BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

У Эўропе пачынаюць абмяркоўваць “візавае пытаньне”

29.06.2008
У Эўропе пачынаюць абмяркоўваць “візавае пытаньне”

Старшыня камісіі па палітычных пытаньнях Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні выступіў у Радзе Эўропы з ініцыятываю па зьніжэньні коштаў шэнгенскіх візаў і спрашчэньні візавых працэдураў для грамадзян Беларусі.

Андрэа Рыгоні выдаў адмысловую дэклярацыю, у якой адзначаецца, што высокія кошты візаў – 60 эўра, а таксама складаныя бюракратычныя працэдуры для іх атрыманьня радыкальна абмяжоўваюць кантакты беларусаў з краінамі аб’яднанай Эўропы. Таму Андрэа Рыгоні зьвярнуўся да парлямэнтароў з краінаў Эўразьвязу з просьбаю разглядзець пытаньне візаў для беларусаў у сваіх нацыянальных парлямэнтах.

Вольга Стужынская, кіраўнік “Офіса за дэмакратычную Беларусь” у Брусэлі распавяла Польскаму Радыё, што падобная ініцыятыва па зьніжэньні коштаў візаў для Беларусі зьявіліся ў Эўрапарлямэнце ў лютым гэтага году. Але тады прапанова дэпутатаў сацыялістычнай фракцыі не набрала неабходнай колькасьці галасоў.

Цяперашнюю кампанію спадара Рыгоні можна разглядаць як працяг працэсу, які распачаўся ў лютым гэтага году.

Спадарыня Стужынская падкрэсьліла, што ПАРЭ не прымае рашэньняў аб коштах візаў. Гэтае пытаньне вырашае Эрапейсая Камісія. Аднак ужо сам пачатак дыскусіі ў Эропе па гэтым пытаньні – добры знак.

В. Стужынская: Гэта не ўваходзіць у функцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Але такой дэклярацыяй можна заклікаць структуры Эўразьвязу ды краіны Эўрапейскай супольнасьці перагледзець візавае пытаньне. Чакаць таго, што сытуацыя зьменіцца вельмі хутка, ня трэба, таму што праблема гэта, сапраўды, вельмі складаная й можа быць вырашана толькі праз перамовы зь беларускімі ўладамі. Аднак вельмі добра, што гэтае пытаньне пачало абмяркоўвацца на такіх форумах, як ПАРЭ.

Палітоляг Андрэй Ляховіч лічыць спрашчэньне візавых працэдураў неабходнай умовай для дэмакратызацыі Беларусі. Абмежаваньне кантактаў з Эўропай пасьля ўваходжаньня Польшчы й прыбалтыйскіх краінаў у шэнгенскую зону прывяло да ўзмацненьня ўздзеяньня на людзей антызаходняй прапаганды.

Павышэньне ўвагі краінаў Эўразьвязу да сваіх усходніх суседзяў спадар Ляховіч лічыць зьявай натуральнай.

А. Ляховіч: Эўрапейская прастора становіцца ў палітычным сэнсе больш зынтэграванай. Напрыклад, нядаўна Босьнія падпісала базавую дамову з Эўразьвязам, што адкрывае для гэтай краіны шлях да далучэньня да ЭЗ. Гэта адзіная краіна на Балканах за выключэньнем Косава, якая да гэтага часу ня мела пагадненья з Эўрапейскай супольнасьцю. У красавіку такую дамову падпісала Сэрбія. Абсалютна натуральна тое, што позірк Эўропы цяпер скіроўваецца на Ўсход – у бок Украіны й Беларусі.

Кіраўнік “Офіса за дэмакратычную Беларусь” у Брусэлі Вольга Стужынская лічыць дыскусію над спрашчэньнем візавых працэдураў прыкметай таго, што Эўропа ў чарговы раз хоча распачаць дыялёг з беларускімі ўладамі.

В. Стужынская: Эўразьвяз спрабаваў выкарыстаць усе магчымыя шляхі ўзьдзеяньня на Беларусь: частковая ізаляцыя, выдаленьне з генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў, палітычныя санкцыі ў выглядзе забароны ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу некаторых беларускіх чыноўнікаў. Спрабавалі ўсё, што можна. Таму дадзеная спроба дыялёгу – гэта спроба выйсьці з сёньняшняй тупіковай сытуацыі.

Аднак, на думку спадарыні Стужынскай, супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і Беларусьсю будзе немагчымае, калі беларускія ўлады ня пойдуць на мінімальныя саступкі, якія датычаць вызваленьня палітзняволеных і правядзеньня парлямэнцкіх выбараў.

Спасылка 

 

Видео