BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Летувісы сьвяткуюць, беларусы шкадуюць

08.07.2008
Летувісы сьвяткуюць, беларусы шкадуюць
Амаль у той самы час, як Беларусь гэтак няўдала адсьвяткавала Дзень незалежнасьці, прымеркаваны да вызваленьня Менску ад гітлераўцаў, Летува адзначыла свой Дзень дзяржавы. А нагодай для прыгожых святкаваньняў у Летуве зьяўляецца гадавіна каранацыі караля Вялікага Княства Літоўскага Міндоўга, якая адбылася ў Наваградку.

Гісторык Захар Шыбека лічыць, што праваронілі цудоўную гістарычную падставу для сьвятканьняў на дзяржаўным узроўні ў Беларусі.

Шыбека: Праваронілі, не асэнсавалі гэту падзею. Гэта чарговая наша прыкрасьць. Мы павінны сьвяткаваць ужо таму, што падзея адбылася на нашай зямлі. Мы маем можа нават больш падставаў, чым летувісы. А мы, беларусы, такія тактоўныя, сьціплыя, рахманыя, што ўступаем усё лепшае суседзям. Гэтым тлумачыцца наша абыякавасьць да гісторыі. Гэта зьвязана і з постацьцю Міндоўга. Гісторыкі спрачаюцца пра яго паходжаньне. Ёсьць віна й гісторыкаў, што мы не сьвяткуем. Але не цалкам. Трэба, каб гістарычны факт адпаведным чынам інтэрпрэтаваўся з пазыцыяў беларускай дзяржаўнасьці.

Захар Шыбека, дарэчы, за Міндоўга падняў келіх віна й асабіста адзначыў 755-ю гадавіну каранацыі ў Наваградку.

Беларускія пісьменьнікі прыклалі нямала намаганьняў, каб постаць Міндоўга ўзбагаціла гістарычную сьвядомасьць беларусаў. Пра Міндоўга пісалі й Вольга Іпатава, і Кастусь Тарасаў, і Ўладзімер Арлоў.

Арлоў: Я не прыхільнік думкі, што ВКЛ была выключна беларуская дзяржава. Гэта была дзяржава некалькіх народаў. Але старабеларуская культура й мова ў гэтай дзяржаве панавалі. Дык можна казаць, што дзяржаўнае жыцьцё ў ВКЛ адбывалася ў беларускіх нацыянальных формах. Наваградак быў першай сталіцай нашых продкаў. З горкаю ўсьмешкаю можна глядзець рэпартаж па БТ. Дзяўчынка, неабцяжараная ведамі, як і яе рэдкатары, шчабятала, што ў Вільнюсе было сьвята прысьвечанае каранацыі Міндоўга ў Наўгардукасе. Ёй няўцям, што гаворка пра наш Наваградак. Думаю, прыйдзе час, калі каранацыя Міндоўга будзе адзначацца ў адпаведныя дні ў Наваградку ня менш шырока, чым у Летуве. Тэатралізаванае шоў, рыцарскія баі... Гэта прыцягне турыстаў. Вядома, выкліча незадавальненьне ў суседзяў, але, думаю, перажывуць.

Беларускі гісторык Сяргей Вітушка жыве ў Вільні. Вось ягоны назіраньні.

Вітушка: Ведаю, што на прыватным узроўні арганізоўваліся сьвяткаваньні каранацыі Міндоўга. У Крэўскім замку, у Наваградку з ініцыятывы грамадзкіх арганізацыяў, найперш летувіскіх. Беларусы маглі б таксама сьвяткаваць. Але не дасьпелі да гэтага, хоць у падручніках ёсьць. Не сутыкаецца акадэмічная навука з дзяржаўнай пазыцыяй. У Летуве кожны гістарычны факт выкарыстоўваецца напоўніцу. Культ Міндоўга, ВКЛ існаваў у савецкай Летуве ўсе гады. А ў савецкай Беларусі ўсё было наадварот. Летувіскія фэадалы захапілі беларускі народ. Беларускіх фэадалаў не было ў прынцыпе паводле іх канцэпцыі. Беларусь адчувае, што не дагнаць палякаў, летувісаў з іх гістарычнымі помнікамі, датамі, дык хоць дагонім і перагонім з лядовымі палацамі.

Варта дадаць, што падчас сьвяткаваньняў з нагоды каранацыі Міндоўга ў якасьці Дня дзяржавы Летувы ордэнам "За заслугі перад Летувой" быў адзначаны рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Анатоль Міхайлаў. Узнагароду ўручаў асабіста прэзідэнт Летувы Валдас Адамкус.

Спасылка

Видео