BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Мілінкевіч прапануе Эўропе плян супрацоўніцтва зь Беларусьсю

29.06.2008
Мілінкевіч прапануе Эўропе плян супрацоўніцтва зь Беларусьсю
На прадстаўнічай міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва, Аляксандар Мілінкевіч выступіў з ініцыятывай распрацоўкі пакрокавай стратэгіі, мэтай якой зьяўляецца наладжваньне супрацоўніцтва Беларусі з Эўразьвязам.

Канфэрэнцыя “Супольны падыход да суседзяў”, прысьвечаная палітыцы добрасуседзтва ЭЗ сабрала ў падваршаўскім Натоліне больш за сто высокіх дыпляматаў, прадстаўнікоў урадаў, парлямэнтароў з дзяржаў Эўрапейскай Супольнасьці ды суседніх з Эўразьвязам краінаў, а таксама  навукоцаў зь вядучых дасьледчых цэнтраў Бэрліну, Парыжу, Лёндана, Сафіі, Прагі, Варшавы. Аляксандар Мілінкевіч у сваім выступе падчас канфэрэнцыі апісаў сучасны стан узаемаадносінаў Рэспублікі Беларусь з Эўрапейскім Зьвязам, Расеяй ды ЗША.
Беларускі палітык падкрэсьліў, што ў апошнія гады беларуска-расейскія стасункі значна зьмяніліся. Пачынаючы з 2006 году Расея павышае цэны газу для Беларусі да ўзроўню сусьветных, а ўзамен дае крэдыты. Гэта прыводзіць да хуткага росту запазычанасьці перад Масквой. “Фінансавая залежнасьць ад Расеі можа хутка перарасьці ў залежнасьць палітычную, у страту сувэрэнітэту Беларусі,” – падкрэсьліў Аляксандар Мілінкевіч.

Лідар руху “За Свабоду!” заклікаў прадстаўнікоў эўрапейскіх краінаў ня ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі. 

А. Мілінкевіч: Калі Эўразьвяз пойдзе за прыкладам Злучаных Штатаў і ўвядзе жорсткія эканамічныя санкцыі, то ў выніку татальнага эканамічнага крызісу ўлада ў Беларусі можа памяняцца. Але ў такім выпадку мы можам страціць нашую незалежнасьць, бо Расея адразу выкарыстае гэтую сытуацыю.
Калі я змагаюся за перамены на Радзіме й падказваю нашым суседзям, як будаваць стасункі з Беларусьсю, я думаю перш за ўсё пра разьвіцьце нашай краіны й пашырэньне свабоды ў ёй. Але ня трэба забываць, што, змагаючыся з дыктатурай, можна разбурыць дзяржаву. Палітыка ў дачыненьні да Беларусі патрабуе большай разважлівасьці. 

Аляксандар Мілінкевіч запрапанаваў краінам Эўразьвязу пашырыць супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Разьвівацца яно, на думку палітыка, павінна ў двух напрамках: па-першае пашырэньне кантактаў зь грамадзянскай супольнасьцю, па-другое пашырэньне супрацоўніцтва зь дзяржавай, якое павінна адбывацца пры выкананьні ўладамі канкрэтных умоваў.

Аляксандар Мілінкевіч запрапанаваў экспэртам з краінаў Эўразьвязу выпрцаваць стратэгію малых крокаў, свайго роду “дарожную карту” для пашырэньня кантактаў зь беларускімі ўладамі. За канкрэтнымі малымі крокамі з боку Лукашэнкі павінныя ісьці канкрэтныя малыя крокі з боку Эўразьвязу.  Некаторыя беларускія палітыкі лічаць, што ад такога супрацоўніцтва выграе толькі кіраўнік Беларусі, называюць такую тактыку здрадай ідэалам. Аляксандар Мілінкевіч, аднак, прытрымліваецца іншага погляду. Сваю прапанову ён называе маральнай і рэалістычнай.

А. Мілінкевіч: Калі гаворка ідзе пра лёсы людзей, якія сядзяць у турме, я готовы заплаціць вялікую цану за тое, каб яны апынуліся на свабодзе. Гэтай цаной можа быць падтрымка рэформаў беларускай эканоміцы, якія патрэбныя, зразумела, уладзе, але перш за ўсё патрэбныя людзям, якія жывуць на Беларусі. Я ніколі не прытрымліваўся прынцыпу “чым горш – тым лепш”. Можна зьнішчыць рэжым коштам зьнішчэньня эканомікі. Але што далей? Хто ад гэтага выграе? Людзі ад гэтага нічога не атрымаюць. Выграе толькі Расея, якая будзе мець значна большыя мажлівасьці, каб зрабіць зь Беларусі свой пратэктарат. Ніхто не зьбірацца даваць грошы на тое, каб рэжым фінансаваў сілавыя структуры. Гэтыя грошы – мэтавыя і павінныя ісьці на рэформы, якія патрэбныя ўсім. 
 
