BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Штамп на дэпартацыю: куды скардзіцца?

30.06.2008
Штамп на дэпартацыю: куды скардзіцца?

На сайт прыйшоў ліст ад чытача з даволі складаным пытаньнем: куды можна скардзіцца, калі пацярпеў з-за непаразуменьняў у візавых адносінах у самой шэнгенскай зоне?

Гісторыя чытача

Сяргей: "У траўні вяртаўся з Чэхіі. Ехаў дадому ў Менск на рэйсавым аўтобусе праз Польшчу. Пасьля перасячэньня Чэшска-Польскай мяжы нас прыпыніў патруль польскіх памежнікаў. Зайшлі, сабралі пашпарты на праверку. Пасьля мне і яшчэ двум грамадзянам Беларусі пашпарты не аддалі ­ у нас знайшліся праблемы з візамі.  Аказалася, што ў палякаў зусім нядаўна выйшаў новы закон, паводле якога я са сваёй 61-й D зялёнай візай ужо не магу, як раней, адзін раз перасекчы польскую тэрыторыю, калі еду ў Чэшскую Рэспубліку і адзін раз – калі еду дадому. Можна толькі аднойчы – калі еду ў Чэхію. А каб вярнуцца з Чэхіі праз Польшу, трэба зьвяртацца ў польскае консульства па транзітную візу. Так што фармулёўка прычыны нашага затрыманьня такая: "неабаснаванае знаходжаньне на тэрыторыі Польскай Рэспублікі".

Сяргей, а разам зь ім яшчэ хлопец і дзяўчына правялі ў камэрах ноч. Зранку суд вырашыў:  дэпартаваць з Польшы ў Чэхію; адмовіць ва ўездзе ў  Польшчу на тры гады; аштрафаваць на суму, эквівалентную 50 далярам. Беларусаў адпусьцілі. "Згарэлі" квіткі на аўтобус, наперадзе была дарога ў чыстым полі – разам з праблемай, як вярнуцца ў Прагу.

Сяргей: «Я, канешне, разумею, што дзеяньні польскага боку былі правамерныя і палякі спрацавалі па літары закону. Але й я с мае таварышы напярэдадні паездкі запытвалі і чэскае і беларускае консульствы, ці даюць візы права на двукратнае перасячэньне тэрыторыі Польшчы ўжо пасьля выхаду новага палажэньня. Усім казалі, што праблемаў ня будзе. Мы пацярпелі, але самае горшае наступства – тое, што ў нас, хутчэй за ўсё, будуць потым праблемы  з атрыманьнем ці прадленьнем шэнгенскіх візаў. І мне хацелася б даведацца, куды можна скардзіцца на дзеяньні польскіх, чэскіх і эўрапейскіх дыпляматычных структураў?" 

МЗС: два варыянты

Мы затэлефанавалі ў Міністэрства замежных справаў наконт праблемы Сяргея. Там адказалі: палякі паступілі па правілах, гэта відавочна. Скардзіцца тут будзе цяжка. Можна паспрабаваць зьвярнуцца ў Эўрапейскую камісію ці Страсбурскі суд. 

Эўракамісія: гэта не зусім у нашай кампэтэнцыі

Наступны зварот даслалі ў беларускае прадстаўніцтва Эўракамісіі. І атрымалі адказ: візавыя пытаньні не ўваходзяць у сфэру дзейнасьці Прадстаўніцтва. Выдача віз знаходзіцца ў кампэтэнцыі нацыянальных амбасадаў краін-удзельнікаў Эўрапейскага зьвязу. "Магчыма, Вам трэба адрасаваць вашыя пытаньні непасрэдна дыпляматычным прадстаўніцтвам краінаў, на тэрыторыі (мяжы) якіх мелі месца быць апісаныя падзеі."

Трэба мець наўывзе, што адказ мясцовага прадстаўніцтва – гэта адказ прадстаўніцтва ўласна за сябе. Але не за ўсю Эўракамісію. Магчыма, Сяргею варта праінфармаваць аб здарэньні Брусэльскі офіс – Камісію па зьнешнім адносінам ды Эўрапейскай палітыцы суседства.

Эўрапейскі жа суд па правах чалавека, які з-за месца знаходжаньня называецца Страсбурскім, можа прыняць іск грамадзяніна Беларусі на любую з 46 краінаў, якія ўваходзяць у Савет Эўропы.

Камэнтар да пытаньня - Гарры Паганяйлы, старшыні юрыдычнай камісіі “Беларускага Хэльсінскага Камітэту”: 

Калі польскі бок не парушыў польскія ж законы, то і спрачацца непрадуктыўна. Кепскі закон, але ён закон. Канешне, калі самі нарматыўныя дакумэнты ствараюць непрыемнасьці для даволі вялікай колькасьці людзей, можна зьвярнуцца да польскіх дэпутатаў з прапановай перагледзець свае рашэньне і зьмяніць закон.

У якіх выпадках можна беларусу зьвяртацца ў Страсбурскі суд па правах чалавека?

Калі правы парушаюцца на тэрыторыі краіны, якая ўваходзіць у Савет Эўропы. Польшча, зразумела, падпадае пад юрысдыкцыю Страсбурскага суду.  Але зварот у Страсбурскі суд магчымы, калі беларус ужо прайшоў усю сістэму нацыянальных судоў у самой Польшчы і не задаволены іх рашэньнем.

Ірына Осіпава

[email protected] 

 

Видео