BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Меркаваньне экспэртаў: на мяжы разьмежаваньня

04.07.2008
Меркаваньне экспэртаў: на мяжы разьмежаваньня

На тэму транспамежнага супрацоўніцтва чыноўнікі гутараць ахвотна. Выглядае так, што ёсьць чым ганарыцца і асабліва няма чаго хаваць. Але, сыходзячы са сьцьверджаньня, што мяжы ўдасканаленьню няма, мы паспрабавалі прааналізаваць: а што магло б быць лепшым, каб Беларусь была бліжэй да Эўропы?  Меркаваньні экспэртаў eurobelarus.info. 


Транспамежнае супрацоўніцтва – найменш ідэалягізаванае

 Уладзімер Мацкевіч:

  - Па-першае, добраўпарадкаваньне памежных раёнаў у нашай краіне патрэбна, каб утрымаць тут людзей, асабліва маладых. Людзі, якія жывуць пры мяжы, часьцей бываюць у суседніх краінах, больш бачаць і разумеюць. І, каб яны не разьбегліся, межы прыходзіцца ўмацоўваць.
Па-другое, транспамежныя праекты - істотная матэрыяльная падтрымка для Беларус. На пачатку 90-гадоў  Беларусь з-за сваёй маруднасьці і непаваротлівасьці шмат прайграла ў канкурэнцыі за эўрапейскія праграмы. Напрыклад, я памятаю сытуацыю ў 1992-м годзе, калі Эўразьвяз выдаткаваў Польшчы грошы на добраўпарадкаваньне памежных пераходаў. Грошы выдзяляліся некалькімі траншамі і ў чарговы раз паўстала пытаньне, што Польшча яшчэ адзін пераход памежны ў бок усходу можа ўладкаваць. І быў тэндэр, патрэбны былі прапановы з боку Усходу – Літва, Беларусь і Калінінградзкая вобласьць канкурыравалі, каб атрымаць гэты пераход з Польшчай. Беларусь тады прайграла. А што  такое пераход? Гэта ж працоўныя месцы мытнікаў, супрацоўнікаў сэрвісу, гэта грошы, валюта і гэтак далей. 

Тады, наколькі я памятаю, выйграла Літва. Да канца 90-х гадоў беларускі рэжым разабраўся з выгодай гэткіх рэчаў. Ідэалёгія для беларускага рэжыму – гэта ж разьменная манэта. І, разабраўшыся, што гэта – грошы, выгода і гэтак далей, прайграваць мы сталі  значна меней.

Тацьцяна Вадалажская:

– Транспамежнае супрацоўніцтва базуецца найперш на тэхнічным добраўпарадкаваньні межаў. І гэта не патрабуе ад Беларусі ідэалягічных установак, зьменаў у каштоўнасьцях. Гэтае супрац оўніцтва пабудавана на агульных інтарэсах бясьпекі, супраціву кантрабандзе, гандлю людзьмі...

Андрэй Ягораў:

– Эўропа сапраўды ставіцца да гэтых пытаньняў вельмі прагматычна. Яна вельмі добра ведае, чаго хоча, калі наладжвае гэтак транспамежнае супрацоўніцтва. Мэты Эўропы ясныя, дакладна вызначаны і пры тым відавочна найбольш бясьпечныя для беларускага рэжыму ідэалягічна, – паводле ягонага самаадчуваньня. Гэта зусім іншае, чым праекты падтрымкі грамадзянскай супольнасьці. Апроч таго, выканальнікамі праграм транспамежнага супрацоўніцтва могуць быць выключна дзяржаўныя органы, памежныя камітэты і іншыя – цалкам падкантрольныя дзяржаве.

Межы нас абмяжоўваюць

Уладзімер Мацкевіч:

– Разьвіваць бізнэс турыстычны вельмі складана ў сёньняшніх умовах. Арганізаваць інвэстыцыі вельмі цяжка. Тыя раёны, якія маглі б быць лідэрамі ў разьвіцьці малага, сярэдняга бізнэсу, з-за палітыкі сёньняшняга рэжыму – церпяць заняпад. Церпяць нават параўнальна з савецкімі часамі. Узяць, для прыкладу, Гродна: у савецкія часы Гродна быў важным чыгуначным пунктам у перамяшчэньні ад Рыгі, Санкт-Пецярбургу, Вільнюса – на Варшаву.

Цяпер ён як буйны чыгуначны пункт – разбураны. З Гродна нельга выехаць цягніком у Эўропу. Трэба ехаць у Берасьце. Запушчаны аэрапорт. Практычна канечны пункт чыгункі. І вельмі занядбаны аўтобусны рух. І ўсё гэта – у горадзе, які заўсёды існаваў на памежжы, і заўсёды быў найбольш эўрапейскім горадам у Беларусі!!! Калісьці тралейбус паміж Горадняй і Друскенікамі зьбіраліся пусьціць. Друскенікі заўсёды былі прыгарадным курортам Горадні. А сёньня - з аднаго боку – Літва; зь іншага – Польшча; а Гродна –  занядбанае мястэчка!


Андрэй Ягораў:


– Закрытасьць нашых межаў выклікае складанасьці і на адміністрацыйным роўні. Дабірацца з Верхнядзьвінска ў Віцебск, адміністрацыйны цэнтар, – трэба паўтары дні. Калі праехаць праз Латвію, можна было б пасьпець за некалькі гадзін. Але паміж імі дзьве мяжы.

 Уладзімір Мацкевіч:

 – Аўгустоўскі канал, уся Берасьцейская вобласьць – гэта культавыя помнікі, у тым ліку і польскай гісторыі. Кожны аматар Міцкевіча і Баляслава Пруса, пачуў бы за гонар наведаць памятныя месцы, пазначаныя ў ягонай творчасьці і біяграфіі. Турызм быў бы плённым – там і раскручваць не прыйшлося маршруты для палякаў, якія зь дзяцінства ведаюць мясьціны “Сьвіцязянкі” і іншае. Магла б быць залатая жыла. Але – не. Пакуль што.

[email protected] Этот адрес e-mail защищен от спам-ботов. Чтобы увидеть его, у Вас должен быть включен Java-Script

 

Видео