BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Орхуская канвэнцыя: ці мае юрыдычная сіла ўплыў?

17.06.2008
Орхуская канвэнцыя: ці мае юрыдычная сіла ўплыў?

Эўрапейская эканамічная камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 25 чэрвеня 1998 года у дацкім горадзе Орхусе прыняла Канвэнцыю аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадзкасьці ў працэсе прыняцьця рашэньняў і доступе да правасудзьдзя па пытаньнях, што тычацца аховы навакольнага асяродзьдзя. У Беларусі Орхуская канвэнцыя ўступіла ў сілу 30 кастрычніка 2001 года. Чым ёсьць яна сёньня для краіны і ці працуе на інфармаванасьць людзей у сэктары навакольнага асяродзьдзя?

Орхуская канвэнцыя – гэта міжнародная дамова, якая аб’ядноўвае экалягічныя і агульначалавечыя правы. Гэта дамова сьведчыць: устойлівае разьвіцьцё дзяржавы можа быць дасягнута толькі праз прыцягненьне ўсіх зацікаўленых бакоў, уключна з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і грамадзкасьці. Галоўным палажэньнем канвэнцыі зьяўляецца ўзаемадзеяньне паміж грамадзкасьцю і дзяржаўнымі органамі ў дэмакратычным кантэксьце.

Тры пастулаты Орхускай канвэнцыі

Орхуская Канвэнцыя прадстаўляе грамадзянам шырокія правы і ўскладае пэўныя абавязкі на дзяржаўныя органы ў галіне забесьпячэньня доступу да экалягічнай інфармацыі і ўдзелу грамадзкасьці ў прыняцьці значных рашэньняў. Канвэнцыя забясьпечвае таксама і доступ да правасудзьдзя. Гэтыя палажэньні складаюць так званыя тры пастулаты Орхускай канвэнцыі.

Мэта Канвэнцыі – “абарона права кожнага чалавека жыць у навакольным асяродзьдзі, спрыяльным для яго здароўя і дабрабыту”. Згодна з Канвэнцыяй, дзяржаўныя органы павінны прадстаўляць грамадзкасьці ў межах нацыянальнага заканадаўства экалягічную інфармацыю, пры наяўнасьці запыту – і копіі фактычнай дакумэнтацыі. Інфармацыя павінна прадстаўляцца ў максымальна кароткія тэрміны (але не пазьней за месяц пасьля патрабаваньня).

Рэспубліка Беларусь падпісала Орхускую канвэнцыю 16 сьнежня 1998 года, яна была зацьверджана Ўказам прэзыдэнта №726 14 сьнежня 1999 года, а ўступіла ў сілу толькі 30 кастрычніка 2001 года. Зараз да Канвэнцыі далучылася 41 краіна сьвету.

У Беларусі ёсьць свой Орхускі цэнтар. Створаны ён быў 30 сьнежня 2005 года. Гэта сумесны праект Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя і Офісу АБСЭ ў Менску. Пакуль штат невялікі – кіраўнік офісу і юрыст, але ў бліжэйшым будучым штат павялічыцца. У працоўныя дні працуе “гарачая лінія” – 334 67 11.

Народ павінен ведаць

За 3 гады існаваньня колькасьць зваротаў у Цэнтар павялічылася ў 2,5 разы.

І калі грамадзкасьць дзейнічае актыўна і настойліва, афіцыйным органам даводзіцца рэагаваць на скаргі, звароты, патрабаваньні даць інфармацыю. 

Кіраўнік Цэнтру Вольга Захарава кажа, што спэктар інтарэсаў народа, які зьвяртаецца ў цэнтар, вельмі шырокі: ад прававых кансультацыяў, паведамленьняў пра парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства да канкрэтных скаргаў. За 5 месяцаў 2008 года цэнтар пракансультаваў 219 грамадзянаў і арганізацыяў.

Найбольш частыя звароты па Менску – гэта занепакоенасьць шкоднымі выкідамі з радыятарнага завода і зьнішчэньне зялёнай зоны, вырубка ў сталіцы дрэваў.

Прававой практыкі, зваротаў у суд пакуль няшмат -- беларуская грамадзкасьць мала ведае пра свае экалягічныя правы. Адукоўваць трэба і дзяржаўных служачых, якія часьцяком ня ведаюць сваіх абавязкаў інфармаваць людзей. Да таго ж, каб зьвярнуцца ў суд, трэба аплаціць пошліну, не ў кожнага ёсьць на гэта сродкі. Але ёсьць і сьвежыя станоўчыя прыклады, калі грамадзкасьць многага дамагаецца.

