BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дэпутатка Бундэстагу Б.Кофлер: “У дэмакратычных краінах улада павінна мяняцца”

18.07.2008
Дэпутатка Бундэстагу Б.Кофлер: “У дэмакратычных краінах улада павінна мяняцца”

Доктар Бэрбэль Кофлер –  дэпутат Бундэстагу ад зямлі Баварыя, кіраўніца Нямецка-украінскай парлямэнцкай групы Бундэстагу.
Нарадзілася ў 1967 годзе ў Фрайласінгу. Працавала банкаўскай служачай. Скончыла Зальцбурскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці расейская і гішпанская мовы. У 1991 годзе ўступіла ў сацыял-дэмакратычную партыю Нямеччыны. У 1998 годзе атрымала ступень доктара філязофіі. Выкладала ў Маскве нямецкую мову. З 2004 году – дэпутатка Бундэстагу.

У самай вялікай па тэрыторыі і адной з найбольш эканамічна магутных земляў Нямеччыны -- Баварыі – 28 верасьня 2008 года таксама адбудуцца выбары ў ландтаг. У Свабоднай дзяржаве Баварыя (менавіта так яна завецца ў Канстытуцыі) амаль паўстагодзьдзя пануе Хрысьціянска-сацыяльны саюз (рэгіянальная, кансэрватыўная, вядомая вельмі правымі тэндэнцыямі партыя). Сацыял-дэмакратка Бэрбэль Кофлер вельмі хоча перамен у роднай Баварыі. Яна зь вялікай сымпатыяй ставіцца да Беларусі і вельмі цікавіцца беларускай сытуацыяй.

Спадарыня Кофлер, чаму вы такое вялікую ўвагу надаеце выбарам, якіх выбараў вы чакаеце? І якія паралелі можна правесьці паміж выбарамі ў ландтаг Баварыі і парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі?

  Я мяркую, што наагул выбары павінны быць спаборніцтвам найлепшых ідэяў. І ў выніку выбарчай барацьбы павінна стаць зразумелым, якія ідэі народ лічыць за лепшыя. Таму павінна быць магчымасьць параўноўваць плятформы самых розных кандыдатаў, партыяў, каб ведаць, што яны прапануюць выбарцам. Я пераканана, што ў дэмакратычных краінах павінны адбывацца перамены, улада павінна мяняцца. Таму што дэмакратыя існуе менавіта дзякуючы пераменам, зьменам, – калі новыя ідэі маюць шанец на рэалізацыю праз парлямэнт.

Эўразьвяз вылучыў 12 вядомых патрабаваньняў для Беларусі. І адно з важнейшых – празрыстыя, чэсныя, дэмакратычныя выбары. На выбары ў Беларусі прыедуць назіральнікі ўплывовых эўрапейскіх структур – Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ. Ці ёсьць у вас спадзяваньне, што гэтыя выбары будуць прызнаныя дэмакратычнымі і празрыстымі?

– Спадзяваньні на дэмакратыю ёсьць заўсёды. Надзея ёсьць і зараз. І мы ў недалёкай мінуўшчыне бачылі, як шмат людзей ў Беларусі былі заангажаваныя ў барацьбу за дэмакратыю. Тое, ці будуць выбары будуць прызнаныя дэмакратычнымі з боку АБСЭ, цалкам будзе залежыць ад самога выбарчага працэсу, ад таго, як гэты працэс будзе адбывацца ў самой Беларусі. Да дэмакратычных выбараў, як мы іх разумеем ў Эўропе, належыць, у першую чаргу, і перадвыбарчая кампанія, шырокае і аб’ектыўнае асьвятленьне гэтай кампаніі ў мэдыях, роўны доступ дэмакратычных кандыдатаў да СМІ, каб усе, хто змагаецца за дэпутацкі  мандат, мелі магчымасьць данесьці свой пункт гледжаньня да выбарцаў. Гэта ўсё ёсьць крытэры свабодных, празрыстых, дэмакратычных выбараў. І гэта залежыць ад самой Беларусі.

 Здавалася б, дэмакратычная Эўропа такая вялікая, а Беларусь – даволі маленькая дзяржава. Чаму такая цікавасьць у эўрапейцаў да гэтай маленькай дзяржавы, дзе ўжо 14 гадоў амаль не адбываецца ніякіх палітычных пераменаў, дзе сытуацыя з выбарамі, са СМІ, з правамі чалавека толькі пагаршаецца?

– Натуральна, з эўрапейскага боку цікавасьць да Беларусі вельмі вялікая, таму што працэсы, якія зараз адбываюцца ў Эўропе, вельмі шчыльна пераплеценыя. З тых часоў, калі скончылася халодная вайна, мы вельмі добра засвоілі, што ўся Эўропа значна шырэйшая, чым Заходняя Эўропа. Натуральна, трэба мець інтарэс да суседзяў, бо сытуацыя, якая складваецца ў суседзяў, даволі істотна ўплывае і на наша жыцьцё, усё ўзаемазьвязана і ў грамадзка-палітычнай, і ў гуманітарнай сфэрах. Таму і ў Эўропе ў цэлым, і ў Нямеччыне ў прыватнасьці існуе цікавасьць да нашай эўрапейскай суседкі Беларусі.

На Вашу думку, якой інфармацыі не хапае эўрапейцам пра Беларусь, пра працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі?

– Я думаю, гаворка ідзе не пра недахоп інфармацыі – інфармацыі дастаткова. Нас больш хвалюе іншае: невыкананьне краінай элемэнтарных абавязацельстваў, якія беларускія ўлады мусяць выконваць. Напрыклад, невыкананьне пунктаў канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы аб дзейнасьці свабодных прафсаюзаў. Беларусь падпісвае гэтыя канвэнцыі, а далейшых зрухаў няма. Але важна ня тое, што напісана на паперы, а як гэтыя абавязацельствы ажыцьцяўляюцца насамрэч. Менавіта не інфармацыя на паперы, а рэалізацыя на практыцы. Выкананьня не хапае.

Гутарыла Людміла Корсак

info@eurobelarus.info

Видео