = малыя магчымасьці?

13.08.2008
Малы бізнэс = малыя магчымасьці?

У Беларусі 51 тысяча малых прадпрыемстваў усіх форм уласнасьці, зарэгістравана 217 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Найбольшая колькасьць малых прадпрыемстваў – у сфэры гандлю і грамадзкага харчаваньня (40,2%), у прамысловасьці – 20,9%, у будаўніцтве – 10,3%, у транспарце – 8,2%, у сельскай гаспадарцы – 4,3%. Большая частка малых прадпрыемстваў сканцэнтраваная ў Менску (44,1%) і Менскай вобласьці (12,8%).

У Беларусі колькасьць малых і сярэдніх прадпрыемстваў на тысячу чалавек насельніцтва застаецца вельмі нізкай – 3,3. Для параўнаньня: ва Ўкраіне іх 5, у Расеі – 6, у Польшчы – 22, у ЗША – 74, у краінах Эўразьвязу – 45.

Дзяржпадтрымку 0,05% малых прадпрыемстваў і ІП атрымалі

Доля малых прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія атрымалі дзяржаўную падтрымку ў 2006-2007 годзе, склала меней за 0,05% ад іх агульнай колькасьці. Фінансава-крэдытная падтрымка суб'ектаў малога прадпрымальніцтва не адпавядае сучасным запытам эканомікі Беларусі. Праблема – у адсутнасьці даступных рэсурсаў, працягласьці працэдур, недастатковай інфармаванасьці патэнцыйных заёмшчыкаў. Да такой высновы прыйшлі экспэрты сумеснага праекта Савета па разьвіцьцю прадпрымальніцтва і ПРААН «Фармаваньне спрыяльных адміністрацыйных, прававых і эканамічных умоваў для разьвіцьця прадпрымальніцтва шляхам актывізацыі дыялёга дзяржавы і прыватнага сэктара».

Урад гатовы фінансаваць малы бізнэс з інавацыйных фондаў

На пачатку жніўня прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі на нарадзе па пытаньнях падаткавай палітыкі заявіў, што ўрад гатовы фінансаваць малы бізнэс з інавацыйных фондаў: “Калі малыя і сярэднія прадпрыемствы будуць удзельнічаць ў рэалізацыі дзяржаўных праграм, мы гатовы фінансаваць іх з інавацыйнага фонду”. Ён таксама падкрэсьліў, што “урад павінен забясьпечыць роўны доступ да тэндэраў для прадпрыемстваў усіх форм уласнасьці і розных галін”.

Законаў шмат, яшчэ больш указаў і дэкрэтаў

І дзяржава, і прадпрымальніцкая супольнасьць пэрыядычна ажыцьцяўляюць захады па разьвіцьці малога і сярэдняга бізнэсу, распрацоўваюць дакумэнты.

Яшчэ ў 1991 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб прадпрымальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь, у які восем разоў з таго часу ўносіліся зьмяненьні і дапаўненьні. Кожны год Савет Міністраў прымае Праграму дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва. У 2006 годзе беларускі ўрад ухваліў Комплекс мерапрыемстваў па разьвіцьці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Згодна з гэтым дакумэнтам, доля малога і сярэдняга бізнэсу павінна ўзрасьці да 2010 года да 22%, колькасьць занятых у гэтай сфэры – да 25% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Прыкладна ў той жа час бізнэс-супольнасьць паралельна распрацавала свой дакумэнт – “Нацыянальную плятформу бізнэсу Беларусі”, дзе вызначыла вострыя вуглы сваіх ўзаемаадносінаў з дзяржавай і выклала сваю праграму пераходу гэтых адносінаў у партнэрскія.

Яраслаў Раманчук: «Тое, што адбываеца ў Беларусі з малым бізнэсамбязьмежжа, некампэтэнтнасьць улады»

У сьнежні 2007 года актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапанавалі праект закону “Аб малым і сярэднім прадпрымальніцтве”. Над ім працавалі эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, экс-старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч, былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага Суду Валеры Фадзееў, актывісты “Руху за свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”.

