BE RU EN
rss facebook twitter
rss facebook twitter

Каму віза Шэнген, каму нацыянальная?

17.06.2008
Каму віза Шэнген, каму нацыянальная?
Тыдзень таму мы займаліся пытаньнем чэргаў перад польскімі консульствамі ў Беларусі. Генэральныя консулы Адам Бэрнатовіч у Горадні й Яраслаў Ксёнжэк у Берасьці, а таксама прэс-сакратар польскай амбасады ў Менску ня кажуць, што няма такой праблемы. Наяўнасьць чэргаў яны тлумачылі ростам зацікаўленьня замежнымі выездамі ў сувязі з надыходам лета ды абмежаванымі кадравымі магчымасьцямі консульстваў. Кіраўнікі польскіх консульстваў, хаця ведаюць пра грамадзкія чэргі пад дыппрадстаўніцтвамі, то ня могуць і ня хочуць браць за іх адказнасьці. Бо гэта грамадзкая ініцыятыва.

Цяпер мы вырашылі высьвятліць іншае пытаньне. Грамадзяне Беларусі не разумеюць прынцыпаў выдачы візы Шэнген і нацыянальнай польскай. Бывае, што чалавек, які просіць візу Шэнген, атрымлівае нацыянальную польскую, а бывае й наадварот - таму, хто хоча зьезьдзіць толькі ў Польшчу, консулы прапаноўваюць візу Шэнген. Другі варыянт больш складаны, бо каштуе даражэй. За візу Шэнген  трэба заплаціць амаль у два разы больш, а й страхоўка таксама даражэйшая. У такіх выпадках многія перадумваюць і ня едуць у Польшчу.

Моніка Садкоўска, прэс-сакратар польскай амбасады ў Менску, падкрэсьлівае, што кожная візавая анкета разглядаецца адзьдзельна й пры выдачы візы мае значэньне, ці грамадзянін Беларусі ўпершыню зьвяртаецца па візу Шэнген, бо ў такім выпадку яна заўсёды будзе кароткатэрміновай.

М.Садкоўска: Калі грамадзянін мае запрашэньне на больш доўгі тэрмін - на больш, чым 90 дзён і гэта абгрунтаваныя шматразовыя паездкі ў Польшчу, то напэўна атрымае нацыянальную візу. А да 90 дзён атрымлівае візу Шэнген. Кожная анкета разглядаецца ў індывідуальным парадку.

Генэральны консул у Горадні Адам Бэрнатовіч тлумачыць, што від візы залежыць ад далучаных да анкеты дакумэнтаў.

А. Бэрнатовіч: Ёсьць кароткатэрміновая віза Шэнген, якая дзейнічае да трох месяцаў і нацыянальная віза, тэрмін дзеяньня якой даўжэйшы, чым візы Шэнген. У залежнасьці ад абгрунтаваньня консул прымае рашэньне, якую візу можна выдаць.

Гарадзенскі генэральны консул разьвеяў нашыя падазрэньні, што, магчыма, Эўразьвяз вызначае краінам-сябрам пэўныя ліміты выдачы візаў Шэнген і нацыянальных.

А. Бэрнатовіч: Няма такіх абавязкаў, а від візы вызначае тэрмін, у якім яна будзе дзейнічаць. Нельга таксама папрасіць нацыянальную польскую візу на тры месяцы. Па правілах, да трох месяцаў дзейнасьці выдаецца кароткатэрміновая віза Шэнген на 90 дзён з правам перасячэньня мяжы цягам шасьці месяцаў.

Віза Шэнген каштуе даражэй, чым нацыянальная. У гэтым таксама віна часткова беларускага ўраду, які не дамовіўся з Эўразьвязам наконт паніжэньня коштаў візы Шэнген. Украінцы й расейцы плоцяць за яе 35 эўра. Гэта, натуральна, выгадней, чым беларусам, якім прыходзіцца выкладаць 60 эўра.
Консул Адам Бэрнатовіч разумее, што гэта сапраўды для грамадзян Беларусі дорага, але няма іншага выйсьця.

А. Бэрнатовіч: Я выбачаюся за гэтае параўнаньне, але гэта не рэстаран, дзе, калі па цане страва госьцю не адпавядае, то ён просіць больш танную. Мы мусім нашым рашэньнем падпарадкавацца тым катэгорыям і пэрыядам дзеяньня візаў, якія называюць правілы.

Моніка Садкоўска падкрэсьлівае, што праблема з выдачай візаў Шэнген замест нацыянальных для яе невядомая, паколькі ніякія скаргі ў гэтым пытаньні не паступаюць ні ў консульствы, ні да амбасадара. А каб высьвятляць якую-колечы праблему, мусіць быць пацьверджаньне, што праблема існуе.

М. Садкоўска: Асоба, якая сустрэлася зь якімі-небудзь парушэньнямі й мае прэтэнзіі па пытаньні візы, якую атрымала, можа падаць просьбу на перагляд справы. Можа напісаць ліст ў консульства з патрабаваньнем патлумачыць рашэньне, альбо паведаміць аб праблеме па электроннай пошце. Таксама, калі хтосьці адчувае, што зь ім няветліва абышліся, ён павінен паведаміць кіраўніка консульскага адзьдзяленьня, альбо напісаць ліст непасрэдна амбасадару.

Яланта Сьмялоўская

 

Видео