Генэральная пракуратура вынесла расейскай фірме папярэджаньне

У Пухавіцкім раёне расейская прыватная кампанія “Август-Бел” распачынае будаўніцтва заводу па вытворчасьці пэстыцыдаў. Супраць будаўніцтва заводу пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры і іншых паселішчаў. Яны ня вераць у праўдзівасьць афіцыйных заяваў і высноў дзяржаўных экспэртаў, і дамагаюцца незалежнай экалягічнай экспэртызы і мясцовага рэфэрэндуму пра мэтазгоднасьць будаўніцтва шкоднай вытворчасьці. “Аўгуст-Бел” сьцьвярджае, што неабходныя дакумэнты на будаўніцтва атрыманыя і ўжо вядзецца набор працоўнага пэрсаналу. Грамадзкасьць накіравала прэзыдэнту краіны Аляксандру Лукашэнку 6 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу і скаргу ў Генэральную пракуратуру.

28 траўня Генэральная пракуратура адрэагавала на калектыўную скаргу жыхароў пасёлкаў Дружны і Сьвіслач Пухавіцкага раёну, якія напісалі, што пры плянаваньні будаўніцтва заводу па вытворчасьці ядахімікатаў была парушана Орхуская канвэнцыя аб доступе да інфармацыі і ўдзеле грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньняў.

Пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне кіраўніку закрытага акцыянэрнага таварыства “Аўгуст-Бел” аб недапушчальнасьці парушэньня закону. Кіраўнік прэсавай службы Генэральнай пракуратуры Генадзь Вярцінскі патлумачыў: “Заказчык праекту ня выканаў некаторыя свае абавязкі, у прыватнасьці, “забесьпячэньне доступу грамадзкасьці ў працэсе ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. Але тут не ідзе гаворка пра тое, што гэтае ўзьдзеяньне ў абавязковым парадку носіць нэгатыўны альбо пазытыўны характар. Проста інфармацыя павінна быць даступна”.

На думку кіраўніка ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў Сяргея Абразоўскага, гэта не зусім той дакумэнт, які павінна была прыняць пракуратура. На яго думку, пракуратура павінна была накіраваць камісію зь юрыстаў, якія правераць дакумэнтацыю, а таксама незалежную экалягічную экспэртызу.

У Бярозе грамадзкасьць дамаглася спыненьня “Франдэсы”

У студзені ў Бярозе адбыліся грамадзкія слуханьні пра вытворчасьць пэстыцыдаў на замежным прадпрыемстве «Франдэса», якое ў 2007 годзе стала рэкардсмэнам у Берасьцейскай вобласьці па выкідзе забруджвальных рэчываў ад стацыянарных крыніц. Ініцыятары збору подпісаў супраць «Франдэсы» шмат чаго дамагліся: прыцягнулі пільную ўвагу дзяржаўных установаў, дамагліся прыпыненьня вытворчасьці на прадпрыемстве, пакуль ня будзе завершаная яго экалягічная экспэртыза. Але ізраільскі бізнэсовец Б.Фрыцаліс плянуе будаўніцтва другой чаргі вытворчасьці.

Ці будзе рэспубліканскі рэфэрэндум па будаўніцтву АЭС?

Зараз актыўна працуе так званая Антыядзерная група ў Горацкім раёне – грамадзкасьць выступае супраць будаўніцтва АЭЗ, зьбірае подпісы. Паводле словаў дырэктара беларускага прадстаўніцтва экалягічнага фонду ІСАР Алены Лаеўскай, пакуль яшчэ не выпрацаваная адзіная пазыцыя Мінпрыроды і незалежных экспэртаў адносна ўдзелу грамадзкасьці ў прыняцьці рашэньня пра будаўніцтва АЭС. “Паколькі рашэньне пра будаўніцтва АЭС закранае ўсё насельніцтва Беларусі, то ў адпаведнасьці з Орхускай канвэнцыяй неабходна правесьці рэспубліканскі рэфэрэндум”, лічыць спадарыня Лаеўская. Экспэрт зьбіраецца зьвярнуцца ў сакратарыят Орхускай канвэнцыі па тлумачэньне ў гэтым пытаньні. 

11 – 12 чэрвеня прадстаўнікі Беларусі бралі ўдзел у трэцяй нарадзе бакоў Орхускай канвэнцыі. У складзе дэлегацыі былі незалежны экспэрт па Орхускай канвэнцыі Ірына Белая, дырэктар беларускага прадстаўніцтва экалягічнага фонду ІСАР Алена Лаеўская і дырэктар Орхускага цэнтру Вольга Захарава. Беларусь прадставіла нацыянальны даклад аб выкананьні Орхускай канвэнцыі. 

Людміла Корсак

[email protected]

 

Видео