BE RU EN
rss facebook twitter

К. Клысіньскі, А. Вяжбоўска-Мязга, Т.Іваньскі: "Лукашэнка пагаджаецца на вырашальныя саступкі Расіі"

05.12.2011
К. Клысіньскі, А. Вяжбоўска-Мязга, Т.Іваньскі: "Лукашэнка пагаджаецца на вырашальныя саступкі Расіі"

Лукашэнка пагаджаецца на вырашальныя саступкі Расіі

Каміль Клысіньскі, Агата Вяжбоўска-Мязга, Тадэвуш Іваньскі,
Ośrodek Studiów Wschodnich

 

 

 

На паседжанні Вышэйшага савета Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, які адбыўся ў Маскве 25 лістапада, прадстаўнікі дзвюх краін падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт прыроднага газу на 2012-2014 гады. Расійскі ўрад вырашыў таксама зрабіць пазыку Беларусі ў 10 млрд. долараў ЗША на будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Беларусь, у сваю чаргу, пагадзілася прадаць 50% акцый "Белтрансгазу" расійскаму "Газпрому", які ўжо валодае астатнімі 50-ю працэнтамі. За тыдзень да гэтага, 18 лістапада, падчас свайго візіту ў Маскву, беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падпісаў пакет пагадненняў па пытаннях інтэграцыі ў Адзіную эканамічную прастору (АЭП) Расіі, Беларусі і Казахстана, у тым ліку Дэкларацыю прэзідэнтаў трох краін па стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза да 2015 года. У той жа дзень, "Ашчадбанк Расіі" выдзяліў беларускай калійнай кампаніі "Беларуськалій" пазыку ў 1 млрд. долараў пад заклад акцый беларускага прадпрыемства (верагодна, 51% акцый наваполацкага НПЗ "Нафтан").

Гэтыя пагадненні ўяўляюць сабой прамую крэдытную падтрымку для Беларусі як адказ Крамля на саступкі ад Лукашэнкі, які - ва ўмовах крызісу ў адносінах з Захадам і пагрозы краху беларускай эканомікі - пагадзіўся падтрымаць планы Расіі па інтэграцыі ў прасторы былога Савецкага Саюза, а таксама згадзіўся прадаць цалкам беларускую частку сеткі газаправода. Здаецца, што гэтыя пагадненні адзначаюць сабой паваротны пункт у адносінах Беларусі і Еўрасаюза, з аднаго боку, а з другога - глабальнае павелічэнне ўплыву Расіі на эканоміку Беларусі. Пры адсутнасці перспектыў адраджэння беларускай эканомікі і вяртання да дыялогу з Захадам, Лукашэнку будзе цяпер вельмі складана спыніць далейшую экспансію Масквы на Беларусь. А гэта азначае істотнае скарачэнне суверэнітэту Беларусі.

Расійскія перавагі і беларускія саступкі

Падпісанае ў Маскве пагадненне аб умовах паставак і транзіту расійскага газу ў Беларусь на 2012-2014 гады прадугледжвае скарачэнне коштаў на сыравіну ў наступным годзе ў сярэднім да 165,6 долараў ЗША за 1000 м³ (гэта прыблізна на 40% менш, чым кошт газу ў чацвёртым квартале гэтага года). Па запэўненнях Масквы, гэта дасць магчымасць Беларусі эканоміць каля 2 млрд. долараў ЗША у год, а з 2015 года кошты для беларускіх спажыўцоў павінныя быць адаптаваныя да тарыфаў для расійскіх заказчыкаў (хоць наўрад ці гэта было прапісанае ў кантракце). Бакі таксама дамовіліся аб кошце стаўкі за транзіт газу праз беларускую тэрыторыю ў 2 долара ЗША за транспарціроўку 1000 м³ газу праз 100-кіламетровы ўчастак трубаправода (у гэтым годзе гэты паказчык склаў 1,9 долара ЗША).

Міжурадавае пагадненне было заключанае таксама для выдачы крэдыту на будаўніцтва беларускай АЭС у Гродзенскай вобласці, на суму ў 10 млрд. долараў ЗША з пагашэннем цягам пятнаццаці гадоў. Між тым, 28 лістапада "Газпром" адклаў да наступнага года запазычанасць Беларусі па няпоўным пагашэнні плацяжоў за газ, пастаўлены ў трэцім і чацвёртым кварталах гэтага года, якія дасягаюць сумы ў больш як 100 млн. долараў ЗША. У сваю чаргу, Антыкрызісны фонд Еўразійскай эканамічнай супольнасці (які знаходзіцца пад кантролем Расіі) паведаміў, што пасля таго, як Беларусь уладкуе адпаведнасць некалькім тэхнічным крытэрыям, краіна атрымае 440 млн. даляраў ЗША да канца гэтага года, як другі транш трохгадовага крэдыту у 3 млрд. долараў ЗША. Першая частка крэдыту была прадстаўленая ў чэрвені.

Для таго, каб гарантаваць прыбытковасць расійскага "Газпрому", які да нядаўняга часу ўжо валодаў паловай акцый "Белтрансгазу", Масква забяспечыла мінімальную нацэнку ў 15,9 долараў ЗША на 1000 м³ газу для тэрыторыі Беларусі, а таксама зніжэнне падаходнага падатку для "Белтрансгаза" ад 24% да 18%.

