BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Дзе хаваюцца беларускія зялёныя?

19.06.2008
Дзе хаваюцца беларускія зялёныя?

Напачатку дзевяностых у краіне пачаўся маштабны зялёны рух. Зараз галасоў беларускіх эколягаў не чуваць. Не таму, што так добра ў краіне стала з экалёгіяй, наадварот, кожны дылетант можа лёгка пералічыць з дзесятак праблемаў. Дык што здарылася з экалягічным рухам?  

 

Жыцьцё пад каўпаком, дзе дрэнная атмасфэра 

На тэму “экалягічнай  цішыні” разважае  вядомы эколяг, старшыня Экалягічнага Саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка: 

– На маю думку грамадзкія эколягі могуць працаваць толькі з падтрымкай і нейкім разуменьнем з боку дзяржаўных органаў. Нядаўна закрылася аддзяленьне Экалягічнага Саюзу “Чарнобыль”у Лідзе. Яго актывісты два гады спрабавалі дамовіцца з уладамі аб падтрымцы і так яе й не атрымалі. Дайшло да таго, што не было чым аплочваць арэнду.

У іншых краінах, – эўрапейскіх, ЗША, грамадзкім арганізацыям аказваецца грашовая падтрымка, нават ёсьць адпаведны падатак на разьвіцьцё грамадзкіх аб’яднаньняў. Бо грамадзкі кантроль – самы эфэктыўны, а ў галіне экалёгіі – абсалютна неабходны.

У нас жа падтрымліваюцца толькі тыя суполкі, што не крытыкуюць уладу – а да такіх эколягі не могуць адносіцца ніяк. За апошнія гады зачынена шмат экалягічных арганізацый.

У 1990-х усё было інакш. Міністэрства экалёгіі і аховы асяродзьдзя працавала разам з намі, фінансавала нават нашу газэту – “Набат”, нашыя аддзяленьні займаліся аздараўленьнем дзяцей, мелі свой санаторый, атрымлівалі гуманітарную дапамогу. А цяпер у нас аздараўленьнем займаецца толькі адно аддзяленьне, і тое з цяжкасьцю. Нібыта праблема наступстваў катастрофы ўжо канчаткова вырашаная…

Зараз уся грамадзянская супольнасьць пад каўпаком, і пад гэтым каўпаком атмасфэра вельмі неспрыяльная. 

А ці ёсьць у Вас спадзяваньні на Эўрапейскую супольнасьць?

  У нашай краіне спэцыфічны клімат, і спэцыфічныя абмежаваньні, што сто разоў падумаеш, ці браць дапамогу. Калі ёсць грашовая дапамога, то трэба прайсьці праз такія пакуты, афармляючы яе, што нічога не захочаш. І гэткіх рагатак шмат. Які тут аптымізм можа быць… Я гляджу на сытуацыю, ведаючы ўсе небясьпекі,  пагрозы й абмежаваньні – і не бачу сьвету пры канцы танэля.  

Няма голасу ў зялёных – у людзей пачынаюцца фобіі

Валер Дранчук, выдавец газэты “Белавежская пушча” (1995-2002), кіраўнік грамадзкай экалягічнай ініцыятывы “Terra Канвэнцыя” з папярэднім суразмоўцам згодны. Але й мае што дадаць:

Апошняе дзесяцігодзьдзе прыдушала любую ініцыятыву. Зараз беларусы ўжо не адчуваюць сябе адказнымі за тое, што адбываецца з  краінай увогуле і з экалёгіяй у прыватнасьці. Увесь сацыяльны, грамадзкі  рух пачаў успрымацца ўладай як пагроза. І экалягічны быў прыроўнены да дэструктыўных. Зараз у крымінальным кодэксе ёсьць пункт, па якім  людзей могуць асудзіць за тое, што яны, напрыклад, пасадзілі дрэва на тым месцы, дзе яго спілавала ўлада.  Бо гэта несанкцыянаваная акцыя.

Любая грамадзкая ініцыятыва так старанна выціскалася, што зараз папросту няма голасу зялёных. Пры тым, што чуваць галасы насельніцтва, якое раптам адчула небясьпеку. Гэта голас фобіяў, і звычайна не безпадстаўных.

Не трэба далёка хадзіць за прыкладамі – дастаткова прыпомніць сітуацыю ў пасёлку Дружны, дзе расіяне пачалі будаваць завод па вытворчасьці пэстыцыдаў. Мясцовыя жыхары выйшлі пратэставаць. Пакуль будаўніцтва прыпынена. Але ж дагэтуль не было ніякага экалягічнага зандажу! Два гады рапрацоўвалася дакумэнтацыя да будаўніцтва, але ж ніхто пра гэта ня ведаў, пакуль не сталі ў людзей пад вокнамі экскаватары. Не зяленыя пачалі там ладзіць пікеты, як гэта павінна быць у цывілізаванай краіне. Ніхто з эколягаў людзей там не падтрымаў.

А зараз трэба хвалявацца, як бы не пачалося пагаршэньне сітуацыі. А яно сапраўды пачалося. Палі засыпаюцца пэстыцыдамі і нітратамі, ваду з калодзежаў у вёсках піць папросту небясьпечна. Але пра гэта ўсе маўчаць. У людзей няма доступу да статыстыкі, няма яго, зразумела, і ў зялёных. Да таго ж пачаўся наступ на гарадзкое зялёнае асяродзьдзе. Яно ўсё больш камэрцыялізуецца, кожны мэтар каштуе вялікіх грошай. Севастопальскі парк  -- з аднаго боку будаўніцтва храму, з другога плянуюць зрабіць нейкую стаянку  й кафэ.

Рэакцыя чуем эпізадычныя  пратэсты тых, у каго бліз жыльля робіцца нейкае экалягічнае злачынства. Нарастаюць фобіі. Чутна людзей. А вось галасоў зяленых, якія працуюць з такімі праблемамі, не чуваць. Бо іх папросту няма. Я не магу назваць ніводнай дзейнай арганізацыі, якая можа падтрымаць насельніцтва.  

Эколягам трэба лідэр

Як павінна выглядаць сітуацыя ў Беларусі ў ідэале?

Зялёны рух павінен быць структурызаваны – цэнтар у сталіцы, аддзелы ў рэгіёнах, з адсочваньнем сытуацыі па ўсёй рэспубліцы. Толькі такі рух можна назваць зялёным. Пакуль яго няма, немагчыма разьлічваць на паляпшэньне ў экалёгіі. І тут патрэбны нейкі лідар, які здолее наладзіць структуру.

І трэба зноў – фінансавая падтрымка Эўрапейскай супольнасьці. Бо каб эколягі працавалі ў рэгіёнах, ім трэба мець самае простае, на што там няма дзе ўзяць сродкі: кампутары, інтэрнэт, фотаапараты, самае простае  абсталяваньне… Неабходны ўсеагульны эказандаж – бо экалягічныя праблемы, якія ўзьнікаюць зараз, не расхлябаюць потым і ўнукі… 

Натальля Шарай

[email protected]

Видео