BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

“Выспа надзеі” для дзяцей-інвалідаў

18.07.2008
“Выспа надзеі” для дзяцей-інвалідаў

“Выспа надзеі” – гэта дзённы пансіён для інвалідаў 1-й групы з сындромам Дауна, ДЦП, аутызмам, эпілепсіяй і шызафрэніяй. Цэнтар існуе ад 1996 году і мае статус грамадзкага аб’яднаньня адаптацыйна-аздараўленчага профілю. Дзякуючы цэнтру, маці дзяцей-інвалідаў маюць магчымасьць працаваць. “Выспе надзеі” дапамагаюць дабрачынныя арганізацыі і простыя грамадзяне, але гэтай дапамогі – не хапае.

Калі цэнтар засноўваўся, ягоныя выхаванцы сапраўды былі дзецьмі. Цяпер бальшыня зь іх – поўнагадовыя, але фактычна яны застаюцца дзецьмі. Нехта ня можа рухацца без дапамогі іншага чалавека, нехта няздольны да простых пабытовых рэчаў – самастойна апрануцца, прыкладам. Пакідаць без дагляду іх нельга. А ў бальшыні зь іх – толькі маці, распавядае кіраўніца цэнтру Людміла Гуцько:

“39 з 45 нашых пацыентаў жывуць у няпоўных сем’ях, - з маці. У 90% выпадкаў пасьля нараджэньня псыхічна хворага дзіцяці муж сыходзіць з сям’і. Але знаходзіцца з дзіцём увесь дзень у хаце – значыць ня мець магчымасьці працаваць. А пэнсіі па інваліднасьці – да слёз мізэрныя, выжыць на іх немагчыма. Да таго ж - калясальная псыхалягічная і фізычная нагрузка, - знаходзіцца з такім дзіцём у хаце днямі. Таму гэткая дапамога, як наша, - жыцьцёва неабходная гэтым людзям. У наш Цэнтар яны прывозяць дзяцей раніцай і забіраюць увечары. Тут ім аказваюць мэдычную і псыхалягічную дапамогу. Сыходзячы з магчымасьцяў і здольнасьцяў, з выхаванцамі займаюцца рознымі рамёствамі і разьвіваючымі гульнямі”.

Да 2001 года гэты сацыяльны праект меў гарантыі фінансаваньня з дзяржбюджэту праз Рэспубліканскае таварыства інвалідаў. Затым Указам прэзыдэнта дапамога грамадзкім арганізацыям з дзяржбюджэту была скасаваная. Не зважаючы на спэцыфіку дзейнасьці. І з часам само існаваньне Цэнтра аказалася пад пагрозай – з прычыны фінансавых праблемаў.

З аднаго боку, пазыка перад дзяржавай сягнула памеру ў 16 мільёнаў. Зь іншага, – паўсталі праблемы фінансавай дапамогі з боку даўняга швэдзкага партнэра – дабрачыннай арганізацыі “Зорка надзеі”. Паводле статуту арганізацыі, “Зорка надзеі” мела права аказваць дапамогу дзецям-інвалідам. Калі іх супраца пачыналася, пацыенты менскага Цэнтру “Выспа надзеі” былі сапраўды дзецьмі. А цяпер фактычна сталі дарослымі, – і юрыдычна швэдзкая арганізацыя ня мела права фінансава дапамагаць інвалідам-дарослым.

На сёньняшні дзень справы Цэнтру выправіліся. Швэдзкі партнэр зрабіў выключэньне з правілаў і працягнуў дамову аб дапамозе. Рэспубліканскае таварыства інвалідаў заплаціла пазыку перад дзяржавай. І ўсё ж матэрыяльныя праблемы застаюцца. Дзяржава вызваліла цэнтар ад плацяжоў арэнды, але “Выспа надзеі” мусіць плаціць шэсьць відаў іншых плацяжоў: амартызацыйныя, плату за зямлю і падатак на нерухомасьць, расходы па эксплюатацыі, капітальнаму і чарговаму рамонту памяшканьняў, затраты на камунальныя паслугі, у тым ліку ацяпленьне і электраэнергію. У сярэднім – каля трох мільёнаў на месяц.

З-за неплацяжаздольнасьці “Выспа” вымушаная была адмовіцца ад арэндаваньня падвальнага памяшканьня, дзе раней разьмяшчаліся майстэрні па кераміцы, пляценьні з лазы, трэнажорная заля, склад цэнтру. На сёньняшні дзень Цэнтар спадзяецца вярнуць гэтыя памяшканьні разам з магчымасьцю заняткаў з пацыентамі. 

Зарабіць на плаце бацькоў немагчыма. Сумы, якія яны плацяць цэнтру за дагляд над дзецьмі, сымбалічныя, хаця і вельмі істотныя для бацькоў дзяцей-інвалідаў.

Распаўсюджваньне інфармацыі пра Цэнтар і іх праблемы паспрыяла знаходжаньню новага, беларускага партнэра – курсаў замежных моваў «Streamline». Дый простыя грамадзяне дапамагаюць хто чым можа, пералічваючы на рахунак арганізацыі грашовую дапамогу. Але ў гэткім выпадку, як з цэнтрам “Выспа надзеі”, дапамогі не бывае шмат. Цэнтар будзе ўдзячны любой дапамозе. У тым ліку гэта вопратка і пампэрсы. Вопратка патрэбная вялікіх памераў, ня меншых за 52, найперш – мужчынская. Дапамогі чакаюць.

Каардынаты “Выспы надзеі”:


М
енск, вул. Сердзіча, 9; тэл. 255-27-87.

Грашовую дапамогу можна накіраваць на рахунак:
3015004058003
у Менскім аддзяленьні «Цэнтральнае» ОАО «Белвнешэкономбанк», код 728. УНН 101127909, ОКПО 37413079

Ірына Осіпава

[email protected]

Видео