BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Штэфан Хробат: “Эўропа і Беларусь павінны размаўляць паміж сабой цывілізавана, без бар’еру і страху”

18.07.2008
Штэфан Хробат: “Эўропа і Беларусь павінны размаўляць паміж сабой цывілізавана, без бар’еру і страху”

У Беларусі зараз даволі складаная сытуацыя з так званым трэцім сэктарам, грамадзкімі, недзяржаўнымі арганізацыямі, замежнымі адукацыйнымі фондамі. Напярэдадні парлямэнцкіх выбараў гэта сытуацыя яшчэ больш абвастраецца. Кіраўнік Рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонда імя Фрыдрыха Эберта ва Ўкраіне і Беларусі доктар Штэфан Хробат выказаў свае меркаваньні наконт супрацы і наладжваньня дыялёгу беларускіх уладаў зь няўрадавымі арганізацыямі.

“Я думаю, дзяржава павінна стварыць такія рамкавая ўмовы, у якіх і дзяржава, урад, і грамадзянская супольнасьць маглі б весьці раўнапраўны, паўнавартасны дыялёг, размаўляць адзін з адным. Неабходна стварыць умовы для магчымасьці такога дыялёгу, каб Эўропа і Беларусь цывілізавана, без бар’ераў і страху маглі размаўляць паміж сабой. Ёсьць першыя, вельмі асьцярожныя крокі ў гэтым накірунку, і мы са свайго боку гэтыя крокі будзем падтрымліваць. Але гэта таксама азначае, што урад, дзяржава павінны не кіраваць гэтымі кантактамі, не накіроўваць людзей ў дыялёгі, а толькі ствараць адпаведныя ўмовы. І мы будзем імкнуцца ствараць менавіта такія рамкавыя ўмовы, каб грамадзянская супольнасьць, прафсаюзы, жаночыя арганізацыі, СМІ, іншыя структуры маглі ўдзельнічаць у такім дыялёгу і наладжваць кантакты паміж сабою.

Гэта поўны абсурд, калі ў цэнтры Эўропы ўзьнікае выспа, маленькая выспа, якая не ўдзельнічае ў такім дыялёгу. І гэтая выспа – Беларусь. Мы хочам давесьці да Беларусі тое, як думаюць у Эўропе, бо Беларусь – частка Эўропы. І мы хочам даць зразумець, якія шансы ёсьць для Беларусі ў Эўропе. Фонд Эберта стараецца працаваць на гэтым полі, каб данесьці ў Беларусь, што думаюць пра гэту краіну ў Эўропе і наадварот, а Эўропе паказаць, якія праблемы ёсьць у Беларусі. І мы хочам быць такім мостам, мы хочам дапамагчы абодвум бакам. Мы падкрэсьліваем, што ёсьць такія каштоўнасьці, як дэмакратыя, грамадзянская супольнасьць. Я думаю, што і ў Нямеччыне, і ў Эўропе разумеюць, што трэба шукаць новыя шляхі супрацоўніцтва зь Беларусьсю. І ад таго, ці зразумеюць нас у Беларусі, будзе залежыць, ці адбудзецца наагул такое плённае супрацоўніцтва.  

Калі мы адчуем у гэтым падтрымку, нам будзе лягчэй наладжваць гэтую супрацу. Калі ж, наадварот, нам будуць перашкаджаць на гэтым шляху, калі нас ня будуць разумець, гэта будзе кепскім знакам для Эўропы.

Многія ў Эўропе за гэтым вельмі пільна і ўважліва сочаць. Але я перакананы, што ў Беларусі ёсьць багата разумных людзей, якія разумеюць важнасьць такога супрацоўніцтва і стараюцца спрыяць гэтаму дыялёгу. І бліжэйшыя тыдні пакажуць, ці так гэта насамрэч.

Вельмі важна, каб грамадзкі сэктар, грамадзянская супольнасьць і надалей прысутнічалі ў краіне, працавалі і разьвіваліся. Па-другое, вельмі важна, каб беларуская ўлада зразумела, наколькі важным зьяўляецца само існаваньне трэцяга сэктару ў яе інтарэсах, на яе карысьць - як паказьнік дэмакратычнасьці краіны. Але мы ніяк ня можам на гэта паўплываць, мы толькі можам выказваць свае меркаваньні. Мы ні ў якім разе ня можам умешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі. Застаецца толькі спадзявацца, што гэта будзе лепш разумецца і афіцыйным беларускім бокам. І дзеля гэтага мы працуем.

Гутарыла Людміла Корсак

[email protected]

 

 

Видео