BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Беларускія «палатачнікі» пагражаюць Еўропе расейскімі ракетамі

16.07.2008
Беларускія «палатачнікі» пагражаюць Еўропе расейскімі ракетамі

Дэпутаты беларускага «парламента» выступаюць з пагрозамі ў адрас краін Еўразвяза, на тэрыторыі якіх будуць размешчаныя радыёлакацыйныя станцыі амерыканскай сістэмы СРА.

8 ліпеня Злучаныя Штаты і Чэшская Рэспубліка падпісалі дамову аб размяшчэнні на тэрыторыі апошняй радыёлакацыйнай станцыі, якая ўваходзіць у сістэму трэцяга пазіцыйнага раёна амерыканскай глабальнай СРА. Расейскі МЗС зрабіў заяву, у якой прыстрашыў рэакцыяй "не дыпламатычнымі, а ваенна-тэхнічнымі метадамі". Ці магчымае размяшчэнне расейскіх ракет на тэрыторыі Беларусі, разважаюць эксперты «Завтра твоей страны».

-- З ваеннага пункту гледжання такой неабходнасці няма, таму што ракеты нічога не вырашаюць, - лічыць аналітык Раман Якаўлеўскі. – Гэта проста прапагандысцкая завеса, якая выкарыстоўваецца, як ім здаецца, у якасці адказу на размяшчэнне трэцяга пазіцыйнага раёна. І ў Беларусі гэтая інфармацыя ідзе больш з самой Беларусі, чым з Масквы. А з Масквы – толькі з вызначаных мілітарысцкіх, я падкрэсліваю, колаў, але не ад вышэйшага кіраўніцтва.

-- Вяртанне расейскіх ракет не толькі магчымае, але абавязкова патрэбнае, каб ведалі тыя, хто дае магчымасць размяшчаць амерыканскія ракеты на тэрыторыі Чэхіі, Польшчы і Літвы, што зваротны ўдар яны атрымаюць, не чакаючы, - сцвярджае дэпутат «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі Сяргей Касцян. – А расейскія ракеты мы абавязкова паставім у сябе і ў Калінінградзе.

Па меркаванні «дэпутата», такі крок не супярэчыў бы беларускаму заканадаўству. «Беларускае заканадаўства дазваляе ўвесці і забяспечваць абараназдольнасць сваёй краіны», - упэўнены Сяргей Касцян.

-- Пытанне вельмі складанае. Ёсць мноства розных кампанентаў як «за», так і «супраць», - кажа палітолаг Валерый Карбалевіч. – Першым чынам, пакуль няясна, наколькі моцная будзе рэакцыя расейскага кіраўніцтва на гэтую новую, як яны лічаць, пагрозу. З выступу Мядведзева на G-8 вынікае, што «мы не будзем на гэтай падставе ствараць істэрыку. Судзячы па ўсім, палітычнае кіраўніцтва паставілася да гэтага досыць спакойна, хаця расейскія вайскоўцы глядзяць на гэтае пытанне па-іншаму.

Яшчэ адной праблемай, па меркаванні эксперта, з'яўляецца ўступленне Украіны ў НАТА.

-- Гэта вельмі моцна ўзрушыла расейскую палітычную эліту. У псіхалагічным плане гэта, можа быць, нават больш хворая праблема, чым гэтыя амерыканскія элементы супрацьракетнай абароны, - адзначае Валерый Карбалевіч. – Калі жа размяшчаць ракету, то гэта лепш рабіць у Калінінградскай вобласці, а не ў Беларусі, таму што Калінінградская вобласць свая, а Беларусь – чужая тэрыторыя. І нягледзячы на тое, што існуе «саюзная дзяржава», ваенна-палітычны саюз, расейскія вайсковыя аб'екты, за апошнія гады склалася сітуацыя, калі Лукашэнка перастаў быць партнёрам, якому давяраюць. Расея перастала давяраць Лукашэнку. Усе канфлікты, якія ў апошні час узнікалі, нафтагазавая вайна кажуць аб гэтым.

Для таго жа, каб уводзіць расейскія ракеты на тэрыторыю Беларусі, па меркаванні аналітыка, неабходна абсалютны давер да партнёра.

-- А калі такога даверу няма, а калі вядома, што Лукашэнка – саюзнік некіравальны, а калі потым гэтыя ракеты будзе немагчыма забраць абратна або жа Лукашэнка пачне гэтымі ракетамі шантажаваць? – запытвае Валерый Карбалевіч. -- Бо ён жа быў супраць вываду ядзернай зброі з Беларусі, але быў змушаны пагадзіцца, паколькі рашэнне было ўжо прынятае і зафіксаванае ўсімі вялікімі дзяржавамі.

Валерый Карбалевіч нагадаў гісторыю Карыбскага крызісу 1962 года, калі савецкія ракеты былі ўведзеныя на тэрыторыю Кубы, а калі СССР і ЗША дамовіліся аб кампрамісе, і Савецкі Саюз жадаў гэтыя ракеты вывесці, то Фідэль Кастра не хацеў іх аддаваць.

-- Тады паўстаў вялікі канфлікт, і Мікаян сядзеў на Кубе цэлы месяц і ўгаворваў Фідэля, - кажа палітолаг. – Не выключана, што падобная сітуацыя можа паўстаць і тут. Гэта значыць, уводзіць расейскія ракеты ў Беларусь, з пункту гледжання Крамля даволі рызыкоўная гульня, ужо толькі таму, што гэтымі ракетамі Расея не заўсёды зможа кіраваць так, як яна захоча. З іншага боку, навошта Беларусі ўмешвацца ў гэтак небяспечную гульню? Толькі адзін сэнс, калі Расея гарантуе ўнутраныя расейскія кошты на энергарэсурсы. Толькі ў такім радыкальным выпадку Лукашэнка мог бы пагадзіцца. А інакш навошта? Асабліва цяпер, калі Лукашэнка спрабуе разыгрываць раман з Захадам, робіць нейкія рэверансы, запрашае Папу рымскага і абяцае праводзіць дэмакратычныя выбары, і заяўляць пры гэтым, што тут будуць расейскія ракеты? Які ў гэтым сэнс? Выснова: верагоднасць такога развіцця падзей у сённяшніх умовах не вельмі вялікая, але яна можа з'явіцца ў выніку нейкага вельмі рэзкага абвастрэння міжнароднай сітуацыі.

Спасылка

 

Видео