BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Разьмяшчэньне амэрыканскіх ракетаў у Польшчы – пад пытаньнем!

08.07.2008
Разьмяшчэньне амэрыканскіх ракетаў у Польшчы – пад пытаньнем!

Справа разьмяшчэньня амэрыканскага супрацьракетнага шчыту ў Эўропе выклікае ўсё больш эмоцыяў. Перамовы паміж ЗША й Польшчай скончыліся. ЗША заявілі пра ўступную згоду. Гэтай інфармацыі не пацьвярджае польскі ўрад, які яшчэ не прыняў рашэньня.

Шмат інфармацыі неафіцыйнай, мэдыяльных спэкуляцыяў ды выказваньняў палітыкаў і экспэртаў – так коратка можна ахарактарызаваць тое, што адбываецца апошнімі днямі вакол пытаньня разьмяшчэньня амэрыканскага супрацьракетнага шчыту – элементаў супрацьпаветранай абароны ЗША ў Эўропе. Гэтыя спэкуляцыі выкліканы заявамі амэрыканскіх чыноўніка і дыпляматаў. Апошнія сьцьвярджаюць, што ёсьць ўступная згода з польскага боку на пабудову на тэрыторыі гэтай краіны элемэнтаў амэрыканскага СПА. Так Брус Армстронг з Эўрапейскага адзелу Дзяржаўнага дэпартамэнту сказаў польскаму Інфармацыйнаму радыё-агенцтву, што перамовы ідуць у добрым кірунку.

Брус Армстронг: Мы дасягнулі ўступнае паразуменьне, але яно надалей патрабуе згоды польскага ўраду. Магу сказаць, што мы вельмі задаволены хадою перамоваў і дасягнутымі вынікамі, але пакуль не магу сказаць дакладна, калі будуць скончаны ўсе неабходныя размовы.

Польскі ўрад гэтай інфармацыі не пацьвярджае. Намесьнік міністра замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі не пацьвердзіў інфармацыі, што ЗША й Польшча дасягнулі паразуменьня ў справе пабудовы элементаў амэрыканскага супрацьракетнага шчыту ў Польшчы.

Вітольд Вашчыкоўскі: Мы скончылі перамоўны этап. Усе канкрэтныя вынікі й ацэнкі перададзены міністру замежных спраў і прэм’ер-міністру. Больш я не магу нічога камэнтаваць. Для нас афіцыйным пацьверджаньнем у гэтым пытаньні зьяўляецца выказваньне міністра альбо прэм’ер-міністра.

Няма заяваў на гэтую тэму ні прэм’ер-міністра, ні міністраў абароны ды замежных справаў. Адзінае, што вядома, гэта што ўчора ўвечары адбылася тэлефонная размова паміж прэм’ер-міністрам Дональдам Тускам і віцэ-прэзыдэнтам ЗША Дзікам Чэйны. Гэта пацьвердзіў кіраўнік інфармацыйнага цэнтру ўраду Яцэк Філіповіч:

Яцэк Філіповіч: Перамовы па пытаньню супрацьракетнага шчыту працягваюцца. Магу сказаць толькі, што адбылася размова. Яна пачалася а 20:35 ўвечары і доўжылася 40 хвілінаў Абодва суразмоўцы: польскі прэм’ер-міністар і амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт абмяркоўвалі стан перамоваў па пытаньню супрацьракетнага шчыту.

Невядома, чым скончылася размова абодвух палітыкаў. Неафіцыйна вядома, што польскі прэм’ер выказаў незадавальненьне амерыканскімі прапановамі. Незадавальненьне таму, што палякі зьвязвалі разьмяшчэньне амэрыканскай СПА з дапамогай у мадэрнізацыі польскай арміі. А дакланей з перадачай палякам некалькіx батарэяў ракетаў „Патрыёт” на суму 1-2 міліярды даляраў. Як стала вядома, ЗША запрапанавалі Польшчы толькі размяшчэньне адной батарэі “Патрыётаў” пад амэрыканскім камандаваньнем й 40 мільёнаў даляраў вайсковай дапамогі ў год.