Інтарэсы Мінска

Аляксандр Лукашэнка - які рашуча змагаецца з растучым эканамічным крызісам і які адначасова заблакаваў магчымасць любой падтрымкі з боку Захаду - зараз асуджаны на цеснае супрацоўніцтва з Расіяй. Так, не маючы рэальных альтэрнатыў, ён вырашыў пайсці на саступкі Маскве. Яго поўная падтрымка інтэграцыйных планаў Расіі і продаж беларускай часткі сеткі трубаправода ёсць кошт са зніжкай на імпарт расійскай энергіі, неабходнай для выратавання беларускай эканамічнай мадэлі ад пагрозы краху. Беларускі прэзідэнт ведае, што ў цяперашняй сітуацыі толькі пагаджэнне на ўмовы ўсходняга суседа можа вызваліць яго ад неабходнасці комплексных рэформ, якія будуць рызыкоўнымі для стабільнасці яго сістэмы, і дасць яму магчымасць замест гэтага працягваць звышдарагую сацыяльную палітыку, накіраваную на супрацьдзеянне выбуху сацыяльнай незадаволенасці. У той жа час, Лукашэнка стараецца заставацца максімальна незалежным ад Крамля, наколькі толькі гэта магчыма.

Інтарэсы Масквы

Масква хоча, каб Мінск заставаўся ў сферы яе выключнага ўплыву. Менавіта таму яна спрабуе прымацаваць Беларусь да сябе шляхам стварэння інструментаў кантролю над рознымі сферамі функцыянавання дзяржавы (ад пытанняў палітыкі, бяспекі і абароны да сферы эканомікі). Хаця Лукашэнка не карыстаецца папулярнасцю ў Маскве і часта падвяргаецца крытыцы з боку расійскіх палітыкаў, ён усё ж з'яўляецца лепшым гарантам стабільнасці інтарэсаў Масквы, і таму можа разлічваць на яе дапамогу. У той жа час, Крэмль - у кантэксце парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў у Расіі - хоча прадэманстраваць прагрэс, дасягнуты ў рэалізацыі сваіх інтэграцыйных праектаў на постсавецкай прасторы, а таксама пазбегнуць дэстабілізацыі ў Беларусі. Такі паварот падзей можа быць дрэнна ўспрынятым грамадскіай думкай у Маскве і праз гэта вымусіць урад Расіі прыняць удзел у вырашэнні беларускага крызісу. Набыццё ўсяго "Белтрансгазу" з'яўляецца важным крокам на шляху Масквы да захопу кантролю над стратэгічнымі актывамі беларускай эканомікі і, праз гэта, атрыманне непасрэднага ўплыву на ўсю Беларусь. Больш за тое: Расія, заплаціўшы высокі кошт за актывы Беларусі, можа прадэманстраваць сваім патэнцыйным партнёрам (асабліва Украіне), што ўдзел у яе інтэграцыйных ініцыятывах можа быць выгодным і для іх.

Наступствы такой згоды

  • У кароткатэрміновай перспектыве, Лукашэнка атрымаў неабходныя сродкі для падтрымання стабільнасці яго сістэмы, якая зараз знаходзіцца пад пагрозай, і захаваць кантроль над сітуацыяй у краіне. Аднак, у доўгатэрміновай перспектыве, пагадненне, падпісанае ў лістападзе гэтага года, сур'ёзна ўмацавала залежнасць Беларусі ад Расіі і скараціла шанцы Мінска - і без таго даволі невялікія - на паляпшэнне адносін з Захадам. Такім чынам, значэнне Расіі ў якасці ключавога палітычнага і эканамічнага партнёра Беларусі канчаткова пацвердзілася.

  • Аслабленне пазіцый Мінска будзе рабіць дапамогу Расіі ўсё больш дарагой па кошце: прыклад пазыкі ад "Ашчадбанка Расіі" паказвае, што Лукашэнка ўжо вымушаны пагаджацца на рызыкоўныя пагадненні, якія ў доўгатэрміновай перспектыве могуць яшчэ больш павялічыць яго залежнасць ад Масквы і вымусіць яго на больш значныя саступкі.

  • Набыццё поўнага кантролю над беларускай часткай газапровада дае Расіі магчымасць непасрэдна ўплываць на функцыянаванне беларускай эканомікі (праз рэгуляванне коштаў і размеркаванне газу для мясцовых спажыўцоў), якая залежыць ад паставак і кошту газу з Крамля. Масква будзе выкарыстоўваць гэты інструмент для аказання ціску на ўрад Беларусі, у тым ліку за кошт набыцця іншых стратэгічных актываў (напрыклад, нафтахімічных і машынабудаўнічых заводаў, а таксама актываў харчовай прамысловасці).

  • Усведамляючы пагрозу растучага ўплыву Масквы, беларускі прэзідэнт можа заблакаваць працэс эканамічнай інтэграцыі ў рамках АЭП, а таксама ўхіліцца ад прыватызацыі іншых прывабных для Расіі прадпрыемстваў. У такім выпадку, напружанасць у расійска-беларускіх адносінах магла б узнікнуць ужо цягам наступнага года. Але пасля падпісання апошніх пагадненняў, пазіцыя Мінска сур’ёзна аслабла, і, такім чынам, кантроль Расіі над беларускай эканомікай будзе павялічвацца, што можа сур'ёзна абмежаваць суверэнітэт Беларусі.

 

Служба інфармацыі "ЕўраБеларусі" - паводле Ośrodek Studiów Wschodnich

Видео