«Улада разглядае прадпрымальніцтва як дойную карову. Малое прадпрымальніцтва – гэта перш за ўсё не крыніца падаткавых паступленьняў, а форма самазанятасьці насельніцтва, гэтыя люді самі сябе забясьпечваюць і не становяцца нахлебнікамі ў дзяржавы», – кажа кіраўнік працоўнай групы па распрацоўцы Закону Леў Марголін.

«Тое, што адбываецца ў Беларусі з малым бізнэсам – бязьмежжа, некампэтэнтнасьць улады, поўнае неразуменьне ролі малога бізнэса ў эканоміцы», лічыць кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук.

Пры канцы 2006 года «у мэтах ўдасканаленьня дзяржаўнага рэгуляваньня ў сфэры індывідуальнага прадпрымальніцтва» Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ №760 «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьмяненьняў ва Указ №285». Індывідуальных прадпрымальнікаў прымушалі перарэгістравацца ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Згодна з 760-м Указам, з 1 студзеня 2008 года індывідуальным прадпрымальнікам забаронена мець наёмных работнікаў, акрамя членаў сям'і і блізкіх сваякоў, у колькасьці ня больш трох чалавек.

Прадпрымальнікі і грамадзкасьць пратэстуюць...

Указ №760 выклікаў хвалю пратэстаў у грамадзтве. У студзені і лютым 2008 года прапрымальнікі, грамадзкія актывісты спрабавалі дамагчыся ад уладаў дазволу на санкцыянаваныя мітынгі, выйшлі на вуліцу. Былі затрыманы дзесяткі грамадзкіх актывістаў і прадпрымальнікаў, многія атрымалі па 10 – 15 сутак арышту (Віктар Крываль з Узды, Анатоль Шумчанка, Віктар Гарбачоў, Аляксандар Макаеў, Уладзімер Шыла, Віктар Калей, Леанід Невар, Аляксандар Таўстыка ды іншыя). За ўдзел у прадпрымальніцкіх мітынгах адседзелі і лідар АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч. Былі заведзеныя і крымінальныя справы (нашумелая «справа 14-ці»). Прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч і грамадзкі актывіст Андрэй Кім адбываюць зараз пакараньне па крымінальнай справе (Парсюкевіч асуджаны на 2,5 гады, Кім – на 1,5 гады зьняволеньня).

Прафэсар Аляксандар Патупа: «Існуе вялікая колькасьць неабгрунтаваных эканамічных актаў»

На думку старшыні Беларускага саюзу прадпрымальнікаў прафэсара Аляксандра Патупы, у дачыненьні прадпрымальнікаў дзяржава трымае антырынкавую палітыку. Ён дакладна вызначыў і пачатак «наезду» на прадпрымальнікаў – 1996 год.  «Посьпехі сьціпыя.

Антырынкавыя настроі пануюць наверсе. Уладам зьмірыцца з дастаткова высокім узроўнем свабоды для прадпрымальніка вельмі цяжка. У нас прынята вялікая колькасьць неапраўданых, неабгрунтаваных эканамічных актаў, да прыкладу, знакаміты Указ прэзыдэнта №760, які страсануў індывідуальных прадпрымальнікаў пры канцы мінулага года. І такіх непрадуманых дакумэнтаў маса. Вельмі сьціплыя магчымасьці атрыманьня сур'ёзных інвэстыцыяў, таму што нізкі ўзровень гарантыяў для разьвіцьця бізнэсу ў дзяржаве».

Прафэсар Аляксандар Патупа прапанаваў і канкрэтныя стратэгічныя захады, якія могуць зьмяніць сытуацыю. У першую чаргу, павышэньне дзяржаўных гарантыяў, прыняцьце абаронных законаў. Неабходна праводзіць нармальныя аналітычныя абгрунтаваньні эканамічных актаў, абмяркоўваць іх з бізнэс-асацыяцыямі. У дзяржаўных чыноўнікаў павінна панаваць філязофія канкурэтнасьці. На думку спадара Патупы, калі ў парлямэнце можна яшчэ штосьці вырашыць, то існаваньне «указна-дэкрэтнага» заканадаўства (у інтарэсах груповак, якія падсоўваюць фармулёўкі), перакрыжоўвае ўсе рацыянальныя прапановы і ідэі , – з-за шматлікіх дэкрэтаў і указаў зьбіты нармальны кантрольна-карэктыровачны мэханізм. 

Людміла Корсак

[email protected]

Видео