“Дарожная карта” пашырэньня кантактаў зь Беларусьсю, на думку лідара руху “За Свабоду!”, павінна грунтавацца на 12 умовх дэмакратызацыі, якія былі запрапанаваныя Эўразьвязам раней.

А. Мілінкевіч: Былі 12 умоваў. Калі б улада рэалізавала іх усе – то павінная была б “пайсьці на пэнсію”. Зразумела, што яна гэтага ня хоча. 12 умоваў былі маральнай прапановай, але, нажаль, немажлівай да выкананьня. Таму з гэтага сьпісу трэба выбраць спачатку некалькі ўмоваў, потым – наступныя, і па кроках іх рэалізаваць. Гэтыя этапы павінныя быць апісаныя ў “дарожнай карце”.  Я думаю, што беларуская ўлада зацікаўлена ў тым, каб умацаваць эканоміку, але ня мае даверу да Захаду, думае, што Захад хоча яе падмануць. Таму патрэбныя малыя крокі, каб упэўніцца, што абодва бакі выконваюць свае абавязкі. Перакананы, што ад гэтага выграе беларускі народ, а гэта – галоўнае. 

Пачаць супрацоўніцтва, на думку Аляксандра Мілінкевіча, можна будзе пасьля вызваленьня палітвязьняў. Крокам, які зробіць ў адказ Эўразьвяз,  можа быць адмена забароны на ўезд беларускім чыноўнікам.

У расейскай прэсе рост зацікаўленасьці Беларусьсю з боку краінаў Эўразьвязу назвалі спробай “вырваць Беларусь з рук Масквы”. Марыюш Машкевіч, дырэктар Дэпартамэнту ўсходняй палітыкі польскага МЗС,  называе такі спосаб мысьленьня глыбока памылковым:

М.Машкевіч: Нашай мэтай, сапраўды, не зьяўляецца ні барацьба з Лукашэнкам ні, тым больш, распальваньне нацыянальнай варожасьці ў Беларусі. Мы жадаем, каб беларускае грамадзтва набліжалася да Эўропы, каб у краіне адбыліся палітычныя й эканамічныя рэформы. Прыклад Беларусі ды Ўкраіны паказвае, што суіснаваньне розных культураў не павінна прыводзіць да канфліктаў. Распальваньне варожасьці – самая горшая зь бедаў, якіх трэба пазьбягаць.

Спэцыяліст польскага Цэнтру усходніх дасьледваньняў Марцін Качмарскі лічыць, што ініцыятыва Аляксандра Мілінкевіча можа мець шанцы на посьпех. Але ўсе бакі павінныя ўсьвядоміць, што хуткай дэмакратызацыі Беларусі яна не прынясе.

М.Качмарскі: Эўразьвяз можа запрапанаваць Беларусі эканамічныя выгады. Думаю, што ўлады ахвотна скарысталіся б з такіх прапановаў, бо беларуская эканоміка калі-небудзь павінна будзе пачаць рэфармавацца. Эўрапейскія канцэрны зацікаўленыя ў тым, каб увайсьці на новы рынак. Улады Эўразьвязу могуць гэтаму паспрыяць.

Ня трэба разьлічваць, што Лукашэнка скарыстаецца з прапановаў Эўразьвязу, каб пазьней аддаць уладу. Ён, наадварот, выкарыстае новыя эканамічныя выгады для таго, каб застацца пры ўладзе яшчэ даўжэй, каб пры дапамозе Эўропы, на прыклад, перажыць эканамічны крызіс, што набліжаецца. Пакрокавая стратэгія не прынясе зьменаў улады на Беларусі, яна можа толькі зьмякчыць рэжым.
Застанецца толькі чакаць, што ўлада будзе зьменена альбо грамадзянскім рухам, альбо самі ўладныя эліты вырашаць, што карысьней супрацоўнічаць з Эўропай і пачнуць дэмакратызаваць сыстэму. 

Пакуль што плян пакрокавай пабудовы стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю зьяўляенцца толькі цікавай ідэяй. Для таго, каб агучаная спрадаром Мілінквічам ініцыятыва перарасла ў канкрэтны праект, патрэбная воля ўрадаў краін Эўразьвязу і, натуральна, воля кіраўніцтва самой Беларусі.

Спасылка

Видео