Адсутнасьць зразумелай інфармацыі па пытаньні шчыту: якія амэрыканскія прапановы й якая рэакцыя польскага ўраду выклікалі абурэньне сярод парлямэнцкай апазыцыі. Кіраўнік партыі Саюз левых дэмакратычных сілаў (SLD) Гжэгаж Наперальскі дамагаецца правядзеньня слуханьняў у Сэйме па гэтаму пытаньню.

Гжэгаж Наперальскі: Нас ніхто не інфармуе пра хаду перамоваў, якія датычаць нацыянальнай бясьпекі. Гандаль адбываецца на тэрыторыі Злучаных Штатаў ці дзесьці ў кабінэтах.

Таксама крытыкуе ўрад і апазыцыйная правая партыя Права й справядлівасьць (PiS). Толькі іх крытыка выкліканая тым, што ўрад зацягвае рашэньне ў справе супрацьракетнага шчыту. Як вядома, PiS й прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі, зьвязаны з гэтай партыяй, выступаюць за разьмяшчэньне амэрыканскай сыстэмы на тэрыторыі Польшчы. Для іх зьяўленьне гэтай сыстэмы ў Польшчы мае настолькі важнае значэньне для нацыянальнай бясьпекі, што няма сэнсу засяроджвацца на дэталях. Кажа старшыня Нацыянальнага бюро бяспекі пры прэзыдэнце Польшчы Станіслаў Стасяк.

Станіслаў Стасяк: Мы цяпер мусім адказаць на пытаньне: ці зможам мы ажыцьцявіць адзін зь вельмі важных элементаў польска-амэрыканскага стратэгічнага партнэрства, узмацьненьня польскай сувэрэннасьці, узмацненьня польскай пазыцыі ў Эўропе. У гэтым кантэксьце трэба трактаваць справу шчыту, а не ў кантэксьце жартаў і розных нічога ня вартых выказваньняў.

У сваю чаргу экспэрты крытыкуюць як пазыцыю Польшчы, так і ЗША. На думку Войцеха Лучака з часопісу "Rapоrt", тое, што цяпер адбываецца ў справе супрацьракетнага шчыту, гэта вынік змаганьня амэрыканскіх лябістаў.

Войцех Лючак: Цяпер ідзе вельмі вострая барацьба за грошы і палітычныя ўплывы ў Злучаных Штатах. Польшча зьяўляецца толькі прадметам увагі. Калі Польшча згодзіцца на шчыт хутка і перад заканьчэньнем прэзыдэнскага тэрміну рэспубліканскага прэзыдэнта, то прыбыткі лябістаў будуць большымі, калі не, то будуць сумнеўныя. Будучы на месцы польскага прэм’ер-міністра, я б проста пачакаў і сказаў, што нас не задавальняюць прапановы амэрыканскага боку. Калі дзейная адміністрацыя ня можа зразумець сур’ёзнасьці і вагі пытаньня шчыту, то мы будзем працягваць перамовы з наступнай адміністрацыяй.

Можа польскі ўрад прытрымліваецца падобнага погляду. Мабыць, з гэтага вынікае ўпартае маўчаньне польскага кіраўніцтва. Сёньня цэлы дзень у сакратарыятах прэм’ер-міністра й прэзыдэнта Польшчы адбываліся нарады, прысьвечаныя пытаньню разьмяшчэньня ў Польшчы элементаў амэрыканскай СПА. Пасьля чаго польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск заявіў, што Польшча зноўку зьвярнулася да ЗША з просьбай павялічыць сваю бясьпеку ў сувязі з амэрыканскім праектам супрацьракетнага шчыту. Гэта значыць, што перамовы ня скончаныя.

Спасылка

 

Видео